Як мядзведзь у словаў канчаткі пааб'еў

Aug 25, 2006 23:14


Tags: беларуская мова

Цытата з Плотнікаў Б.А., Антанюк Л.А. Беларуская мова: Лінгвістычны кампендыум. С.214. "Найбольш складанымі пры напісанні служаць канчаткі назоўнікаў мужчынскага роду адзіночнага ліку роднага і меснага склонаў. Пры іх выбары трэба кіравацца нарматыўнымі слоўнікамі беларускай мовы. Звычайна канчаткі -у (-ю) у родным склоне адзіночнага ліку маюць наступныя групы слоў з абагульненым значэннем: абстрактныя назоўнікі са значэннем прыкмет, прамежкаў часу, грамадскіх і палітычных фармацый, з'яў прыроды, захворванняў і інш.(параўн. блакіту, пералёту, болю, розуму, абшару, інтэрвалу, капіталізму, ветру, радыкуліту і да т.п.); рэчыўныя назоўнікі (параўн.: воску, тлушчу, клею, паркалю і да т.п.): назоўнікі са зборным значэннем (параўн.: натоўпу, бярэзніку, рою, утылю і да т.п.).
Гэтую фразу я ўзяў для ўзору (ці узора? ;))
Адкрыю ўсім сакрэт: ніякіх правілаў на гэтую тэму - "дакладных і да дробязяў апісаных" (як пажадаў быў booxter) - няма ў беларускай і ніколі не было. Фактычна ўсе спробы сфармуляваць правілы фундуюцца на ўжыванні: збіраюцца словы з канчаткам -у ў кучу :) і складальнік слоўніка альбо даведніка глядзіць, што ў іх падобнага. Амаль што пошук мнеманічнага прынцыпа (прынцыпу? :)).

Што да таго, што робіцца ў галаве носьбіта мовы, то я так скажу - гэта складаныя сувязі як семантычнага (падсвядомае групаванне словаў, блізкіх па значэнні, ў граматычна падобныя класы), так і фармальнага плану (групаванне на падставе фанетычнага падабенства), ды з трэцяга боку рэчы, заснаваныя на простым паўтарэнні прынятых ва ўжытку фразаў са словамі ў пэўных формах (фразеалагізмы, вершы, цытаты і г.д.).

Гэта была тэорыя.
У гэтым лінгвістычным пірагу мы ўжо даелі да праслойкі з гісторыяй.

Найноўшая гісторыя. Тут звычайна некаторыя беларусы пачынаюць казаць пра тое, як ў савецкі час амаль забаранялі ўжываць у-формы. Вядома, ніякага свядомага знішчэння граматычнай з'явы не было, але пад уплывам пашыраных у той час трасянкападобных тэкстаў доля гэтых формаў сапраўды памяншалася (што і замацоўвалася на ўзроўні кадыфікацыі). Зараз жа ёсць пэўная тэндэнцыя рабіць канчатак -у сімвалам беларускасці (ну любяць у нас зрабціь з нечага сімвал!) і і ў тых, хто ў пытанне не паглыбляўся (напр.: "Для мяне сама любы варыянт з канчаткам -у-,нават беларускія мовазнаўцы 20-30х адзначалі, што канчатак -а- ў большасьці словаў - гэта расейскі ўплыў."), і ў змагароў за беларушчыну на мовазнаўчым фронце. У прыватнасці, П.У. Сцяцко ў сваёй кнізе "Культура мовы" на с-ках 52-53 двойчы ледзь не праводзіць знак роўнасці паміж "пабудовай камунізму" і знішчэннем у-формаў у беларускай - па-першае, і з пераходам да паўсюднага ўжывання гэтых канчаткаў і адраджэннем беларускай - па-другое.
Але такія сцвярджэжнні - чыстая публіцыстыка. Глядзіце, Паўлу Уладзіміравічу не падабаецца тэндэнцыя да размежавання абстрактных і канкрэтных варыянтаў аднаго шматзначнага слова тыпу пераезда як канкрэтнай з'явы і пераезду як працэсу.
Я не маю зараз звестак наконт таго, наколькі з'ява такога фармальнага раздзялення формаў аднаго слова пашыраная ў маўленні. І сам як носьбіт так не кажу і сапраўды хутчэй аднясу яе да несістэмных фактаў мовы.

Але цяжка зразумець, чаму гэтая з'ява, як піша аўтар, "дагаджае расейскай мове"? Чамусьці Сцяцко нідзе не ўспамінае таго, што ў расейскай ёсць два семантычна адрозныя варыянты роднага склону: звычайны азначальны і квантытыўны (колькасны)/партытытўны (частковы):
мешок сахару, чашка чаю, выпить чаю.
(+ падобныя варыянты ў рас. прыназоўнікавым склоне, дзе ёсць формы "падсклонаў" - абвеснага (расказвальнага) - о саде, і меснага - в саду).

