Dec 23, 2015 17:34
23.12.2015. Прачытаўшы Адама Глобуса пра тое, што яго парадавала ў 2015 годзе, вырашыў і сам занатаваць сваё радаснае і сумнае.
1. Едучы ў родную вёску Пугачы, не абмінаў Ракаўскія могілкі, дзе спачываюць бацькі.
2. З Людмілай адведвалі пісьменнікаў, якія пахаваны на Кальварыі, на Вайсковых могілках і на Усходніх.
3. Адведаў Анатоля Сыса. Быў у яго дома і ў школе, дзе ён вучыўся.
4. З Людмілай прымаў удзел у свяце роднай вёскі.
5. Удзельнічаў у святах паэзіі ў Валожыне, Маладзечыне, Стоўбцах, Ляўках. Высупаў у Музеях Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, у бібліятэках Мінска.
6. Здаецца ніразу не прапусціў вечарыны тэатра “Арт.С”, дзе таксама чытаў вершы.
7. Удзельнічаў у прэзентацыях кніг сяброў “Літаратурнага прадмесця” і тых паэтаў, якія запрашалі на свае вечарыны.
8. Даваў інтэрв’ю для газет, для радыё і тэлебачання.
9. Працуючы ў выдавецтве, не быў раўнадушным да выдання новых тамоў збору твораў Уладзіміра Караткевіча і Івана Навуменкі.
10. Не даваў спакою Людміле Крушынскай, каб яна здавала ў друк рукапіс кнігі пра Уладзіміра Мулявіна. Часта і настойліва турбаваў Галіну Шаблінскую і гэта займела вынік-да друку рыхтуецца і ў пачатку 2016 года выйдзе ў свет у серыі “ЖЗЛБ” кніга пра жыццё і творчасць Кузьмы Чорнага.
11. Друкаваўся ў “Полымі”, “Маладосці” і “ЛіМе”.
12. Выдаў кнігу “Заўтра была адліга”.
13. Працягваў змяшчаць у фэйсбуку новыя “Сабачыя гісторыі”.
14. З Людмілай былі ў Амстэрдаме, Парыжы, Бардо, Жэневе, Барселоне, Мюнхене. Пра вандроўку на аўтобусе па гэтых гарадах напісаў у сваім дзённіку, які будзе часткай працягу майго рамана “Заўтра была адліга”.
Мог бы і далей успамінаць, чым адметным быў для мяне 2015 год, але не хачу нікога стамляць сваімі радасцямі.
А цяпер пра сумнае.
1. Ёсць людзі, якім я не змог дапамагчы. Яны пра гэта ведаюць.
2. Ёсць людзі, якіх я пакрыўдзіў. Я пра гэта памятаю. І мне сорамна.
3. Усё, што было радасным, яно і сумнае, бо мінула…
жыццёвае