Ужо 15-ы год запар пішу тут вынікі года.
- Сям'я.
Сын Паша стаў размаўляць па-беларуску (ад жонкі) і па-англійску (ад мяне). Руская мова ў яго наперадзе.
Восенню ён пайшоў у дзіцячы садок.
- Бізнес.
З 16 сакавіка COVID-19 выгнаў нас на дыстанцыйную працу. І з той пары офіс стаіць амаль пусты.
Кампанія за год засталася прыкладнага таго жа памеру. Былі новыя цікавыя праекты, у тым ліку па Data Science.
Працуем над новым прадуктам: даследаванне карпаратыўнага клімату.
- Выкладанне.
Навацыя года: з красавіка пачаў весці анлайн-заняткі, чаго раней ніколі не рабіў. Даўно думаў пра анлайн-фармат, але не хацеў яго, ды вось каранавірус прымусіў - і ўсё атрымалася.
Да спісу гарадоў, дзе я вёў вочныя заняткі (Мінск, Брэст, Магілёў, Ліда, Кіеў), сёлета дадаўся Салігорск.
- Геаграфія.
За цэлы год ніводнага разу не пакінуў межаў Беларусі. Гэта для мяне першы такі год за як мінімум 20 год.
Затое добра паездзіў па Беларусі: Ракаў, Сынкавічы, Зельва, Вязынка, Івянец, Ружаны, Пружаны, Жалудок, Мураванка, Шчучын - гэта пералічыў толькі тыя месцы, дзе раней не бываў.
- Іншае.
У канцы лістапада - пачатку снежня перанёс COVID-19, прычым не ў самай лёгкай форме, а бліжэй да сярэдняй: з пнеўманіяй, высокай тэмпературай і нядобрымі аналізамі крыві.