Узыход
Ужо амаль два гады Сёма не займаўся снэплінгам (так у Ізраілі называюць каньёнінг). Гэта фактычна з моманту нашага знаёмства. Але як апынулася прычына не ўва мне, а ў ня вельмі прыемных здарэньнях, якія ён перажыў акурат перад нашым знаёмствам. Усё ж спорт гэты даволі рызыкоўны.
З аднаго боку я была радая, што ён хаця б не рызыкуе так жыцьцём, як раней. А зь іншага - мне так самой хацелася гэтай рамантыкі каньёнаў і пустэльні! У раёне Мёртвага мора, кажуць, самыя прыгожыя маршруты, асабліва ў зімнія часы, калі перасохлыя вусьці рэк напаўняюцца вадой і пераўтвараюцца ў бурныя патокі з вадаспадамі. Але зараз ужо дастаткова цёпла, таму вады ў каньёнах няма.
Я ня ведала куды мы пойдзем і якім будзе маршрут. Проста ў нейкі момант Сёма сказаў, што на выходных мы ідзем у паход з Віталём (яго стары сябра па снэплінгу) і яшчэ нейкай кампаніяй. Ён доўга перачытваў апісаньне маршрута і са злараднасьцю жартаваў - “вось як адвяду я цябе ў паход дык адвяду, адчуеш увесь смак снэплінга. Будзе табе і пяць гадзінаў падё’ма ўгару і пятнаццаць спускаў на вяроўках ад 30 да 60 мэтраў вышынёй. Ты ж хацела ў паход?!” Дакладную інфармацыю пра маршрут я ўжо даведалася ўвечары да ад’езду. Сёма хваляваўся, а мне чамусьці не было страшна. Я проста ня думала пра гэта. Я даверылася яму і Віталю, бо ведала - яны вопытныя, за імі не прападзеш.
Каньён і сам маршрут у які мы адправіліся называўся Арыён. Гэта было на Пэсах, калі выходныя цягнуцца амаль тыдзень. Нашая група ў апошні момант скарацілася з васьмі да чатырох чалавек і складалася з Віталя, Андрэя, ды нас з Сёмам.
Увечары чацьвярга бацькі адвезлі нас да запаведніка Эйн Гедзі, што ля Мёртвага Мора. Там мы набралі самыя лепшыя дровы, якія толькі можна было знайсьці - ацьвярдзелыя ніжнія часткі лістоў пальмы. Яны лёгкія і гараць даволі доўга. Мы заехалі на стаянку комплекса спа, якое месцілася адразу ля Мёртвага Мора і там жа вырашылі пераночыць, каб зранку выправіцца па сплянаванаму маршруту. Мужчыны ўспаміналі свае ранейшыя паходы і розныя выпадкі. А я проста глядзела на вогнішча і сумавала па Беларусі, па тых паходах у якія мы хадзілі з класам ці сябрамі. Я сумавала аб пахах, якімі напаўняецца лес улетку, па печанай бульбе і смажанаму на вогнішчы салу.
Віталь і Андрэй з Сібіры. Віталь, узросту прыкладна нашых з Сёмам бацькоў, прыехаў з Улан-Удэ. Ён габрэй па дзеду і прадзеду. Апошняга рэпрэсавалі з Берасьця пад-час калектывізацыі. Так сям’я і апынулася ў Сібіры. Андрэй трошкі маладзейшы за Віталя. З асобных размоваў зразумела, што яго сваякі таксама аднекуль з Беларусі.
Мы варым бульбу з тушонкай, а потым робім гарбату. Зь неба сьвеціць вялікая поўня, якая асьвятляе наваколле як вялікі ліхтар. Час ад часу ля нас праязджаюць машыны, якія накіроўваюцца бліжэй да берага мора, каб паставіць намёт. Павячэраўшы, мы таксама разбілі намёт і пайшлі спаць. Праўда, у мяне ня вельмі атрымлівалася заснуць на камянях, якія адчувала ўсё маё цела праз тонкі дыванок. А чацьвёртай раніцы на дарогах пачалі ездзіць матацыклы. Кожная машына, што праязджала побач, падавалася, на нас наедзе. Потым прыехалі ізраільцяне і пачалі ставіць намёт. А мне ўсё мроіліся, што гэта бедуіны, якія хочуць нас абрабаваць. Але потым стала ціха і я ўрэшце заснула.
