Ашкелон. Мора.

Mar 12, 2013 16:11

Сёма накіраваўся ва унівэрсітэт выкладаць псіхамэтрыю, а я ўключыла GPS і пайшла ў бок мора. Ранішняе сонца гарэла усё ярчэй, і рабілася нечакана цёпла. Горад квітнеў незнаёмымі мне краскамі. Тут так проста згубіць адчуваньне пары года - вясна тут ці лета? Іду ўздоўж дарогі разглядаю прыемны горад з новымі прыгожымі дамамі.
Раптам далёка на даляглядзе з’явілася тонкая рыса мора. Яно падаецца такім блізкім, але на сам рэч ісьці да яго даволі далёка. Вось так і падарожныя ў пустэльні, ўбачыўшы ўдалечыні мора, цешаць сябе бессэнсоўнай надзеяй, што яно блізка. І гінуць, не дайшоўшы да яго…Я ўжо была на ўзьбярэжжы. Людзей вельмі мала - для купаньня яшчэ не сэзон. Мужчына пэнсійнага ўзросту прынёс шэзлонг і паставіў яго пасярод пляжу каб загараць. На беразе двое хлопцаў у плаўках, якія ня могуць рашыцца залезьці ў ваду. Пажылая пара прагульваецца ўздоўж берага. Такое ціхае і нязвыгла спакойнае Міжземнае. У апошнюю нашую сустрэчу яно білася хвалямі аб бераг. Вецер разносіў пырскі вады і я адчувала як асядаюць крупінкі солі на валасах. А тут мора спакойна дыхала хвалямі, быццам чалавек у сьне. І ўнутры мяне робіцца таксама так ціха і спакойна. Я гуляю па пляжы і зьбіраю ракушкі, бы гэта каштоўныя камяні. І ўсё тое сьмецьце непатрэбных думак, накопленае за апошні час проста вымываецца адным позіркам на бяскрайні прастор і лагодным шумам хваляў.
Я ішла ўздоўж берагу, а насустрач мне часам ішлі людзі. І ўсе віталіся, быццам бы мы былі з аднаго пад'езду. Два пажылых мужчыны ў плаўках. - С праздніком вас, - сказаў адзін (гэта было 8-га сакавіка). А я ад нечаканасьці - Вас таксама! Толькі потым зразумела, што ляпнула ня тое. Два хлопцы ў плаўках - яны так і не залезлі ў ваду. - Маніш ма? (Як справы?), адказваю што добра і іду далей. Выратаваўца выцягнуў на бераг лодку. Я любуюся загарэлай і мускулістай фігурай. А ён падыходзіць і пытаецца як мае справы і ці не хачу я пракаціцца на лодачцы. -Я без купальнака, - кажу яму. Нічога, можна ў споднім, - адказвае ён і хітра пасьпіхаецца. Так вось кожны лічыў патрэбным пазнаёміцца і парушыць такі салодкі для мяне момант сузіраньня наваколля. А зь іншага боку нешта нас ўсіх аб'ядноўвала - гэтая цішыня, паветра, хвалі і мора.




ізраільскія нататкі

Previous post Next post
Up