Увечары чакае цягнік - я зноў еду дахаты. Доўгі шлях так і не атрымалася скараціць. А можа й добра - доўгая вандроўка гэта магчымасьць ўпарадкаваць думкі. Можна падумаць пра тое, на што не хапала часу ў штодзёнай мітусьні. Цягнік Прага-Варшава. Я слухаю музыку, потым урокі ўрыта і ўжо скрозь сон...засынаю і ўжо нічога не ўспрымаю. Цела пачынае ныць ад адной позы і я прачынаюся. Спрабую заснуць ізноў, але сон не ідзе, ногі не выцягнеш, галаву не адкінеш. Пятая раніцы...Ці былі Катовіце? Не, падаецца не было, праехалі іх не спыняючыся. Праз дзве гадзіны мусіць быць Варшава. Выходжу на Варшава Цэнтральна з усьведамленьнем, што ў мяне ёсьць меньш за пяць хвілін, каб знайсьці свой цягнік на Беласток і пасьпець туды ўскочыць. Нічога не магу знайсьці на табло. Чую па-польску, што з трэцяй плятформы адыходзіць цягнік некуды ў Падляссе і слова Беласток. Бягу туды- так, усё правільна. Пасьпела. Заскокваю і знаходжу сабе адно месца ў набітым купэ.
Зноў слухаю іўрыт, урок за урокам пакуль словы не растануць у сьвядомасьці - у сьне. У вокны моцна сьвеціць сонца, горача. А там за вакном - прырода, ужо зусім свая. І мне робіцца радасна ад адчуваньня, што радзіма зусім побач. Вось і Беласток. Цягнікоў бліжэйшык няма і я цягнуся на аўтавакзал. Купляю квіток да Гродна на маршрутку да якой чакаць ажно тры гадзіны. Гэта падаецца бясконца доўга. І нічога не застаецца як накіравацца ў Макдональдс. Там можна і кавы папіць і перачакаць патрэбны час за чытаньнем. На стаянцы ля Макдональдса заўважаю аўтамабілі з беларускімі нумарамі. Можа падыйсьці і спытацца ці едуць да Горадні? -пачынаю разважаць. Але праходжу міма і ўваходжу ў гэтую заўсёдную “залю чаканьня”, дзе бяру “дуже” капучына. Сядаю за стол назіраю як хлопцы па-руску аб нечым размаўляюць. Збоку сядзіць прыгожая полька з дзецьмі і хлопцам (мужам?), падобным на гішпанца. Пью паціху каву і чытаю Гарэцкага “Дзве душы”. І ўспрыманьне сучаснай Беларусі пачынае паціху мяшацца з апісаньнем Беларусі Гарэцкага. Імпэрская Расея, наступ бальшавізму, беларускае адраджэньне і дзве душы аднаго чалавека, які ня можа вызначыцца на якім баку яму быць. Думаю пра нараджэньне беларускай сьвядомасьці сто год таму і цяпер. Усё тыя ж неспрымальныя ці нават варожыя ўмовы, і ўсё тая ж нявызначанасьць большасьці кім ім быць і які бок прымаць (ды і ці прымаць увогуле?). У мяне беларускі пашпарт, але адчуваньне, што ў мяне пашпарт варожай мне краіны а не маёй радзімы. І я еду дахаты, але падаецца, быццам бы я еду ў акупаваную тэрыторыю, дзе быць сабой і адкрыта выказваць свае погляды можа быць небясьпечным. А так хочацца мець правы і ведаць, што закон іх абароніць. Хочацца, каб была сыстэма закладзеная на каштоўнасьцях, а не на апантанасьці ўладай аднаго. Хочацца бачыць вакол людзей са сьвядомасьцю ў вачах, якія кажуць што думаюць і ўсьведамляюць рэальнасьць такой якая яна ёсьць, не спрабуючы адвярнуцца і забыцца.
Колькі часу? Засталося паўгадзінкі да маршруткі і я іду на вакзал да сваёй плятформы. Там ужо сядзяць некалькі чалавек- чакаюць. Руды паўнаваты мужчына з жаноцкімі рысамі твару есьці бутэрброт, і корміць ім сваю дачку двух год. Я сядаю на лаву побач з двума жанчынамі. Чакаем...
Вось урэшце і пад’язджае маршрутка. Кіроўца, дзядзька пад шэсцьдзесят, пачынае нас рассаджваць. Ля мяне сядае хлопец нейкага “фраерскага” выгляду ў кэпцы. На плячы знутры, ад локця да падпахі бачная татуіроўка - з закручастых літар можна прачытаць Number One. За ім сядзіць мужчына з гадзіннікам “Едіная Россія”, па якіх я цішком зьвяраю час, каб паставіць яго правільна на сваёй мабілцы.
Кіроўца ўключае радыё а там сьпявае Вольскі. Гэта ж радыё Рацыя! Я лаўлю гэтыя аскепкі беларускага і спрабую намацаць сваю Радзіму ў нейкіх дробязях. Я проста шукаю знакі, што яна ёсьць. Песьня сканчаецца і потым гісторык Алесь Краўцэвіч пачынае лекцыю пра летувісаў у Польшчы ў 60-тыя гады і кіроўца пераключае на польскую радыёстанцыю. А я ўсё чытаю Гарэцкага...Мы ўжо да пад’ездзе да Кузніцы, дзе вялізным хвастом выцягнуліся фуры і легкавыя аўтамабілі. Кіроўца зноў пераключае на радыё і я чую навіны па-беларуску. Арыштаваны фатограф швэдзкіх мядзьведзікаў; нейкаму хлопцу прыслалі ліст з пракуратуры на мове, якая ледзь нагадвае беларускую ...і навіны з Горак. Там зьбіраюцца зьнесьці дом, у якім жыў Гарэцкі. Гарвыканкам вырашыў не надаваць будынку статус гісторыка-архітэктурнай каштоўнасьці і зьнесьці яго, каб вызваліць месца для пашырэньня дарогі.
Я пераключаюся на апавяданьне, дзе ў той час Абдзіраловіч прыйшоў да Карповіча з Васілём, прасіць вызваленьня сяброў. І ў адказ на пытаньне: - Ці ж вы, Ігнат Восіпавіч, яшчэ й цяперака не паспелі з сваім самавызначэннем?, адказаў - Я, бачыце, як беларус, патроху знаходжу сябе ў беларускай нацыянальнай і сацыяльнай свядомасьці.