Майстар-клас

Apr 20, 2015 14:16

Франак засынаў зь цьвёрдым намерам напісаць-такі гэты аповед. Фабула й пэўныя дэталі былі прадуманыя. Ён ведаў, што падчас напісаньня непазьбежна ўзьнікнуць новыя дэталі і сюжэт можа зьмяніцца кардынальна. Шмат што вызначаў рытм занатоўваньня. Хацелася, каб аповед атрымаўся лаканічны й чытэльны, а Франак ведаў за сабой грэх у пэўным творчым шматслоўі (каб не сказаць занудонстве).
Часам кампазіцыя выбудоўвалася ў галаве вельмі ўдалая, а як пачаць Франак ня ведаў. Некалькі аповедаў так і засталіся ў зародкавых накідах праз тое, што немажліва было прадзерціся праз уласныя рэфлексіі. Гэта яму. А што тады казаць пра чытача?!.
Гэтым жа разам Франак выдатна ўяўляў, з чаго пачаць, і нават накідаў невялікі планчык перад сном. Яго галоўны герой (імя пакуль не было, але дзеля пачатку хопіць і нейкай умоўнай літары), дык вось пачынаўся аповед з таго, што Галоўны Герой згадвае пра адзін з сваіх першых моцных успамінаў у жыцьці. Ну, не абавязкова, каб сам згадваў (запісваць думкі чалавека ў выглядзе простай мовы Франак уважаў за маветон).

