Карнавальныя барыкады

Feb 22, 2017 15:20


Карнаваль, карнаваль, курвы танчуць баль!
(c) Ляпис Трубецкой

Карнавал - гэта такі маленькі апакаліпсіс, што адбываецца раз на год у Саўвадоры. У іншых месцах ён таксама бывае, але ў нас тут такі, асаблівы, зь мясцовым калярытам.

Даўно выношвала гэты допіс, ня першы год, і нарэшце накіпела так, што мушу выказацца.
Папярэджваю, будзе шмат літар, шмат здымкаў і шмат крытыкі. Але калі вам цікава - калі ласка, пад каты.

Сёлета мой пяты карнавал. Першыя два мы з мужам паспяхова хаваліся ў ягонай сястры за 800 км адсюль (не выязджаючы з нага штату, між іншым, а ў Беларусі ўжо колькі межаў перасеклі б). Потым зьбягалі ў іншы канец горада, але вымушаныя былі вярнуцца, і пераканаліся, што дома карнавал можна перасядзець, бо ў нашым раёне ён трохі паслабеў апошнім часам. Таму летась засталіся, нават выходзілі ранкам на прабежкі, і аднойчы ўліліся ў сьвята, калі даведаліся, што на карнавал прывезлі сапраўдную Сэпултуру. І сёлета застаемся, і з гэтай нагоды хачу вам падрабязна распавесьці, чым жа мне не дагадзіў карнавал.

Спачатку трошкі пра саму сутнасьць сьвята.

1. Калі ў вашым уяўленьні пры ўпамінаньні карнавала малюецца карцінка з самбадрома ў Рыа-дэ-Жанэйра: адмысловы стадыён з трыбунамі, паўголыя цёткі ў каляровым пер'і і школы самбы, нешта вось такое:



...забудзьцеся, у Саўвадоры адно назва супадае - канцэпцыя сьвята зусім іншая: "найвялікшае вулічнае сьвята", як яго актыўна рэклямуе цяпершаняя адміністрацыя горада. Што гэта значыць? Гэта значыць, што ў Саўвадоры маюцца тры асноўныя пляцоўкі, усе, зрэшты, у цэнтры горада, па якіх праходзяць музычныя блёкі, ёсьць больш традыцыйныя - акустычныя, а ёсьць сучасныя, дзе гурты з шоў праязджаюць па ўсім маршруце на грузавіках, а натоўп цягнецца за імі, прытанцоўваючы і падпяваючы. Чым гучней музыка - тым лепей. Стылі розныя, але збольшага папулярна-танцавальныя (самба, поп, ашэ, пагоджы і г.д. ну, электроншчыны нейкай, металу ці рэпу не ўбачыце звычайна).
2.



Тыя, хто сплочвае квіток на шоў пэўнай банды, атрымлівае адмысловую ідэнтыфікацыйную саколку і скача ўнутры зоны, абмежаванай вяроўкай. Каб кантраляваць гэтаую справу, існуюць адмысловыя "вяровачнікі" - гэта адская нізкааплочваемая праца. Але вуліца - вольная для ўсіх. Таму адразу за вяроўкай скача просты народ, якія ня плоціць за шоў, але сьвяткуе адразу побач. Іх ласкава завуць "піпока" (pipoca), або, у перакладзе на чыста беларускую, пап-корн, бо так жа бадзёра скачуць. Некаторых артыстаў аплочвае прэфектура і (ці) яшчэ нейкія спонсары, і там няма вяровак - можна афіцыйна скакаць усім.
Для вышэйшых клясаў існуюць трыбуны, каб глядзець на ўсе праходзячыя блёкі з вышыні. Ёсьць таксама варыянт зняць кватэру з вокнамі на карнавал. Калі падзяліць зь сябрамі, атрымліваецца нават таньней за трыбуны, і ехаць нікуды ня трэба.