Як бачым, гэта таксама у-формы. Адзначым, праўда, што ў расейскай яны зараз даволі абмежаваная (родны склон - амаль толькі рэчыўныя назоўнікі) і патроху знікае: такія самыя склонавыя формы могуць афармляцца і звычайным канчаткам -а.
І далей Сцяцко піша, што ў адрозненні ад беларускай, "расейская мова амаль пазбавілася канчатка -у на карысць -а (-у захавалі назоўнікі ў складзе ўстойлівых выразаў: без году неделя)". Зноў пра ўсе ж такі жывыя расейскія формы з колькасным значэннем Сцяцко не ўспамінае. Пры гэтым ён ўзгадвае паміж іншым пра ўкраінскую, з чаго ў чытача можа застацца ўражанне, быццам ў гэтых нашых усходнеславянских суседзяў у гэтай сферы ўсе праблемы развязаныя. Пагартайце ua_mova, пабачыце, што і там не ўсё ўбіваецца ў сістэму і пытанняў хапае. Нават у чэшскай, дзе у-форма - асноўная (для неадушаўлёных), ёсць нейкая колькасць слоў з -а у р.скл (dvora 'двара', života 'жыцця').

Рэжам пірог далей. Адкуль усё гэта ўзялася?
У праславянскай мове спадчынай ад індаўрапейскіх часоў застаўся тып скланення на "у кароткі" (ŭ). Гэта не той "у кароткі" (ў), што ў нас :) - гэта кароткі галосны асновы ŭ (транскрыпцыя лацінкай). Гэты гук на пісьме адзначаўся як ъ (цвёрды ер), які ў залежнасці ад пазіцыі ў слове або праясніўся да о (потым праз аканне ў пэўных пазіцыях перайшоў у А), або знік. Паколькі той ŭ, пра які мы кажам, быў на канцы асновы, г.зн. на канцы слова, то ён знік, і назоўны склон назоўнікаў, якія калісьці мелі гэты гук на канцы, сталі падобнымі на формы больш пашыранай групы на "о кароткі" (ŏ) (які таксама знік на абсалютным канцы слова).

Чаму знік тып скланення на ŭ? Відаць, таму, што да яго адносілася замала словаў. З упэўненасцю мовазнаўцы даюць узорам звычайна словаў дзесяць. Калі цікава, гэта, напрыклад, сын, дом, вол, лёд, мёд.
Віры лёсу, але сёння форма *(хата) сыну з этымалагічнай формай канчатку - проста неўяўляльная, паколькі з фармаваннем катэгорыі адушаўлёнасці/неадушаўлёнасці у "жывых істот (асобаў)" у родным склоне замацаваўся канчатак -а, бо і без таго у іх супалі формы роднага і вінавальнага.

Але ж, мы і бачым тое групаванне паводле сэнсу, якое увесь час ідзе ў падсвядомасці носьбіта мовы, а ў гісторыі мовы мы бачым плён гэтага працэсу: думаю, не памылюся, калі скажу, што дзякуючы наяўнасці ў групе ŭ-асноваў лексем лёд і мёд мы маем зараз стабільнае скланенне беларускіх рэчыўных назоўнікаў з у-формай роднага склону.
Ідзем далей. Скланенне знікла, ды як бачым не зусім. Галоўным чынам таму, што некаторыя ягоныя канчаткі ўспрымаліся ў пэўных сітуацыях як больш выразныя, адметныя. Так, украінская мова мае формы давальнага склону тыпу братові 'брату' (пры магчымай, але радзейшай - брату), таксама і форма меснага склону. Пра расейскую я ўжо казаў.
Скланенне на -ŭ ува ўскосных склонах мела канчаткі з гукамі у і в (курсівам - кірыліца), што было вынікам старажытных чаргаванняў "манафтонг/дыфтонг":
ŭ/ou/ov --> [гук знік на канцы слова]/у/ов

Зараз бачныя у-карані і роднага склону беларускай (-у) і давальнага ўкраінскай (-ові).
Дарэчы, з-за таго, што мёд быў некалі словам *medŭ /пераход [Е] ў ['О]: мед > мёд - позняя з'ява/ мы маем слова мядзведзь, якое для старажытнага славяніна дзялілася на дзве асновы - *medv- и *ed: што значыла 'той, хто есць мёд', 'мёдаед'. А гук v ([в]) ў *medv - гэта частка асновы гэтага слова. Усім "прывід" :)

Так што, як відаць, разгледжаныя канчаткі -у па паходжанні ўвогуле не асабліва беларускія, а агульнаславянскія (можаце сустрэць гэтых нашых сяброў-канчаткаў са скланення на ŭ, калі ў царкве пачуеце Біблію на царкоўнаславянскай. Некаторыя з астатніх жывых славянскіх моваў ужо прыгадваліся мною).
Але ўзнікае пытанне: а чым тады канчатак -у больш беларускі ў параўнанні з той жа расейскай моваю?

