Тэль Авіў- Яффо

Apr 09, 2013 18:04

Стары Яффо

Памятаю свой першы прыезд у Тэль-Авіў - мне ня верылася, што адзін з самых вялікіх гарадоў у Ізраілі можа выглядаць такім занядбаным - з паўразбуранымі дамамі і пустымі вачніцамі замест вокан. Але гэта усход. Тут не асабліва дбаюць пра ахайнасьць зьнешняга выгляду будынкаў. Дах на галаву не падае - і тое добра. Звыклая да эўрапейскіх гарадоў, акуратных і адбудаваных, такі выгляд Тэль-Авіву мяне сьпярша шакаваў. Але потым я знайшла ва ўсім гэтым бязладзьдзі сваю, нават мілую мне, адметнасьць.
Праўда гэтым разам Тэль-Авіў я з большага абмінала, каб трапіць адразу ў Яффо - стары партовы горад з тысячагадовай гісторыяй.  Ля яго потым і пабудавалі Тэль-Авіў, а Яффо між тым стаў прыгарадам.
    Мы ідзем звычайна праз блашыны рынак да плошчы з гадзіннікавай вежай. Потым да ўзьбярэжнай дзе адкрываецца мой любімы выгляд на Тэль-Авіў. Далей па сьцежках падымаемся наверх праз невялікі сад да мінарэта. Па лесьвіцы ўверх і мы трапляем на вузкую вулічку, дзе з аднаго боку знаходзіцца амбасада Ватыкану, а зь іншага - нейкая праваслаўная царква. Калі ісьці далей напрасткі, то трапляеш адразу ў порт, дзе стаяць адно кацера і невялікія судзіны для кароткіх маршрутаў па вадзе. Зусім нядаўна закінутыя докі і склады ператварылі ў рэстарацыі і галерэі. Калі я тут была два гады таму з братам порт выглядаў пакінутым. Вялікія сьцены складоў былі размаляваныя ў графіці. А людзей тады амаль не было. Таму мы вельмі хутка пасьпяшаліся зьнікнуць адтуль. Але зараз порт пераўтварыся ў люднае месца адпачынку са шматлікімі кавярнямі і рэстарацыямі. Так што зараз гуляць тут асабліва прыемна.
Калі вярнуцца на тую маленькую вулачку і выйсьці наверх па лесвіцы, то можна трапіць на плошчу з фантанам. Вельмі люблю гэтае месца, залітае сонцам, са старымі будынкамі і морам, што блішчыць удалечыні. Далей мы выходзім па вузкіх вулічках, уздоўж якіх разьмешчаны антыкварныя і ювелірныя крамкі. Недзе збочваем і бачым руіны парослыя кустарнікамі і кветамі. Руіны тут ужо частка краявіду, ніяк інакш. Мы ідзем далей і вяртаемся на блышыны рынак.

Выгляд на Тэль-Авіў:




Яффо:



Блышыны рынак

Я была некалькі разоў на блышыным рынку ў Яффо. Але я не магла знайсьці там нічога цікавага для сябе. Пакуль не прыехала мая мама. Некалькі год таму яна захапілася зьбіраньнем рознага антыкварыяту. Яна неяк умее адрозьніваць сапраўдная рэч, ці падробка, і колькі прыкладна яна каштуе. А мне, збольшага, ўсё там падаецца непатрэбным хламам. Таму мы з Сёмам, ляніва пазіхаючы, хадзілі сьледам за мамай з адной антыкварнай крамы ў другую. Калі трэба было перакладаць - Сёма дапамагаў. Але мне падалося, што мама на пальцах магла растлумачыць больш, чым словамі.
Мы хадзілі па радах, дзе прадаваліся розныя ўсходнія ўпрыгожваньні кітайскай вытворчасьці, вопратка індзі-хіппі і сэканд хэнд. Варта было толькі спыніцца ля нейкай крамкі, адразу падыходзіў прадавец і заводзіў размову. Ужо амаль на выхадзе мама зайшла ў крамку заваленую пацеркамі, каралямі, упрыгожваньнямі, маленькімі статуэткамі і іншымі прадметамі. Ад усяго гэтага “багацьця” унутр амаль не трапляла сьвятло. Мама доўга не выходзіла і мы пайшлі за ёй. Яна разглядала маленькі прас, даўжынёй з мезенец, які пазьвякваў, калі ім патрэсьці. Прадавец, высокі хударлявы габрэй з сівой шчэцьцю і вязанай кіпай, тут жа падскочыў да яе. Ён узяў гэты медны прасік, нахіліўся да яе і пачаў нешта прыгожа распавядаць на іўрыце, водзячы прасам па руцэ. Як апынулася ён распавядаў аб тым, што гэтым прасікам бедуінскія жанчыны скраблі сабе пяткі. А званочак унутры, мусіў апавясьціць мужа, што жанчына занятая вельмі інтымнай справай і заходзіць у пакой нельга. - Хочаце ўзяць? Мама пахітала галавой і пачала разглядаць іншыя прадметы.
Тут прадавец схапіў бронзавую скрыначку у выглядзе кьветкі з гуссю. Хуткімі і гіпнатычнымі рухамі ён адкруціў гусыню і адкрыў “пялёсткі”-каморкі. - Вось паглядзіце, гэта сапраўдная бронза, скрыначка для касметыкі, - распавядаў прадавец, спрабуючы захапіць нашую ўвагу. Праўда мне яна падалася не інакш як скрыначкай для гашыша, калі рэч гэтая сапраўдны бедуінская. Мая лянівая зявота спынілася і я зачаравана глядзела на гэты прадмет. Стары габрэй сачыў за нашай рэакцыяй, рухамі і словамі. І як толькі мама зноў ледзь захітала галавой, ён узяў іншы прадмет - медную кветку-бутон. Прадавец трошкі пакруціў і кветка прыадчынілася. Па ягоных словах - з дапамогай гэтага прадмету жанчына дае знак свайму мужу ці гатовая яна да сэксу, ці яшчэ не. Зачынены бутон - не, злёгку прыадчынены - так. Тады мужчына поўнасьцю адчыняе кветку, якая пераўтвараецца ў падсьвечнік, ставіць туды сьвечку і яны займаюцца з жонкай каханьнем.
Гэтая гісторыя зрабіла патрэбнае ўзьдзеяньне на маму і яна запыталася колькі ж гэта каштуе. Кошт аказаўся завоблачны - 280 шэкеляў (56 эўра). - Нене, ня больш за 100, сказала мама. У выніку пасьля каротка дуэлі коштамі ён згадзіўся на 150 (30 эўра). І мы таксама здаліся. Прадавец пабачыў, як я гляджу на бронзаву шкатулку з гуссю. - Ну што бяры! Тут уключыўся ўвесь мой запас іўрыту, каб растлумачыць, што грошы ў мужа і я не вырашаю. Я ж спадзявалася, што мой габрэйскі муж будзе цвёрда сачыць за сямейным бюджэтам і не паддацца чарам, як мы з мамай і проста выцягне нас з логава гэтага джына. Але ў адказ Сёма паглядзеў на мяне - Табе падабаецца? Ты хочаш? Прыйшлося таргавацца. У выніку шкатулку мы атрымалі таксама 120 шэкеляў замест 280. Я зразумела- адсюль трэба бегчы, бо інакш ён прадасьць нам палову сваёй крамы. Я схапіла маму за руку і пачала выцягваць. Але сышлі мы адно пасьля таго, як Сёма набыў сабе яшчэ арабскія пацеркі.
Прадметы, іх гісторыя і сам прадавец апынуліся такімі цікавымі і захапляльнымі, што не маглі не пакінуць цудоўнага настрою. Я адчула, што пабывала на сапраўдным усходнім блышыным рынку. Ці каштавалі гэтыя рэчы заплочаных грошай я ня ведаю, але гэта для нас было ўжо ня важна. Задавальненьне мы атрымалі.
Як мы выйшлі з крамкі мне адразу прыгадаўся герой рамана Макса Шчура "Там дзе нас няма" - стары габрэй Нэпман, які трымаў антыкварную краму ў Траецкім прадмесьці. Навонкі ў яго прадавалася рознае непатрэбства, але пры жаданьні можна было раздабыць сапраўдны антыкварыят. Гэта ў яго потым і апынулася тая самая “Імаверская кніга”, дзе апісана гісторыя і лёс краіны.
Так і тут, хітры стары габрэй выцягнуй для нас бедуінскія “скарбы” і распавёў іх гісторыю. Сапраўдныя яны ці не зараз ужо ня важна. Сам момант быў незабыўны і прадметы па-свойму чароўныя.

Скрыначка:



Падсьвечнік каханьня:


ізраільскія нататкі

Previous post Next post
Up