Варта ўявіць маштабы натоўпа, каб зразумець, наколькі гэта ўсё не бяскрыўдна. Магчыма, праз вялікую колькасьць піва ў арганізмах, часта здараюцца бойкі. Існуе таксама традыцыя напампавацца ў залі "да карнавалу", каб прыгожа выглядаць і кагосьці "падчапіць", а таксама набрацца моцы, каб добра некаму "ўламіць". Штогод выходзіць падборка найкруцейшых карнавальных боек на ютубе (каму цікава, можна загугліць "brigas no carnaval de salvador"). Таксама ў шматлікіх асобаў мужчынскага полу лічыцца, што калі дзяўчына на карнавале не ў абдымку з сваім мужыком, значыць, зразумела чаго яна прыйшла, таму яе тэрмнова трэба аблапаць і засмактаць, ну і чаго-небудзь яшчэ, калі дазволіць. Пасьля карнавалу традыцыйна множацца выпадкі захворваньня на грып (штогод новы вірус атрымлівае імя па назве найбольш папулярнай карнавальнай песьні - крэатыў!), а таксама на ўсялякія іншыя захворваньні, што перадаюцца паветраным і полавым шляхамі.

Афіцыйна карнавал - гэта адзін толькі дзень - аўторак, гэта дзяржаўны выходны, па ўсёй краіне. Але ў Саўвадоры сьвята доўжыцца ад папярэдняга чацьвярга да аўторка. Доўжылася. Бо зь мінулага году на адной з трох асноўных пляцовак ладзіцца яшчэ і перадкарнавальле - у папярэдныя суботу-нядзелю, а сёлета, акрамя таго, і карнавал пачаўся, тамсама, ужо ў аўторак, то бок будзе ісьці бесперапынна восем поўных дзён.

Карнавал лічыцца высокім сэзонам у турызме. У наш трохмільённы горад прыязджае яшчэ прыкладна тры мільёны "гасьцей".

Сам карнавал афіцыйна не лічыцца аб'ектам спадчыны, але некаторыя ягоныя танцавальна-песенныя і касьцюмныя элементы ўнесеныя ў сьпіс нематэрыяльных культурных каштоўнасьцяў.

Ні культурнага турызму (у выглядзе хаджэньня па музэях, галерэях ды тэатрах), ні пляжнага ў час карнавалу вы не атрымаеце, хоць Саўвадор і мае славу першай бразыльскай сталіцы, багатай на гісторыка-культурныя каштоўнасьці. І за гэтую самую спадчыну мне баліць. І не мне адной. Пакуль адныя рыхтуюцца да карнавала, іншыя падымаюць дакументы аб ахове спадчыны, пішуць петыцыі, ладзяць пратэсты ды посьцяць жахі ў фэйбуках, намагаючыся супрацьстаяць несправядліваму абыходжаньню з спадчынай.

У чым жа праблема? Карнавал адбываецца якраз у цэнтры горада, у тым ліку ў гістарычным цэнтры, дзе сабраная безьліч гісторыка-культурнай спадчыны, якія як бы ахоўваецца дзяржавай. Пры гэтым, у афіцыйных дакументах ворганаў аховы спадчыны дэкляруецца, што вакол гісторыка-культурных каштоўнасьцей вызначаецца пэўная навакольная прастора, якая атачае аб'екты і ня можа быць зьмененай. У тым ліку гэта датычыцца спосабам азеляненьня, якія надаюць аб'ектам спадчыны старажытны выгляд. Для пабудовы якіх-кольвек аб'ектаў у непасрэднай блізкасьці ад аб'ектаў спадчыны, неабходны дазвол адмысловых ворганаў абароны спадчыны, пры гэтым пабудова не можа перагароджваць гэтыя аб'екты, замінаць іх бачнасьці. На паперы яно так, а на практыцы...

Тры асноўныя пляцоўкі карнавала - гэта тры маршруты, па якіх праходзяць карнавальныя блёкі.
Маршруты Додо (у раёнах Барра і Онджына, дзе карнавал доўжыцца больш за ўсё) і Озмар (у сярэдзіне якога мы жывем) названыя так у гонар вынаходнікаў музычных грузавікоў, без якіх сучасныя сьвяты не абыходзяцца. Беларусам, мабыць, спадабаецца іншы маршрут - Батачынья (што праходзіць праз гістарычны цэнтр), у перакладзе - Бульбачка! - у гонар аднаго вядомага тутэйшага выканаўца самбы, такая ў яго мянушка была.

