Культ "Ь" як маркёр скажонага засваення роднай мовы

Nov 27, 2022 13:10

Зноў па Фэйсбуку пракаціліся калажы пра мяккі знак, з-за адмены якога беларусы нібыта перасталі адлюстроўваць у маўленні асіміляцыйную мяккасць. Але гэта не так. І гэта вельмі сумная тэма, яна выходзіць за межы правапісу. Яна сумная таму, што ўжо нормай стала разуменне, што на беларускай мове можна загаварыць, толькі папярэдне вывучыўшы яе, прычым вывучыўшы з дапамогай пісьмовых сродкаў. Такая ж праява гэтага заняпаду, саломінка для тапельца - школьныя тлумачальна-перакладныя слоўнікі. Дык-жа скажу пра ўсю з'яву.

Адлюстраванне або неадлюстраванне асіміляцыйнай мяккасці не ўплывае на вымаўленне. Калі ўзяць людзей, выхаваных па-беларуску ў асяроддзі, прыроджаных носьбітаў, у іх ёсць гэтая мяккасць. Ёсць яна ў навучаных дарэформеннай грамаце, ёсць у навучаных у паслярэформеннай, ёсць у абсалютна непісьменных. Бо сэнс роднай, першай мовы - гэта калі яна засвойваецца вусна праз зносіны. Дзіця не вучыцца пэўнай мове, дзіця вучыцца проста гаварыць. Нованароджаны чалавек спасцігае мову, вылучаючы яе элементы з арганічнай моўнай "масы", паступова будуючы ў мозгу мадэлі, робячы памылкі і набліжаючыся да ўзору. "Баба" замест "мама", "абата" замест "сабака" (а мо замест "гарбата" і г.д.) Ад цэлага да частак.

А другая і наступная мова ў жыцці, як правіла, вывучаецца на аснове першай і ў іншым напрамку. Ад частак да цэлага. Алфавіт, базавы спіс слоў, сказы і г.д. Гэта дзве розныя перспектывы, два розныя адпраўныя пункты. Гэта як від гары для таго, хто ўнізе, і таго, хто на вяршыні.

Калі Багушэвіч, прыкінуўшыся простым Мацеем Бурачком, пісаў землякам, што тое, на чым яны гавораць, гэта не абы-што, а цэлая мова, ён актуалізаваў і вербалізаваў нешта падсвядома зразумелае. Мова была, хоць не было яе слоўнікаў і граматык. Каб гаварыць на ёй, людзям вялікага абшару яны і не трэба былі. У жыцці кожнага з іх яна была першай. Яны засвойвалі яе вусна. Дзеці на падворках называлі сабаку спачатку абата, потым бабака, а потым сабака.

Калі гэта жывое і вуснае маўленне ўсвядомілі, зафіксавалі, сістэматызавалі, то яно трапіла ў слоўнікі і падручнікі. Але носьбіты, прыроджаныя носьбіты ведалі, што ў падручніках пэўная норма, вытрымка агульнай, шматстайнай, шырокай і прыроднай мовы, а для ведання самой мовы дастаткова вырасці сярод тых, хто на ёй гаворыць.

А потым надышлі пакаленні русіфікацыі. Потым многіх беларусаў зацвялілі за іх мову, яны перасталі размаўляць на ёй публічна, яны сталі гаварыць з дзецьмі па-руску і аддаваць дзяцей у рускія школы. І для гэтых дзяцей першай мовай стала руская. Як тая, на якой яны навучыліся і працягвалі гаварыць. І ў школах рускую мову яны не вывучалі, яны ў ёй выхоўваліся і атрымлівалі веды. А на ўроках рускай мовы засвойвалі яе норму, яе "узорную" вытрымку. Флэшбэк: на такіх уроках вам могуць сказаць, што одевать штаны - няправільна, але не скажуць, што гэта не па-руску.

І чым аказваецца для такіх людзей беларуская мова? Тым жа, чым і любы іншы моўны прадмет у школе - акрамя рускай. Як нямецкая ці англійская. Беларуская мова робіцца другой. Беларуская мова прыходзіць з падручнікаў і слоўнікаў. Яна прыходзіць звонку, яе вывучаюць ад прыватнага да цэлага. Іншая перспектыва.

Калі ўжо нарэшце я скажу пра мяккія знакі? Вось зараз. Між адменай мяккіх знакаў і стратай мяккасці ў маўленні рупліўцы дарэформеннага правапісу бачаць прамую сувязь пастолькі, паколькі ўжо звыкліся і не ўяўляюць інакшага спосабу засваення беларускай мовы, як яе вывучэння. Маўляў, не ўбачыў на пісьме - не прамовіў. Гэта і сумна, нават скрушна.

Так, вучні рускамоўных школ і дзеці абруселых бацькоў беларускую мову вывучаюць. Як другую і на аснове рускай. І падчас навучання не засвойваюць правільную фанетыку, хаця яе не адмянялі і не забаранялі. І правапіс тут ні пры чым.