Адказ - статысткай ў лінгвістычным разуменні, частатой ужывання. Бо мова - гэта не толькі слоўнік і граматыка, але і статыстычныя верагоднасці ўжывання тых ці іншых формаў. Пры гэтым глыбінёвыя сувязі складана фармалізаваць, але ж калі гаворца адхіляецца ад іх ці груба парушае, то слухач заўважае гэта і выражае тым, што звычайна можа паскардзіцца на адучванне - "сказ рэжа вуха", "так не кажуць".

Нууу. Гэта была тэорыя і гісторыя, а як маемся з практыкай?

Тут я магу сказаць так. Дзе даведнікі даюць як мага строгія крытэры для вызначэння выпадкаў ужывання -у тыпу прыведзеных на пачатку нашае размовы, - там так і ўжываць. Але пакуль што яшчэ трэба чакаць таго часу, калі можна будзе напісаць канкрэтны спіс правілаў і павесіць яго на сцяну. Рэч ў тым, што мы, носьбіты мовы, мусім самі вырашаць у канкрэтным выпадку, што лепей пасуе. З цягам часу, будзем спадзявацца, гэтыя ўжыванні выкрышталюцца ў нешта адзінае.

Відавочна, ёсць тэндэнцыя да пашырэння ўжывання канчатку -у ў родным склоне. Таму, відаць, пры сумневах лепей аддаваць перавагу -у. Вядома, асаблівасці граматычных паказчыкаў ствараюць адметнасць мовы: і ў адносінах прапорцый: бел. (канчаткі -а/канчаткі-у) != рас. (канчаткі -а/канчаткі-у)  != чэш. (канчаткі -а/канчаткі-у) .  Але ідэя без лішніх развагаў спрэс пераходзіць на -у будзе даволі ненатуральнай з'яваю для мовы.

Некаторыя кароткія вынікі:
Сярод неадушаўлёных назоўнікаў:
1. Ёсць групы, для якіх даўно прынятай з'яўляецца форма менавіта -у. Але я мяркую, што дзяленне на абстрактныя/канкрэтныя, пра якое нярэдка кажуць ў граматыках, тут не працуе.
2. Канчатак -а асэнсоўваецца як больш нейтральны (магчыма, такое успрыманне і ёсць плёнам расейскамоўнага уплыву, але яно існуе), што праяўляецца ў дачынненні формаў запазычаных і не вельмі частотных словаў.
3. Форма з канчаткам -у уваходзіць ув аманімію з формай давальнага склону. Верагодна, і гэтым чыннікам тлумачыцца тое ўмоўнае групаванне словаў, якія спалучаюцца з -у: яны не вельмі ўжывальныя ва ўмовах кіравання давальным склонам. Прынамсі, іхнія суадносіны ўжыванняў роднага і давальнага склонаў памагаюць пазбегнуць аманіміі.
Паколькі найбольш цьмянай ў адносінах выбару канчатку з'яўляецца група назоўнікаў з вузка-прадметным значэннем, то прадказальныя выпадкі сінтаксінчае аманіміі: напр., спалучэнне Перасылка файлу хосту
можа мець сінт. дзяленні:
І. Перасылка->[Р.скл.:] файлу
файл ->[Род.скл. 'прыналежнасць':] хосту
ІІ. Перасылка->[Р.скл.:] файлу
перасылка->[Дав.скл. 'адрасат':] хосту

Але мушу зазначыць, што аманімія звычайна не можа спыніць развіццё пэўнага моўнага працэсу, асабліва такого ўзроўню. Мова заўсёды мае свае механізмы для развязання двухсэнсовасці. Напрыклад, у дадзеным выпадку, можна выказаць меркаванне, што будзе больш увагі надавацца парадку словаў або ў сінтаксічна складаных выпадках будзе ужывацца маркаваны канчатак -а.
4. Таксама можна заўважыць, што на выбар канчатка -у аказваюць уплыў і фармальныя чыннікі: хутчэй будзе -у - калі: націскны канчатак; канчатак кароткага слова (1-2 склады); канчатак на зубны або губны зычны. (Гэты бок пытання вымагае адмысловага даследвання. Выказаныя заканамернасці не болей як мае хвілінавыя развагі, не падмацаваныя матэрыялам.)

Гэтую адносна доўгую размову можна завяршыць трохі гучнымі словамі: сённяшнія выпадкі спрэчных напісанняў "з -а ці з -у?" - гэта не памылка, а крок да будучага правіла.

беларуская мова

Previous post Next post
Up