Да пытання пераходу на лацінку

Dec 07, 2022 09:53

Ідэя пераводу беларускай мовы на лацінку ўступае ў супярэчанне з некаторымі патрыятычнымі ідэаламі:
- з памяццю пра спадчыну ВКЛ;
- з выхаваннем разумення таго, што гістарычнае "рускі" не роўнае "расейскаму";
- братэрскай сувязі з украінцамі, будаванню альянсу з імі.

Што да практычнага боку, то як і напісанне "Ь" з мэтай прымусіць яго вымаўляць, лацінка ў беларускай мове зараз і ў бачнай будучыні нічым не дапаможа захаванню беларускай мовы. На першы погляд, іншы алфавіт - цудоўны бар'ер і цудоўная абарона ад уплыву іншай мовы. Па факце ж, галоўнае значэнне мае ўсё ж гаварэнне, пісьменнасць ідзе потым.

Захаванне беларускай мовы і яе адгараджэнне ад рускай не робіцца праз механістычную замену алфавіта. Захаванню і адгараджэнню служыць моўны бар'ер і шчыльнасць асяроддзя, яго звернутасць на сябе. Калі носьбіты або карыстальнікі не падвяргаюць сябе пастаяннай рускай мове вакол сябе, а атачаюць сябе беларускімі суразмоўцамі і кантэнтам, канцэнтруючы ўсё гэта, то тады і ўзнікае свая сфера. А на мяжы сфер - той самы бар'ер.

І такая сфера потым можа пашырацца, калі не створыць сама сабе перашкод.
Previous post Next post
Up