"З чаго пачаць?"

Dec 22, 2022 11:18

З чаго пачаць. Гэта пытанне, якое задае навічок. Пры вывучэнні нейкай існасці або нейкай дысцыпліны навічок і знаўца знаходзяцца ў няроўных пазіцыях. У знаўцы нейкая тэма ў галаве ўжо ёсць, яна размеркавана па адсеках, шуфлядках і дробных кішэньках. Або, калі хочаце, рассаджана на ствале, галінах, дробным вецці і лісціках. А ў навічка на гэту тэму нічога няма, або вобраз тэмы - драўляны балванчык або дзіцячы рысунак.

Знаўца з лёгкасцю можа выліць на навічка ўсю сваю веду, растараторыць яе аўтаматам. Бедны навічок схопіцца за галаву, не так хутка ж. З вылітага на яго ён запомніць частку, прычым не здолее вылучыць асноўнае і другараднае. Бо ён навічок, адкуль ён ведае. І знаўца можа задаць пытлю, што ж ты, маўляў, за дурань, хіба не бачыш, што гэта другараднае?

Такі "знаўца" стане вучыць ваджэнню метадам "узяў і паехаў", а потым здзіўляцца, чаму навічок спачатку спрабуе крануцца, газуючы і адпускаючы счапленне, але нічога не робячы з рычагом перадачы. Або ён будзе вучыць дзіця карыстанню хуткаваркі ці пралкі, загрузіўшы з ходу самымі прасунутымі функцыямі і метадамі.

Вучэнне пачынаецца ад асноў, ад простага. Гэта грунт для замацавання прамежкавых ступеняў, а потым і тонкасцей. Бо так пабудаваны людскі розум, бо такія абмежаванні. Веда расце як дрэва, разгаліноўваючыся.

А яшчэ адна і тая ж існасць, адна і тая ж тэма можа вывучацца рознымі альтэрнатыўнымі дысцыплінамі. І знаўца таксама можа валодаць некалькімі дысцыплінамі для абыходжання з адной і той жа тэмай. Аднак навічкоў засцерагаюць ад таго, каб скакаць між дысцыплінамі, між вучэннямі, браць ад кожнага патроху. Бо кожная асобная дысцыпліна выбудоўвае сваю "карту" да існасці, і гэта адзіная сістэма каардынат у межах дысцыпліны. Мяшаючы "карты", не ведаючы ўласна мясцовасці, можна згубіць арыентацыю.

З чаго пачаць... Бывае, цікавішся алфавітам новай мовы і табе ў першых выніках пошуку прапануюць даведкі пра тое, што алфавіт гэтай мовы мае некалькі разнавіднасцей, называюцца яны так і гэтак. Эх... Дайце мне тую, якую вучаць у вашых школах. Але проста не даюць, трэба дачытаць да сярэдзіны артыкула.

Бываюць грунтоўныя знаўцы. Карыфеі, эрудыты, майстры. Толькі фантаніруюць яны сваімі спазнаннямі не заўжды на карысць. То змешваюць асновы з тонкімі нюансамі, то змешваюць кунг-фу з таэквандо. А заблытаны навічок навучаецца браць адусюль і збоўтваць, змешваючы.
Previous post Next post
Up