Каруру

Oct 30, 2016 14:13


Кажу маме, паедзем да сваякоў на каруру, трэба будзе як-небудзь і цябе звазіць, а то ты такога яшчэ не ведаеш. Яна кажа, як так, каруру я ела, памятаю. Але ж тое іншая справа. Каруру (націск на апошні склад) - гэта і страва (асноўны інгрыдыент - бамія, або яшчэ завецца окра, у Беларусі не сустракала, то можаце ў гугле глянуць), і сьвята.




Каруру мае афра-бразыльскае паходжанне, але тут моцны сінкрэтызм, таму каталікі, якія самі нібыта не вызнаюць ніякай іншай, афра-бразыльскай рэлігіі, як кандамблэ ці ўмбанда, гэтую традыцыю прызнаюць.

Звычайна каруру робяць як падзяку (богу, багам, арышам, сьвятым - у каго як) за нейкае зьдзейсьненае жаданьне. Гэта можа быць у прынцыпе што заўгодна, але калі ты загадаў жаданьне з такой умовай - ладзіць каруру што год, то мусіш выконваць усё жыцьцё. Каруру найчасьцей прымяркоўваецца да сьвята Кузьмы і Дзям'яна - 27 верасьня, гэтых сьвятых атаясамляюць у рэлігіі кандамблэ з боствамі-двайнятамі Ібэжы (націск на апошні склад). Таму звычайна верасень - месяц каруру. Ну і калі ў каго ў сям'і двайняты, то яшчэ і такая асаблівая нагода для каруру.

У сям'і Патэрсана каруру робяць пазьней і прымяркоўваюць да дня сьвятых Крыспінь і Крыспініану (São Crispim e São Crispiniano), які паходзіць ад бостваў-блізьнятаў з афра-бразыльскай рэлігіі ўмбанда (у Саўвадоры больш распаўсюджанае кандамблэ, а ўмбанда больш у Рыа, але і ў нас ё). Гэта 25 кастрычніка, але, каб зручней, сьвята ладзяць у апошнюю суботу месяца.

Ірасі, мама Патэрсана, і яе сястра Ірасэма - блізьняты, яны нарадзіліся ў 1946 годзе, у ліпені. Але ў кастрычніку адзначаюць асобна ад дня народзінаў яшчэ і вось гэты дзень, сьвятых Крыспінь і Крыспініану, сьвята каруру.
Гэта дзіцячы партрэт, мама зьлева, цёця справа. Стары здымак, які падфарбаваў Патэрсанаў брат Фэрнанду.



Гэтую традыцыю ў сям'і пачала іх мама, то бок Патэрсанава бабуля, як яны нарадзіліся, яшчэ ў 1946 годзе, а як яе ня стала, то дочкі працягвалі. Патэрсанава мама Ірасі таксама даўно ўжо памерла, але цётка Сінінья (Ірасэма) традыцыю працягвае ды пра сваю сястру ўзгадвае.

Само сьвята адбываецца так. Спачатку ля сямейнага алтара (на першым здымку бліжэй, там па цэнтры сьвяты Францыск) запальваюць свечкі, ставяць тры талерачкі ежы і тры шклянкі "віна" (вінаграднага соку), мабыць, праз Троіцу, але не ўпэўненая, не ўдакладняла.



Тады моляцца - гэта і прамаўленьне малітваў, і сьпевы. Дакладней не распавяду, бо не разьбіраюся ў такіх справах.



Прыканцы яшчэ ўсе з усімі абдымаюцца.



А потым, уласна, вячэра, якую загадзя гатуюць цягам двух дзён, каб усё пасьпець, бо там шмат розных страваў - з фасолі, рысу, курыцы, гародніны ўсялякай, кукурузы і салодкае.



Асноўная страва - каруру, па якой і названае сьвята. Яго звычайна найбольшая колькасьць. Нейкай асабліва вызначанай пітной традыцыі няма. П'юць вінаградны сок, які сімвалізуе царкоўнае віно, а потым можна піць сок і газіроўку таксама. Мне здаецца, што тэарэтычна можа быць і піва, але ў нас не было. Крэпкія напоі, здаецца, не ўжываюць у гэты дзень.



На каруру зьбіраюцца сваякі і суседзі і ўсе, хто пра гэта пачуе, бо можна прыходзіць без запрашэння, а гасьцям нельга адмаўляць, трэба ўсіх накарміць, таму гатуюць розных страў шмат.



Увогуле, каруру - добрая нагода сустрэцца з сваякамі, суседзямі, сябрамі, сабраць усіх разам, паразмаўляць пра старое, добра паесьці. На жаль, апошнія гады традыцыя трохі згасае. Не столькі таму, што старыя паміраюць, а маладыя не пераймаюць, а больш таму, што шмат хто пераходзіць у эвангелісты (нэапраэстанты), а яны ніякіх сьвятаў не прызнаюць, ні каталіцкіх, ні тым больш афра-бразыльскіх. Таму сямейныя традыцыі згасаюць і перарываюцца. Гадоў дзесяць таму яшчэ, кажуць, па гэтае каруру ў чаргу ўвесь горад стаяў (не трохмільённы Саўвадор, праўда, а нашмат меншы Кату, у якім уласна, цёця і жыве). А сёлета добра калі чалавек дваццаць набралося. Ну але што рабіць, усё зьмяняецца...



І на разьвітаньне яшчэ коткін партрэт, яе, дарэчы, клічуць Жадзі, як тую гераіню Клону, памятаеце?



сьвята, сям'я, каруру, кулінарыя

Previous post Next post
Up