Мы прачнуліся а восьмай раніцы і накіраваліся да кібуца Агава, ля якога месціцца завод па вытворчасьці касметыкі Мёртвага мора “Агава” (каханьне ў перакладзе з іўрыта). Мы пакінулі там машыну і пачалі спускацца ўніз з дарогі, каб потым узьняцца на гару і спусціцца на вяроўках па каньёну.
Ад аднаго погляду ўверх, туды, куды мы мусілі ўзысьці мне рабілася дрэнна. Але я ня думала пра тое, што будзе і імкнулася засяродзіцца на дадзеным моманце - на тым куды я стаўлю нагу, як пераношу вагу, за што чапляюся рукой. Проста ісьці і не спыняцца - прынцып, якім было б добра скарыстацца і ў звычайным жыцьці. Мы схавалі ўвесь рыштунак у заплечнікі - нельга каб нас нехта ўбачыў з каскамі і вяроўкамі. Гэты маршрут лічыцца небясьпечным і таму забаронены. У лепшым выпадку - нас павернуць дахаты, у горшым - арыштуюць увесь рыштунак, улепяць вялікі штраф, завядуць справу і дэпартуюць (гэта ў маім выпадку). Але мы спадзяемся на лепшае і робім выгляд, што мы проста ідзем у двухдзёны паход ад Агавы да Араду.
Сонца пачынае прыпякаць, але халодны ветрык абдувае нас і ісьці ня так цяжка. Я сачу за кожным сваім крокам. Ведаючы сваю схільнасьць спытакацца на роўным месцы, я кожны раз думаю куды паставіць нагу. Мне падаецца, што маё цела - гэта крохкі збан, які мне трэба данесьці да самай вяршыні і спусціць уніз цэлым і непашкоджаным. Мне пакуль ня страшна. Пакуль…
Мы прайшлі першы прыступак гары і выйшлі да хрыбта. Вось тут у мяне ўжо пачалася злёгку кружыцца галава, а ногі - мягчэць. Злева ўдалечыні мы ўжо бачым Мёртвае мора. У небе лунаюць арлы. Сьцежка пачала паступова звужацца, а схілы сталі больш абрывістымі. “Толькі не глядзець па-баках, толькі не глядзець па-баках”, - паўтара я сама сабе. Але перыферычным зрокам я бачыла ўсе небясьпечныя схілы і ўсе абрывы. Тут мы падыйшлі да самага вузкага месца ў сантыметраў дваццаць шырынёй. Трошкі памарудзіла, але сканцэнтравалася і прайшла. У такія моманты галоўнае прымусіць цела табе падпарадкавацца, каб ад страху не падкасіліся ногі. За хрыптом быў рэзкі пад’ём, дзе нам прыйшлося лезьці па камянях уверах. Потым па казліным сьцежкам, па самым схілу гары мы пачалі прабірацца далей. А сьцежкі тыя былі надта ўжо вузкія, і прымусіць сябе не глядзець уніз было неверагодна цяжка. Мне хацелася ўсім целам прыхінуцца да схілу, каб не дай Бог, не аступіцца. Ужо амаль дайшоўшы да вяршыні мы зрабілі прывал, каб папіць вады і адпачнуць. У такіх паходах вада - гэта першае, што трэба браць з сабой. У нас было амаль па 8 літраў на кожнага.
Якое ж прыгожае адсюль было Мёртвае Мора. І так шкада бачыць, як яно мялее і зьнікае, пакідаючы адно лініі на беразе - мерывы ягонага жыцьця. Я так даўно я не была на такой вышыні! Ці была ўвогуле?
Мы ідзем далей і ўрэшце выбіраемся на самую вяршыню, якое ўяўляе сабой плато. Я бачу колы машын - сюды аказваецца можна запраста пад’ехаць на аўтамабілі! Унутры падае камень разчараваньня: “Гэта трэба было столькі ўсяго перажыць, каб даведацца, што сюды ёсьць звычайная дарога?” Але ну вядома - самы смак жа залесьці сюды самім.