Напярэдадні карнавалу я прайшлася па бліжэйшых да нас двух карнавальных маршрутах ды пафатаграфавала, як горад рыхтуецца да "найвялікшага вулічнага сьвята". На маршруце Додо карнавал пачаўся раней, таму сама я ня стала туды лезьці, але пакажу вам чужыя здымкі і пра яго.

Частка першая. Маршрут Озмар.

3. Так ён выглядае на мапе - пазначаны аранжавым, пачынаецца справа, ідзе налева, робіць крук і паварочвае направа па паралельнай вуліцы:



4. Набліжэньне карнавала лёгка вызначыць, выглянуўшы з вакна: па ўсёй плошчы ўсталёўваюць адмысловыя канструкцыі, дзе разьмесьцяць паліцэйскія пасты:



6. Так гэта выглядае зьнізу.



7. Пешаходам перакрываюць рух па плошчы, а яшчэ некуды сьцягнулі адмысловы кантэйнер для сьмецьця, якое можна перапрацоўваць. Напэўна, замінаў. Бо агульнае сьмецьце неяк жа будуць вывозіць штодня.



8. З іншага боку дома панаставілі прыбіральняў. Карнавал яшчэ не пачынаўся, а ўжо сьмярдзіць. І графіці прыгожае загарадзілі, ну але калі хто клапаціўся пра эстэтыку.



9. Гэты раён вельмі камерцыйны, тут шмат крамаў, якія будуць працаваць да апошняга, але на карнавал усё адно зачыняцца, хоць пакуль што выглядаюць, як звычайна.



10. А вось дзяржаўны ўстановы зачыняюцца загадзя і будуюць барыкады, перагароджваючы ходнікі, каб уратаваць сьцены "ад бруду", а болей ад мачы, бо на прыбіральні даходзяць ня ўсе.



11. Тут замуравалі вокны, каб не пабілі, але пра сьцены не паклапаціліся. Затое павесілі шыльду, каб нагадаць людзям, у які бок ісьці шукаць прыбіральні. Перад будынкам - адмысловыя пункты назіраньня для паліцыі, такіх шмат па ўсім маршруце.



12. Банк загадзя зачыніўся і набудаваў такія барыкады, што "з'еў" увесь ходнік, і пешаходы цяпер чакаюць зялёнага сыгналу сьветлафору прама на дарозе.



13. Забарыкадавалі музэй, у гістарычным будынку.



14. І бапытсцкая царква спалохана зачынілася.



15.



16. Усю матэрыяльную спадчыну аоўваюць такім чынам: саджаюць у "скрыні". Вось выглядвае Гадзіньнік сьвятога Пятра.
Вакол яго ідзе, як звычайна, вулічны гандаль.


17. За ім - чарговы паліцэйскі пост.



18. За ім - помнік барону Рыў Бранку. Ён высокі, яго відаць.



19. А вось колішняму імпэратару Жуаў VI пашанцавала меней. Бачыце яго? Ці толькі абеліск?
Зьлева, дарэчы, паставілі намёт для продажу піва маркі афіцыйнага спонсару карнавала (іншага піва ня будзе. свабода выбару? не, ня чулі).




20. А ён ёсць! Варта толькі ўстаць на дыбачкі ды зазірнуць.



21. Колішні губэрнатарскі палац (сёньня зрэдчас выкарыстоўваецца для правядзеньня выставаў і іншых культурных мерапрыемстваў) насупраць таксама забарыкадавалі.



22. Як гэтыя агарджы трымаюцца - незразумела. Зрэшты, у іншых месцах, бывае, выцягваюць брук, устаўляюць гэтыя "ножкі" ў дзірку і заліваюць цэментам. Брукаванку пасьля карнавалу на месца не вяртаюць, то можа, так і лепей.



