Ja-Nein-Rätsel

Nov 04, 2015 09:08

Ала Сяргееўна, я не ведаю, як па-беларуску "данетка" :)

Сынапатаму ўчора на занятках далі алгарытм гульні ў тую "данетку" ці "сітуацыю". Вы ж ведаеце правілы, так? Адзін загадвае нешта немаведама што, а іншыя мусяць адгадаць, задаючы яму пытанні. А на пытанні гэтыя можна адказваць адпаведна толькі "так" або "не". Ну і пытацца, значыцца, трэба таксама толькі тое, на што можна даць такія адказы.
Дык вось.
Далі яму гэты алгарытм, ён прыйшоў дадому вельмі задаволены сабой і вырашыў, што зараз усіх абыграе. Да гэтага гулялі дома не раз, было весела, падабалася, таму ідэя згуляць і цяпер прайшла на ўра. Дзіцё ўзброілася схемай і стала задаваць пытанні па ёй. І тут-та нечакана высветлілася, што схема недасканалая, што існуюць рэчы, якія ў яе не ўпісваюцца, і што, аказваецца, можна задаваць пытанні па-за яе межамі. То бок яно-та было ясна, але ў нас жа магія алгарытму! - ну, вы разумееце.
Упершыню сутыкнуліся з той самай сітуацыяй, якая называецца "А нас так вучылі", і з аўтарытэтам настаўніка. Нельга яго падрываць, я ведаю. Алгарытм рашэння задач (у тым ліку і такіх) - гэта здорава, не спрачаюся. Але. Але... Цікава, яго пахваляць ці наадварот, калі ён на наступным занятку задасць пытанне па-за межамі алгарытму?

А я вось ужо трэці вечар думаю пра адну магчымасць і не магу пакуль зразумець, рабіць ці не.
Ведаю, што гэта будзе крута. Не ведаю, ці знайду час і ці атрымаецца. Разумею, што карысна і варта было б. Баюся аказацца ў нечым некампетэнтнай. Пераконваю сябе, што часам трэба не думаць, а дзейнічаць, узяцца, прайсці хаця б некалькі крокаў, а там будзе бачна. І час мо ўдасца выкраіць. І досвед будзе бясцэнны. І штуршок нарэшце дам сама сабе класны. Але. Але...
У мяне свая "данетка", карацей.

Выйсці за межы звыклых сваіх ваганняў, перастаць сумнявацца па звыклай схеме - ці не пра гэта расказвала мне ўчора гісторыя з сынапатамавымі заняткамі?
Вось зараз дапішу і пайду падумаю лепш не пра тое, "так" ці "не", а пра тое, з чаго пачынаць.

здараецца часам, думкі ў клетачку

Previous post Next post
Up