Пад’ём наш заняў тры з паловай гадзіны - меньш, чым чакаў Сямен. Мы селі перакусіць і выпіць гарбаты. На тэрмоментры 37 градусаў гарачыні. Прыпякала, але паветра сухое і ветранае, таму перажыць такія ўмовы аказалася не так складана. У нашых шыротах мы б даўно пакрыліся потам і не прайшлі б і паловы шляху. Пасьля адпачынку ісьці ўвогуле было лёгка і радасна, ды яшчэ па роўнай мясцовасьці.
За старым ваенным збудаваньнем мы зьвярнулі налева і знайшлі спуск уніз там, дзе сустракаюцца тры вусьці ракі. Акурат як па апісаньню, якое меў з сабой Сямён. Пустэльня тут зьмянілася раслінасьцю, якая вылучала неверагодны водар. Мы трошкі прайшлі пакуль не сталі перад абрывам - нашым першым 30-ці мэтровым спускам.
Абрыў і спуск
- Першы спуск, 30 мэтраў, адмоўны, - прачытаў Сямён. Адмоўны - гэта значыцца спускацца будзем без вертыкальнай апоры - злез і павіс.
У мяне пачало ўсё халадзець унутры. Я імкнуся ня думаць пра тое, што страшна, пра абрыў у 30 мэтраў і пра тое, што адзіная “апора” - гэта дзьве вяроўкі. Адну будзе трымаць Віталь і на ёй жа мяне спускаць, другую буду трымаць я. Першы палез Андрэй. Праз некаторы час чуем: - Зямля! Другі - Сямён. - Зямля! Ну а зараз мая чарга. Як жа неверагодна страшна ступіць за абрыў! Нават калі ты адчуваеш, што цябе трымаюць. Проста выходзіш - а там бездань. Стала на абрыў і разумею - не магу, страшна. Ногі падкасіліся, рукі трасуцца. Але выйсьця няма. Нейкім чынам выпаўзла за абрыў, абабіўшы ўсе каленкі. Вішу і паступова пачынаю спускацца. Я гляджу толькі перад сабой, і думка толькі адна - хутчэй бы зямля. Усё цела ў неверагодным напружаньні, бо страшна нават зварухнуцца. Праз некаторы час адчуваю - зямля. Уфф.
Апошні спускаецца Віталь - хуценька, рыўкамі, пралятаюся метр і тармозячы, і зноў пралятаючы. Глядзіш - і спыняецца дыханьне.
Ідзем далей, спускаемся самі з невялікіх абрываў, пакуль не даходзіць да наступнага спуска ў 60 мэтраў. Гэта самы высокі спуск гэтага маршрута і апошні на сёняшні дзень. Адразу пасьля яго мы зьбіраемся зрабіць прывал і пераночыць у цясьніне. Я зноў спускаюся трэцяя. І зноў гэты страх - выступіць за абрыў. І зноў жаданьне спыніцца і нікуды ня лезьці. Але тут ногі ўпіраюцца ў сьценку і падаецца, што я магу кіраваць працэсам. У спуска ёсьць два пераходы. Цела ўжо стамілася ад адрэналіну і нарпугі, і таму я вырашыла адпачыць на першай прыступцы. І зноў гэтае жаданьне, якое зміем прапаўзае ў нутро - нікуды не лезьці, тут застацца. Але адпачнуўшы, спускаюся далей. - Зямля! Чакаем Віталя, які фактычна зьбягае па сьцяне ўніз, як у крутых прыготніцкіх фільмах пра спецагентаў.
За наступным невялікім спускам ёсьць невялікая, адносна роўная пляцоўка, дзе мы і вырашылі заночыць. Ніякіх намётаў - толькі дыванкі і спальнікі. Віталь ставіць гатавацца тунца па-армейску, як навучыў калісьці яго рабіць Сямён. Зьверху кладзецца ў масла сурвэтка ці туалетная папера і падпальваецца. Масла з паперай пачынаюць гарэць, пакуль не выгарыць усё масла. Потым акуратна здымаецца ўся папера і застаецца гарачы, трошкі падсмажаны тунец. Даволі смачны тунец. Сёма з Андрэем тым часам робяць кускус з тушонкай. Мы разліваем парвейн. Я імгненна пьянею ці то ад добрага партвейну, ці ад перажытага адрэналіну.
