Прылёт

Feb 12, 2013 17:46


Апошнія дні перад ад’ездам былі насычаныя справамі так, што я нават і не пасьпявала спыніцца і ўсьвядоміць свой ад’езд. Не было і часу, каб асабліва наплянаваць што ж я буду рабіць у Ізраілі. Галоўнае, што мы з Сёмам урэшце будзем разам, а астатняе - дробязі. Адно, што я марыла перачытаць усе кніжкі, якія стаялі ў мяне ў спісе “калі будзе час” і вывучыць іўрыт.  Мары пра пачытаць былі разьбітыя ў першы ж дзень разам з экранам у Kindle, які так і не перажыў пералёт. Я дагэтуль сумую па маім дарагім дэвайсе і тых кніжках, якія там засталіся непрачытанымі.
Вандроўка мая пачалася з квэста “прайсьці допыт службы бясьпекі”. Малады і прыемны чэх на пашпартым кантролі вырашыў выпытаць ўсю гісторыю майго жыцьця за апошнія два гады.Размова нагадвала нешта сярэдняе паміж допытам у беларускім КГБ і інтэрвью пры ўладкаваньні на працу. Да адлёту заставалася зусім трошкі, як мяне павялі на дагляд - праверку маіх рэчаў на выбухоўку. І вось ужо 25 хвілін да адлёту, я забягаю ў свае вароты, праходжу хуценька агляд і...два крокі да самалёта, як мяне спыняюсь і зноў клічуць службу бясьпекі. Але мужчына, які прыйшоў, на мяне нават не зірнуў - проста сказаў "прапускайце".

Чатыры  з паловай гадзіны зь невялікай турбулентнасьцю і я ўжо ў Ізраілі. Людзей у аэрапорце няшмат і я абрадавалася адсутнасьці чэргаў на пашпартым кантролі. Чарнявая ізраільцянка ўзяла мой пашпарт і запыталася мэту майго візіту. Пачуўшы адказ, яна адразу зьмянілася ў голасе. Абвінаваўчым тонам яна ці то запыталася, ці то сама сябе заўпэўніла  “- А, дык гэта вы жыць сюды прыехалі?! Раней па два тыдні, а зараз ажно на тры месяцы!?”. Яна ўзяла трубку, некаму патэлефанавала і папрасіла мяне прайсьці ў асобны пакой - аддзел па міграцыі. Мне ўжо маляваўся дагляд з распрананьнем і чарговым допытам. Я села ля дзьвярэй і стала чакаць калі мяне паклічуць. Праз некаторы час чую “- Volha!”.

За сталом сядзіць жанчына з такім жа стомленым тварам. І ўсё тым жа абвінаваўчым тонам яна пачынае мяне пытацца пра мой прыезд, толькі гэтым разам па-расейску. Калі б тон і манэра размовы я б абрадвалася гэтай акалічнасьці. Выслухаўшы мае тлумачэньні яна моўчкі паставіла пячатку і перадала пашпарт. Няўжо ўсё? Мяне ўсё ж такі пусцілі сюды на тры месяцы.

Шчаслівая я пасьпяшалася на выхад.

***

Начная траса з Тэль-Авіва да Арада суправаджалася маланкай і дробным дожджыкам. У прыватным сектары на ўскрайку Араду, у доме на другім паверсе знаходзіцца нашая маленькая кватэрка. Ля дома замест кветак - кактусы. Далей за дамамі бачная даліна і выдмы Іўдэйскай пустыні. Там часта можна бачыць бедуінскіх маладзёнаў, што пасуць стада авечак і козаў. Бяскрайнія прасторы пустэльні пакрытыя зялёнымі плямамі - зімой, у сэзон дажджоў даліны пакрываюцца травой. Надвор’е цёплае, але з халодным ветрыкам. Ізраільская зіма нагадвае мне чымсьці беларускае лета. Сьвежа, ветрана, даждліва і зелена (нават у пустэльні).

ізраільскія нататкі

Previous post Next post
Up