23. Зусім інакш ставіць агароджу гатэль сеткі Шэратон:



24. Вось яго забарыкадаваны парадны ўваход:



25. І свае муры ён таксама абараняе:



26.



26. Але не ўсе так умеюць. Жылы будынак. Тут дык паставілі барыкады хіба каб начальства адвязалася:



27. Пляц Кампу Гранджы, ад якога пачынаецца карнавальнае шэсьце, з манументам Незалежнасьці Баіі ў цэнтры таксама перакрылі. Унутры - пасты паліцыі і пажарных.



28. Бегавая дарожка цяпер упіраецца ў мур. Ужо пару тыдняў, як немагчыма тут трэніравацца.



29. Звонку пляц абстаўлены прыбіральнямі. Пакуль іх разьвярнулі дзьверамі назад, каб ніхто не карыстаўся да карнавалу.



30. Прыбіральні і барыкады, што абараняюць жалезную агароджу ад, гм,в ыдзяленьняз тых, хто стоміцца чакаць у чарзе ў гэтыя прыбіральні.



31.



32.



33. Перад карнавалам абпільваюць галіны дрэў, каб не заміналі грузавікам. Зрэшты, калісьці ж іх трэба падпільваць.



34. З іншага боку пляца цягнуцца трыбуны. Вось гэтае каліва ходнікаў пакінулі не дзеля пешаходаў, а бо слупы замінаюць.



35. Трыбуны - від знутры.



36. Яшчэ ня ўсё будаўніцтва скончылася.



37. А гэтая брама - адзін з уваходаў на маршрут звонку. Тут будуць стаяць паліцэйскія і правяраць, ці не нясуць людзі якую зброю, наркотыкі або неспонсарскае піва ;-)



38. І нейкі праверачны пункт ад мэрыі, відаць, зьвязаны з брамай.



39. Усе гэтыя ружовыя ды чорныя агароджы стаяць пакуль "голымі", некаторыя - па пары тыдняў да сьвята. Але бліжэй да сьвята іх заклейваюць каляровай паперай з лягатыпам карнавала і спонсараў. Напрыклад, так:



40.



42. А вось яшчэ мосьцік абгарадзілі:


43. Так гэта звонку выглядае:



44. На трыбуны падвозяць піва:



45. Тут жа побач яго рэклямуюць:



46. Рэкляма піва разьмешчаная на "сьценцы" аўтобуснага прыпынку, які амаль цалкам дэмантавалі, бо падчас карнавалу ён працаваць ня будзе, а шкло пабіць могуць. Таму дах і заднюю сьцену зьнялі.



47. Гэта, дарэчы, адмысловая трыбуна паліцэйскіх і пажарных. І газон свой яны схавалі за барыкадамі, затопчуць жа.



48.



49. І побач з маршрутам - чарговы паліцэйскі пункт, каля царквы.



50. Інстытут геаграфіі і гісторыі Баіі, будынак якога таксама ў сьпісе спадчыны, агарадзілі.



51. А вось яшчэ адзін пляц, Піедаджы, або, па-наску, пляц Жалю. Тут калісьці казьнілі барацьбітоў за незалежнасьць, ну, сярод, іншых "злачынцаў". Як і Кампу Гранджы, ён абстаўлены прыбіральнямі.



52. Літаральна, з усіх бакоў.



53. Але гэты пляц зачынены цалкам. НІводнай адчыненай брамы для ўваходу не пакінулі.



54. Але калі заглянуць за агароджу...



55. Неблагое месца, каб схавацца ад карнавалу. Проста ёсьць людзі, якія на гэтым пляцы ў прынцыпе жывуць, бо іншага дому ў іх няма. Куды ім ісьці?



56. Вось што бывае, калі не дэмантуюць прыпынкі. Можа, проста не пасьпелі яшчэ, а разьбіць шкло ўжо нехта дабраўся.



57. Вонкавая частка плошчы з ходнікамі таксама часткова перагароджаная, праходзь як хочаш.



