Aug 20, 2016 18:42
20.07.2016. Дзень пачаўся з сумнай навіны- у Кіеве забіты Павел Шарамет. У 7.45 ён сеў у машыну і праз нейкі час на вуліцы горада яна ўзарвалася…
Адзінокі белы ветразь у моры, як белы сцяг…
Людзей на пляжы, як апалага лісця пад райскім дрэвам…
Вецер ганяе па пляжы пясок, з якога дзеці будуюць замкі. Замкаў шмат, як у васямнаццатым стагоддзі…
Хадзілі па лесе, як следапыты. Няспешна, разглядаючы ўсё навокал. Бачылі незнаёмых птушак і вавёрку, якая ўзбегла на вершаліну сасны і кідала на нас шышкі…
Купаўся. Вада цяплейшая, чым паветра. Нашу пасцілку пакуль мы плавалі амаль замяло пяском.
А сёмай вечара пайшлі ў рэстаран на сустрэчу з Ксеніяй Шталянковай. Яна ў Паланзе з усёй сям’ёй- бацька, маці, бабуля і малы сабачка. Я замовіў грыбны суп і каву. Прынеслі маленячкую філіжаначку, у якой пяць лыжак кавы. Побач паставілі келіх з вадой і паўкілаграма цукру. Гледзячы ўпершыню на такую каву, я толькі ўсміхаўся і стараўся паводзіць сябе, нібыта так я заўсёды п’ю.
У рэстаране прагаманілі амаль тры гадзіны. Паветра было халодным, а размова цёплай…
Вярнуўшыся дадому, перад сном запісаў восем радкоў:
Зноў вецер нястомны ганяе па пляжы пясок
І нашы з табою сляды замятае адразу.
І поўня ў нябёсах, нібы апельсінавы сок
Замерзлы ўначы і яшчэ не адпіты ніразу
Ні мной, ні табой, ні марскімі ваўкамі,
Што знаюць, што сонца і сёння з-за лесу ўсплыве
І знікне пясок, нібы стомлены снег пад нагамі
І мы зноўку пойдзем дамоў па адвечнай траве…
вандроўка