Jun 03, 2013 01:28
Перада мной вісіць фотаздымак беларускага леса і вузкай сьцяжынкі залітай сонечным сьветам. І ўнутры падымаецца такое чароўнае жаданьне-мара - апынуцца там, у Беларусі, сярод мілай мне прыроды. Гэта мой дзэн. Унутры ўсё раскрываецца і я раствараюся ў гэтай прасторы, сярод гэтых любімый мне пахаў, такіх простых і неверагодна мілых мне пэйзажаў. Я нават не ўсьведамляла ніколі як моцна я зьвязана з гэтай роднай мне зямлёй. Я зразумела ўсе гэтыя лірычныя апяваньні родных прастораў усімі беларускімі класікамі і тужлівыя настальгічныя вершы эмігрантскіх паэтаў, чытаных калісьці ў альманаху Беларус. Чытаць гэта немагчыма, але я магу зразумець, чаму яны не могуць іх не пісаць.
Я ўспамінаю ўсе скаргі на нізкае шэрае неба, на доўгія зімы і даждлівую восень, якія часта чую ад маці ці сяброў з Беларусі. І ўсё адно - туга, якая не адпускае, а толькі злёгку сціхае на пэўны час…Мне мроіцца, як я сяджу на беразе Нёмана, недзе за вёскай Дакудава і ўсё ўнутры напаўняецца шчасьцем і спакоем. Ці як я гуляю недзе ля Бердаўскага возера ўзімку, слухаю гэтую глыбокую цішыню, з лёгкім, ледзь чутным пошумам камышоў. І паветра такое празрыстае і чыстае, што падаецца лёгкія - гэта крылы, якія ўздымаюць цябе вышэй да неба.
І той, хто бачыць і адчувае гэтую зямлю ва ўсёй яе глыбыні і прыгажосьці ня можа выказаць гэта інакш чым па-беларуску. Бо гэта мова, якая вырастае з гэтай зямлі, цячэ разам з гэтымі рэкамі і напаўняе сабой прастор. У ёй цішыня, звон і песня. Не магчыма быць у гэтай прасторы і размаўляць чужой мовай.
Я ўспамінаю той момант, калі ўпершыню ўсьвядоміла неверагодную моц і сапраўднасьць мовы. Недзе з месяц таму загінуў айчым, чалавек, які быў нам з братам бацькам. Гэта калі проста ў момант перад табой адкрываецца вялікая чорная дзіра, якая пасяляецца ў тваёй душы назаўжды. Дзіра, праз якую ты бачыш канец жыцьця, вечнасьць і пачынаеш усьведамляць, што такое ‘мяне няма’, ‘яго няма’, ‘нас няма’. І рэальнасьць раптам робіцца такой яснай і жыцьцё такім дарагім і сапраўдным.
У нас зімовыя канікулы. Зіма была ў той год вельмі суворай, з тэмпературай, што падала да -30 і вялікімі гурбамі сьнегу. Вясны доўга не было і я чакала яе як надзеі, як збавеньня і блаславеньня. А пакуль быў сьнежань і я ехала ў Горадню да сяброўкі, у якой нядаўна таксама памёр бацька. Я ехала ў старым халодным Ікарусе з заільдзянелымі вокнамі і чытала І. Мележа “Людзі на балоце”. Чытала, глядзела ў вакно і думкі маі роіліся па-беларуску. І гэта было так натуральна, так па-сапраўднаму. Быццам бы са мной прамаўляла сама зямля, на якой я вырасла.
Праз пару месяцаў я перайшла на беларускую ў сям’і, у школе, на вуліцы. Я доўгі час сама не магла зразумець адкуль гэтая зьмена ўва мне, бо асяродку беларускамоўнага як такавога не было. А зараз усьвядоміла, што мне проста хацелася сапраўднага. Калі сказанае на ўроках літаратуры ці гісторыі не заставалася проста словамі дзеля адзнакі, а было кожнадзённай рэальнасьцю. Мне хацелася, каб Беларусь была такой, якой мусіла быць у маіх марах і марах тых, хто яе ствараў і хто за яе паміраў.
(Патасна і лірычна, але вось так яно чамусьці адчуваецца).
думкі