58. Затое пандус да паліцэйскага паста зрабілі.



На гэтым, мабыць, пяройдзем да наступнага маршруту.

Другая частка. Маршрут Батачынья (бульбачка!), праходзіць па гістарычным цэнтры і мае свае асаблівасьці.
Там няма грузавікоў, бо яны банальна не пралезуць у вузкія вуліцы, няма трыбунаў, з той самай прычыны, затое маюцца карнавальныя дэкарацыі.


59. Так выглядае маршрут на мапе, праходзіць праз амаль увесь гістарычны цэнтр Саўвадора, які, дарэчы, знаходзіцца ў сьпісе сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА. Сам маршрут для карнавальнай працэсіі караценькі (пазначыны аранжавым), але яшчэ адна спецыфіка гэтай пляцоўкі - мноства асобных сцэнаў з канцэртамі.



60. Пачынаецца маршрут ад помніка нацыянальнаму паэту Каштру Алвэсу. Хтосьці напісаў на агароджы: Каштру Алвэс вітае карнавал-2017! Патэрсан стаіць для маштабу: высокая агароджа, не пералезьці асабліва.



61. Вакол Каштру Алвэса настаўлена розных паліцэйскіх і камерцыйных пунктаў і вышак, а таксама прыбіральні.



62. Тут жа ўжо замуравалі ўваход у адзіны наш "вулічны" кінатэатар (на сёньня, гэта адзіны кінатэатр у горадзе, які дзейнічае не ў гандлёвым цэнтры, а вось так, сам па сабе).



63. Забарыкадаваная пошта.



64. Паліцэйскі пост.



65. Курсы прафэсійнай падрыхтоўкі зачыніліся і паставілі агароджу.



66. Гатэль рыхтуецца да адкрыцьця пасьля рэастаўрацыі, але таксама не забыўся адгарадзіцца, каб захаваць новенькі, толькі пафарбаваны фасад.



67. Тут абаранілі і фасад, і асобныя вокны.



68. Але і ў такой агароджы, здараецца, робяць дзьверы.



69. Вось ён жа, палац Рыў Бранку, але ня збоку, а галоўны фасад. Муніцыпальны пляц.
Перад палацам - літары, што складаюць назву горада - Саўвадор. ну як цяпер модна.


70. Усё яшчэ Муніцыпальны пляц, гістарычны будынак кшталту палаты дэпутатаў.



71. Пасадзілі ў скрыначку заснавальніка горада, якога зваць Томэ дэ Соўза. Ды паставілі адну з сцэнаў.


72. Тамсама, побач, іншая сцэна - перад будынкам прэфектуры.



73. І шэраг прыбіральняў.



74. Музэй міласэрнасьці, тут быў першы бразыльскі шпіталь. Агароджа ў працэсе пабудовы.



75. Ён жа.



76. Адна з брамаў, дзе паліцыя будзе абшукваць карнавальшчыкаў.



77. Зьлева - пажарны пост, справа - прыбіральні.



78. Усіх помнікаў рассадзілі па скрынках - і сьвятара...



79. І Зумбі - змагара за адмену рабства.



80. Замуравалі фантаны, а раптам засцуць патопяцца.



81. Яшчэ адзін фантан у палоне.



82. І калёны прыбіральняў паўсюдна.



83. Дабудоўваюць агароджу вакол катэдральнага касьцёлу.



84. Увесь выгляд гістарычных пляцаў псуецца гэтымі канструкцыямі. Зноў сцэна і паліцэйскі пост.



85. Яшчэ адна сцэна. Закрывае цудоўную пляцоўку з відам на заход сонца.



86. ГІстарычныя вулачкі ўпрыгожаныя вось такімі маскамі зьверху.



87. А яшчэ велізарнымі лялькамі, таксама ў скрынях, а як жа ж.



88. Лялькі і шэраг прыбіральняў.



89. Дзіўны персанаж з бананам на шыі (расізм?).