Мы вячэраем. А тым часам зьверху нехта крычыць па-арабску. І я думаю, як добра, што мы так далёка і так глыбока ў каньёне, што яны ня могуць да нас дабрацца. Галоўнае, каб камяні не пачалі кідаць. Крыкі праз некаторы час перайшлі ў выцьцё, быццам гэта і сапраўды былі ваўкі. - Яны і ёсьць як ваўкі, - кажа спакойна, але з пагардай Андрэй. Пакуль ты іх не баішся - яны і блізка не падыдуць. Яны разумеюць толькі сілу.
Мы леглі спаць, калі на небе ўжо з’явіліся зоры. Гэта неперадаваемае і магічнае адчуваньне - ляжаць і глядзець з глыбіні каньёна на зорнае неба. Вось тут і адчуваеш сябе часткай сьвету, з’язданай зь ім у непасьціжнае цэлае. У нейкі момант мне падалося, што я адчуваю, як рухаецца зямля і небасхіл, як мы вандруем з Зямлёй вакол Сонца.
Сон не ішоў. Я круцілася на каменнай палозе і спрабавала прыняць больш-меньш зручную позу. Але гэта было складана. Ногі і рукі зацякалі. І я ўжо пачала марыць пра ўтульны ложак. Потым стала сьвятлей - выйшла поўня. Прачнуўся Андрэй, які да гэтага ціха сабе хроп.
- Вось жа фігня выйшла - не заснуць, - паскардзіўся ён на месяц.
Пачало халадаць. Я захуталася ў спальнік з галавой і ўрэшце заснула.
Дзень другі
А 6-тай раніцы мы пачалі паступова прачынацца. Былі яшчэ прыцемкі, але пакуль Сёма рабіў гарбату стала зусім сьветла. Мы пасьнедалі, апранулі на сябе рыштунак і выправіліся па далейшаму маршруту. Далей спускі ўжо не падаваліся такімі страшнымі. Яны былі меньшыя па вышыні і “пазітыўныя”, тобок я мела магчымасьць уперціся нагамі аб скалу. Галоўнае пераадолець першы страх выхаду за абрыў. А потым ужо пачынаеш кантраляваць сябе і сам спуск. І я сама сабе дзівілася, што я аказваецца магу перамагчы страх вышыні.
І кожны спуск і кожны пераход я захаплялася наваколлем і мне ня верылася, што я знаходжуся ў такім месцы. Уздоўж каньёна раслі розныя травы і кустарнікі, якія давалі неверагодны водар. Я спрабавала ўявіць сабе як зьмяняецца каньён, калі ён напаўняецца вадой, як гэтыя патокі вяды сцякаюць са схілаў, а потым упадаюць у Мёртвае мора.
Наш апошні спуск - пазітыўны, які пераходзіць у адмоўны. Я выходжу за абрыў і пераступаю нагамі. Праз некалькі мэтраў - абрыў і я зноў вішу як мех над безданьню.
- Спыніся і азірніся, адчуй вышыню,- крычыць знізу Сямён.
Спынілася, перакруцілася. Ваў! Як жа тут прыгожа! Нешта яшчэ дрыжыць і хвалюецца ўнутры. Але я адчуваю, што магу кантраляваць гэтыя эмоцыі. Я магу глядзець удалячыць і цешыцца з той прыгажосьці, што перад маімі вачыма.
***
Далей мы ідзем пешкі, абмінаючы па баках абрывы, ці спускаючыся на руках. Я ўжо чую гук дарогі. Як толькі мы падыходзім бліжэй - хаваем увесь рыштунак і выходзім на шашу. Я адчуваю стому і слабасьць у целе, прыемную слабасьць чалавека, які прайшоў маршрут, перажыў і пераадолеў страх.