Прыклад. Толькі паступіўшы ў МДЛУ (прывітанне выкладчыкам альма-матар!), я даведаўся, што ў нямецкай і англійскай мове галосныя дзеляцца на доўгія і кароткія (адкрытыя і закрытыя), што гэта розніца істотная для размежавання сэнсу слоў. Füllen і fühlen - не аднолькавае "фюлен". Live і leave - не аднолькавае "лів". У школе навучылі алфавіту, прыблізнаму вымаўленню, лексіцы, граматыцы і іншым асновам, але да самых тонкасцей не дайшлі. (Калі дакладна, у школе я вывучаў нямецкую. Перадаю прывітанне і падзякі, шаноўная настаўніца нямецкай!)

Так і пры вывучэнні беларускай рускамоўнымі дзецьмі ў рускамоўных школах. Да тонкасцей фанетыкі не дайшлі. Першая мова гэтых дзяцей - руская, у цяперашняй рускай мове асіміляцыйная мяккасць адсутнічае (некалі была), і вывучаючы аналагічную, беларускую мову, вучні пераносяць устаноўкі з гэтай першай і не змякчаюць, калі іх гэтаму не вучаць. Не да тонкасцей. У плану ўроку не напісана.

Але сюрпрыз у тым, што мы якраз-такі ведалі правільнае вымаўленне і нават маглі яго выдаць. Чулі "калгаснікаў" з рэальнага жыцця, а не з кніг і школы, і перадражнівалі іх мяккае "СЬмятана" і "ДЗЬверы", перадаючы нават патрэбную шапяляватасць. Ім бы вось у такія моманты сказаў які настаўнік, якія малайцы, вось яна правільная фанетыка, так і вымаўляйце. Але ў плане ўроку не запісана. Вось і вырастаюць рускамоўныя вучні рускамоўных школ з уяўленнем, што школьнае вымаўленне, якое не дайшло да тонкасцей, гэта беларуская мова, а "СЬмятана" і "ДЗЬверы" -"колхозный язык”.

Так, калі б на ўроках, у падручніках вучні бачылі "Ь" ў патрэбных месцах, то больш імаверна, што яго б зачытвалі. Аднак маем і адваротны прыклад. Пасля масавага вяртання мяккіх знакаў у прэсе, пасля ўсіх тлумачэнняў пра правільнае вымаўленне людзі працягвалі прамаўляць па-старому. У галаве адклалася, што проста так правільна пісаць. Мала вярнуць мяккі знак у школы, каб людзі вымаўлялі мякка, бо трэба яшчэ, каб настаўнікі беларускай мовы падавалі прыклад і паказвалі сувязь. Калі настаўнікі, якім не да тонкасцей, засвояць новую вучэбную праграму і гэтаксама ўспрымуць, што так трэба пісаць, то вымаўленне застанецца на месцы, а "Ь" канчаткова сцвердзіцца як фетыш.

Самае галоўнае. "Слана не заўважылі". Страта мяккасці ў вымаўленні вынікае з русіфікацыі, з выхавання людзей па-руску і з таго, што беларуская робіцца бы замежная і вывучаецца як замежная. Прапагандысты мяккіх знакаў або ва ўпор не заўважылі гэтай вялізнай праблемы, або змірыліся з ёю як з данасцю, або зрабілі з графікі культ.

Спадзяюся, што ўсё ж і заўважылі і не змірыліся, бо помню артыкулы пра адраджэнне валійскай мовы, дзе апісваўся досвед валійцаў. Занураць у асяроддзе, тлумачыць дзіцяці валійскія словы іншымі валійскімі словамі. Паказваць пальцам на прадмет, але не ўжываць англійскай.

Тут жа трэба сказаць пра навучанне дзяцей беларускай мове. Жаданне зрабіць так, каб дзеці гаварылі па-беларуску, вельмі цешыць. Аднак ёсць розніца - выхаваць у ёй або навучыць ёй. То-бок, гэта будзе выхаванне ў беларускай мове або навучанне беларускай мове. Беларуская мова не робіцца роднай, калі ёй навучаюць двухмоўнымі карткамі. Яна не робіцца роднай і тады, калі дзяцей навучаюць беларускаму алфавіту і садзяць за кніжкі. Бо азбуку вучаць пасля таго, як дзіця ўжо навучылася гаварыць праз прамы кантакт з носьбітамі. У асяроддзі. Вусна. Ужо потым аналітычна яно спасцігае, што слова дзеліцца на літары (пра фанемы ведаць зарана). Вуснае маўленне спачатку, буквар - потым, кнігі - потым, іншыя мовы - потым.

З гэтым скрушным станам трэба нешта рабіць. Бо гэта як косць, якая няправільна зрастаецца. У грамадстве фіксуецца, укараняецца ўяўленне пра беларускую мову як прадмет вывучэння. Губляецца яе разуменне існасці, дзе можна знаходзіцца ўнутры, да якой можна прыналежаць, з якой можна вырастаць. Умацоўваецца яе прывязка да рускай мовы, умацоўваецца яе функцыя ў працэсе перакладання.

А практычны спосаб навучыць мяккасці - гэта, напрыклад, дзядзькаванне. Занурыцца ў асяроддзе тых, хто гаворыць "СЬмятана" і "ДЗЬверы". Хаця і неабавязкова. Многія з нас ужо гэта ўмеюць. Чулі і перадражнівалі, не ведаючы, што гэта правільна. Бо не адрознівалі спасціжэнне мовы знутры і яе спасціжэнне звонку.
Previous post Next post
Up