90. Турыстычныя крамы працягваюць працаваць, і, пэўна, будуць адчыненыя і падчас карнавалу, можа толькі менш на вуліцу выстаўляць будуць.



91. Сканчваюць мантаж дэкарацыі, прысьвечанай 50-годзьдзю трапікалізму - адмысловага к=накірунку бразільскай музычнай культуры.



92. Відаць, не ва ўсіх музеяў хапіла грошай на нармальную агароджу.



93. Тут дык толькі дзьверы перакрылі, каб не ламіліся.



94. А вось прыклад, калі эстэтыка не пацярпела, але функцыянальнасьць такой агароджы невялікая. У двор сьмецьця не накідаюць, а прыбіральню з гэтай сьцяны зробяць дакладна.



95. На некаторых сцэнах ужо праводзяць рэпетыцыі ды выступы.



96. Барабаны - самы хіт, асабліва на гэтай пляцоўцы.



97. Ці то рэпетыцыя, ці то ўжо нейкая карнавальная падзея, відавочна зьвязаная з афрабразыльскай культурай.



98.



І, нарэшце, трэцяя частка. Маршрут Додо. Праходзіць ён уздоўж мора і найпапулярнейшых пляжаў Саўвадора. Гэтыя раёны забудоўваліся пазьней, таму там больш месца для трыбунаў.

99. Тут, як я пісала вышэй, было перадкарнавальле, і сам карнавал пачаўся яшчэ ў аўторак (21-га лютага).
На перадкарнавальле развясёлы падпіты натоўп зьнёс агароджу і залез у прыватную ўласнасьць - на тэрыторыю жылога будынка. Здымак невядомага аўтарства, зь мясцовых медыяў.



Ну вось таму я туды пабаялася ісьці, далей - здымкі з фэйсбуку: Cly Loylie, Yumara Pessoa і старонкі Amabarra - SOS Barra.

100. Невялікая група актывістаў-абаронцаў спадчыны і спакою жыхароў зладзіла напярэдадні карнавалу пратэст: "Барра просіць паратунку". Барра - назва гэтага раёну. Тут за імі - пасты паліцыі да карнавалу, а далей - мадэрнічкі будынак пачатку ХХ стагодзьдзя, аб'ект спадчыны.



101.



102.



103. А тут пратэстуюць перад маяком, таксама, вядома, гісторыка-культурнай каштоўнасьцю і турыстычным аб'ектам.



104. Маяку асабліва не пашанцавала, вакол яго панабудавалі такіх канструкцый, што яго ледзьве бачна.



105.



106.



107.



108. Суседнюю з маяком крэпасьць, у якой нядаўна адкрылі музэй баіянскіх фатографаў, таксама амаль ня бачна за канструкцыямі.



109. Помнікі на гэтым маршруце таксама пасаджаныя ў скрыні.



110. нікуды не падзецца ад шэрагаў прыбіральняў, што і тут занялі ўсе ходнікі.



111.



112. І бонус ад прэфектуры - зьліў каналізацыі прама на пляж. Нагадваю, гэта самыя папулярныя пляжы горада. Падчас карнавалу тут, вядома, не праціснуцца, бо на ходніках месца не стае, дый асьвяжыцца народу хочацца. Дажджавы зліў тут рабіўся і раней, гэта само па сабе прыкра, бо пасьля дажджу ўвесь вулічны бруд сьцякае проста ў мора. Але тут іншая гісторыя - прыехала адмысловая асэнізатарская машына ад прэфектуры ды пачала зьліваць усё проста на пляж. У адказ на скаргі відавочцаў, прадстаўнікі прэфектуры пракаментавалі, быццам нічога такога не было, а проста прамывалі стокавыя каналы перад карнавалу - а чорнае - гэта пясок такі.



Церпяць ад забруджваньня пляжы і мора, церпяць ад невыноснага грукату і перакрытых пляцовак мясцовыя жыхары. Турысты ніякай прыгажосьці таксама не пабачаць - усё загароджана-перазагароджана. Такі карнавал.

карнавал, спадчына, архітэктура

Previous post Next post
Up