ШчаССце

Nov 06, 2015 13:05

Па маёй фрэндстужцы паціху распаўзаецца цудоўны флэшмоб пра шчасце, але я ў ім удзельнічаць не буду. Не таму, што шчасця няма, а таму што часцей за ўсё пра яго хочацца шэптам.

Але часам - часам хочацца і вось так, уголас.

Бываюць дні, калі ты з раніцы (ды нават і ў абед) яшчэ не ведаеш, што ўвечары трапіш на канцэрт "Серебряной Свадьбы" - прыўкрасны, проста ах які і дзеньнараджэнчаскі ва ўсіх сэнсах. І будзе вішнёвы сок, дарагі чалавек і чатыры гадзіны цуду.
Шчыра - не ведаю, якая батарэйка ўстаўленая ў Беньку, але я таксама такую хачу :) Чатыры гадзіны так выкладвацца, выпраменьваць, зачароўваць, завадзіць - і, калі ўсё канчаецца, пакідаць уражанне, што яна магла б яшчэ, і яшчэ, і яшчэ... Калі б не палова на першую :)
Яна такая розная!.. Я зараз не магу вось злёту назваць іншага выканаўцу, які даваў мне перажыць такі спектр эмоцый запар: ад "плакаць пад" да "скакаць як каза". І так здорава ж было плюнуць у рэшце рэшт і выйсці напрыканцы на танцпол! Кінуць на падлогу сумкі і адарвацца.
Здаецца, я ўжо ведаю сваю песню лістапада..) Ну ладна, як мінімум адну з.

Ехаць на таксі дамоў праз начны і сонны Менск, разумець, што спаць застаецца чатыры гадзіны і што заўтра першая пара, і - не шкадаваць ані кроплі. І нават змагчы ў выніку прачытаць любімага Бэрнса і расказаць пра любімага Стэрна, не засынаючы ў канцы кожнага сказа :). Потым піць гарбату на пустой маўклівай кафедры, прыгадваць учора і ўсміхацца.

Зараз прыгатую абед, збяру сумку, закачаю ў рыдар якую-небудзь кніжку і паеду да бацькоў, у кропку майго асабістага інфармацыйнага абнулення і ачышчэння. Ніякіх камп'ютараў з інтэрнэтамі. Толькі здаровы сон, нешта смачнае з печы і размовы.
А ў нядзелю вярнуся і раскажу вам, якія там новабудоўлі, хранопы, вакі ды жабкі ;)

Жыць - проста. І вельмі класна :)

слухай сваё, здараецца часам, басанож па вясёлцы

Previous post Next post
Up