Тэль Арад

Feb 18, 2013 15:06

   Мой дзядзька выцягнуў аднекуль Тору і сказаў: - На, вучы іўрыт, тут старонка на рускай - старонка на іўрыце. Я пачала яе пачытваць, праўда па-расейску. Нават не чакала, што кніга гэтая можа быць такой цікавай. Асабліва калі чытаць яе як гісторыю гэтай зямлі, знаходзячыся тут, на поўдні ў пустэльні. Чытаеш і ўяўляеш як недзе побач ля “Мора Солі” праходзіў Абраам, як ён загадаў вырыць калодзеж(ы), і назваў горад Беэр Шэвай. І як ён пайшоў далей, на поўнач, у зямлю Ханаан, але гэтыя землі назаўсёды засталіся ягонай радзімай.
У нейкі дзень па дарозе назад з Беэр Шэвы у Арад, мы заехалі ў Тэль Арад - руіны старажытнага гораду, які стаяў тут 5 тыс. год таму. Можа недзе тут і жыў той самы Абраам?

“Тэль” на іўрыце “пагорак”. Тэль-Арад падзяляецца на ніжні горад - з вялікай колькасьцю дамоў і верхні горад-крэпасьць. Вакол, відаць, ён быў абнесены сьцяной з абароннымі круглымі вежамі. У цэнтры ніжняга горада знаходзіцца вялізны глыбокі калодзедж, ці хутчэй рэзэрвуар, куды сьцякала вада падчас сэзону дажджоў. Вельмі акуратны і даволі глыбокі. Мы зазірнулі туды, Сёма шчоўкнуў здымачом і адтуль выпырхнула вялікая шэрая птушка, падобная на голуба. І хоць ад горада засталіся адныя руіны, па рэштках фундаменту можна ўявіць сабе якімі былі дамы, дзе праходзілі вуліцы і дзе стаяў храм. Мне нават цяжка ўсьвядоміць як даўно гэта ўсё было. Колькі стагоддзяў таму тут жылі людзі, якія вялі гаспадарку, кахалі, ненавідзелі, маліліся і абараняліся ад непрыяцеляў.

У верхнім горадзе-крэпасьці таксама знаходзіўся вялікі і глыбокі калодзеж-рэзэрвуар. Ля яго, відаць, адразу знаходзіўся храм з месцам для прынясеньня ахвяры - чатыры акуратна абцёсаныя камяні так і стаяць на сваім месцы. Як сцвярджаюць гісторыкі - гэты храм быў сучасьнікам Першага Іерусалімскага Храму. Зь верхняга гораду адкрываецца цудоўны від на сучасны Арад і даліну. Прастор і цішыня вялікага старажытнага гораду пранікаюць у цябе і ствараюць асаблівы медытатыўны настрой. Так і хочацца сядзець тут і глядзець удалячынь, ці гуляць разам зь ветрам паміж рэшткаў каменных сьцен.





Калодзеж, ці рэзэрвуар:



Тыповы арадскі чатырохкутны дом.



Стая галубоў, якая, відаць, жыве ў гэтых руінах.


Яшчэ рэшткі аднаго дома і вуліца.



Камень у сьцяне.



Далей узвышаецца горад-крэпасьць.




Не некаторых сьценах заўважыла вось такі ўзор-лінію, невядомага мне значэньня.


Выгляд на даліну.





Яшчэ адно ўраджаньне з той вандроўкі - стада вярблюдаў, якіх мы сустрэлі на пад'ездзе да Араду. Яны вырашылі паласавацца зялёнымі кусьцікамі ля нейкага будынку. Вярблюды тут, відаць, як у беларускіх вёсках каровы - вечна пасуцца там дзе ня трэба і загароджваюць дарогу. Але для мяне было нязвыкла бачыць іх у такой колькасьці, таму я радавалася ім як дзіцё:).





ізраільскія нататкі

Previous post Next post
Up