Jan 17, 2016 14:01
15.01.2016. Георгій Барташ з сябрамі, пачынаючы з 2007 года, у час навагодніх свят праводзіць фестываль аднаго каляднага верша, у якім звычайна ўдзельнічаюць каля ста паэтаў, што жывуць у нашай краіне і ў блізкім замежжы. Я з Людмілай Рублеўскай, Андрэем Хадановічам і Наталляй Капай ва ўсіх гэтых фестывалях быў у журы. Сёлета давялося прачытаць 98 аўтараў, чые творы былі дасланы пад псеўданімамі, і выбраць з іх дзесяць фіналістаў і аднаго пераможцу.
Фінальная вечарына прайшла ў Галерэі TUT.BY. Народу было поўная зала. За дзесяць хвілін да пачатку імпрэзы Георгій Барташ раздаў сябрам журы сцэнар, з якога мы даведаліся прозвішчы сваіх фіналістаў і пераможцаў. На гэты раз са сцэны гучалі вершы на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах. Сярод незнаёмых фіналістаў былі і даўно знаёмыя прозвішчы- Міхал Бараноўскі, Сяргей Балахонаў (не прыехаў, але мы яго змаглі пабачыць і паслухаць па камп’ютэры), Алесь Ліпай, Ігар Клепікаў, Таццяна Нядбай, Аляксей Арцёмаў (прыслаў сваё відыёпрывітанне з Тулы), Алесь Плотка, Таццяна Барадуля, Эдуард Дубянецкі, Ірына Ляшкевіч, Дзяніс Кандрацьеў.
На ўсё жыццё гэтая вечарына павінна запомніцца фіналістцы фестывалю Ганне Авоце, якая, прачытаўшы свой верш, са сцэны сказала: “Каваль! Калі ты яшчэ не супраць таго, каб я выйшла за цябе замуж, то я цяпер табе кажу, што я згодная!” Каваль устаў з крэсла, абняў паэтку і пацалаваў!
Кожны з сяброў журы назваў свайго пераможцу. Першай атрымала прыз ад Юрыя Завадскага (Украіна) Таццяна Скарынкіна. Уручаў Андрэй Хадановіч. Потым ад Дзмітрыя Строцава Андрэй Бастунец. Вольга Базылёва прызнала найлепшым верш Аксаны Спрынчан, якая не змагла прысутнічаць на вечарыне, бо ў гэты ж час у бібліятэцы імя Цёткі вяла спектакль тэатра “Арт. С”. Сяргей Сыс назваў пераможцай Кацю Аліхвер. Людміла Рублеўская-Рамана Абрамчука, Вольга Гронская і Андрэй Хадановіч- Антона Рудака, Наталля Капа і Вольга Базылёва-- Раксалану Жаркову (Украіна), Андрэй Хадановіч-Уладзю Лянкевіча. Я свайго пераможцу выклікаў да мікрафона апошнім, калі з пачатку вечарыны мінула амаль тры гадзіны. Не ведаю, што думаў Стась Карпаў, калі імпрэза падыходзіла да завяршэння, а я хваляваўся: “Хаця б ён не сыйшоў дамоў раней часу!” Не сыйшоў. І так атрымалася, што Стась Карпаў стаў асноўным пераможцам. Яго выбраў яшчэ і Віктар Жыбуль, і амаль усё сябры журы яго верш прапанавалі для ўдзелу ў фінале. Дарэчы на леташнім фестывалі асноўнай пераможцай была Марыйка Мартысевіч, чый верш я прызнаў найлепшым.
Амаль тры гадзіны праляцелі, як тры хвіліны. За гэты час прысутныя паслухалі каля пяці дзясяткаў вершаў і песень. Усе песні былі выкананы прафесійна, а вось вершы некаторыя фіналісты і пераможцы чыталі са сцэны кепска і магчыма ў некаторых слухачоў узнікала пытанне: “Чаму ён лепшы? Нічога асаблівага ў гэтым творы няма!”
Вялі вечарыну Георгій Барташ і Міхал Бараноўскі. Георгій на завяршэнне выканаў цудоўную песню на словы Вольгі Базылёвай у сваім перакладзе на рускую мову, сказаўшы з усмешкай: “Увесь гэты фестываль і вечарына былі задуманы толькі для таго, каб я цяпер вам паспяваў, а вы паслухалі!”
жыццё літаратскае