Франак вырашыў, што аповед мусіць весьціся ад трэцяе асобы. Можна пачаць неяк так: “Адным зь першых моцных успамінаў у жыцьці А. была сцэна абразаньня пазногцяў...” Пазногці абразалі яго малодшай двухгадовай сястрычцы-пагодцы. Ну і вось. Галоўны Герой ляжыць у ложку, ня могучы заснуць, у іх сумесны зь сястрой пакой крадком заходзяць бацькі з нажніцамі: у бацькі - вялікія, для валасоў, у маці - манікюрныя (у нядрэмным стане пастрыгчы сястрынскія кіпцюры, альбо тым больш валасы, было справай нерэальнай - усчынаўся жудасны лямант, што пераходзіў у істэрыку, зь якой дзяўчо выходзіла доўга й пакутліва). Удала падкараціўшы пазногці, абадзёраныя посьпехам, бацькі вырашаюць паменшыць і даўжэзную чолку малой. Галоўнаму Герою тым часам надакучае моўчкі ляжаць і назіраць. Яму хочацца, каб на яго зьвярнулі ўвагу, і ён пачынае штосьці мармытаць, нібыта ў сьне. У гэты час бацька прыставіў быў вялікія нажніцы да пухнатых валосікаў малой. Тая расплюшчыла вочы, пабачыла бацьку з нажніцамі й пачала дзіка раўці: “Ваёсікі-ваёсікі, ня т’эба ваёсікі!..”
Прачнуўся Франак, поўны імпэту працягнуць. Агульны сюжэт аповеду ці, праўдзівей, яго кульмінацыйная частка, была ўзятая, як кажуць, з жыцьця. Былая Францішкава дзеўчына распавяла неяк пра хлопца - як кажуць, знаёмага знаёмых - наступную гісторыю. Хлопец моцна захапляўся музыкай. Лабаў у школьнай ці тое гранж, ці тое панк-бандзе на басусе. Выгадаваў сабе даўжэзнае “пяро” (фрызуру з даўгімі валасамі) плюс уся адпаведная атрыбутыка (касуха, бандана, фенечкі, значкі й да т.п.). Ягоны бацька быў катэгарычна супраць сынавых захапленьняў. Да ўсяго, ён выкладаў у гімназіі, якую той заканчваў. На разьвітальным званку мусіў граць гурт хлопца. Бацька сказаў сыну, каб той пастрыгся, бо з такой “парнаграфіяй” на галаве нельга паказвацца ў прылічным таварыстве, а тым больш - на далейшых выпускных і ўступных іспытах. Хлопец не паслухаўся й прыйшоў на выступ з ранейшай чохай, але, як і ўсе іншыя музыкі, бяз рокавай атрыбутыкі, а ў бездакорных “троечках”. Бацька, пабачыўшы, што яго загад ня выкананы, дэманстратыўна сышоў з канцэрту.
Наступнага ранку, перад першым выпускным іспытам, хлопец прачнуўся, пайшоў у лазенку й больш ніколі ня выйшаў адтуль. Уночы бацька падкараціў сынава “пяро”. Пабачыўшы тое ў люстры, сын павесіўся на бялізнавай аборцы...
Гэтая гісторыя моцна ўзрушыла Франака. Пра той выпадак пісалі ў СМІ. Ён адмыслова палазіў па нэце ды знайшоў тыя публікацыі, але даведаўся ён ня больш за тое, што распавяла дзеўчына. Не было, напрыклад, ніякага каментара псіхолага: так, звычайная гарачая навіна-аднадзёнка ў пяць сухіх сказаў і фотачка чыіхсьці ног, што вісяць над лазенкавай кафляй. Між тым, Францішку цікава было разабрацца ў псіхалагічных нюансах гэтага здарэньня. Разабрацца, вядома, творчым чынам...
Што праўда, Франак не зусім уяўляў, як трэба раскручваць псіхалогію паводзінаў персанажаў задуманага твора. Акрамя бацькі з сынам, неабходна было ўвесьці й іншых сямейнікаў, а таксама школьных сяброў, магчыма, настаўнікаў і г.д. Такім чынам, пра тое, як будзе пачынацца і чым сканчацца аповед Франак ведаў. Але зь сярэдзінай-кульмінацыяй, вытлумачэньнем псіхалогіі ўчынку галоўнага героя, было значна цяжэй.
З уласнага досьведу Франак тут нічога ўзяць ня мог: стасункі з бацькам у яго былі добрыя. Звыш за тое, сяброўскія. Ён ня мог нават уявіць, каб ягоны бацька зьдзейсьніў штосьці падобнае - той быў чалавек мяккі, працаваў у архітэктурным інстытуце і заўжды заахвочваў сына да творчасьці й самавыяўленьня, зь дзяцінства вучыў, што галоўнае ў чалавеку - індывідуальны пачатак. Падсоўваў “слушныя” кнігі, фільмы, музыку (сваё імя Франак, ці Франц, атрымаў у гонар улюбёнага татавага аўтара).
У Франака быў сябра Зьміцер, які пад піва часам скардзіўся на свайго бацьку. Маўляў, той усю дарогу падаўляе яго асобу. Зьміцер казаў, што ў іх дома заўжды лунаў дух таталітарызму (тата-літарызму, як ён з сумам жартаваў). З школьных гадоў ён чакаў бацькавага прыходу з працы з унутраным жахам і заміраньнем. Прыходзячы, той першым чынам пачынаў правяраць урокі, дзёньнік, пытаўся ці памыты посуд і прыбраны пакой. Зьміцер і цяпер, у свае 24, ня мог нічога з сабой зрабіць, калі да яго ў новую кватэру на госьці прыходзілі бацькі: пульс пачашчаўся, а вочы пачыналі аўтаматычна аглядацца ў пошуках мажлівага беспарадку ці хібаў у інтэр’еры. Пры бацьку Зьміцер - даволі пасьпяховы, дарэчы, дызайнер - пачуваўся нейкім нязграбам, увесьчасна падсьвядома чакаючы парадаў, заўвагаў, а то й папрокаў, якія, што праўда, часам і атрымліваў з розных нагодаў - ад выхаваньня дзіця (“дысцыпліна ў вас кульгае”) да больш глабальных матэрый.
У Зьмітра была цэлая тэорыя, якой ён вытлумачваў свае пакуты (Франак ня ведаў, ці ён сам да таго дадумаўся, ці вычытаў дзесьці). Сутнасьць той тэорыі такая. У малалецтве бацька быў для Зьмітра галоўным аўтарытэтам і героем. Усё, што казаў бацька, было Законам: па першым патрабаваньні трэба было кідаць усе свае справы й выконваць бацькава заданьне. Далей, трохі пасталеўшы, Зьміцер заўважыў, што бацька далёка не ідэальны. У прынцыпе, ён самы звычайны хома-сапіенс. Больш за тое. Усе праявы чалавецкасьці - нямытыя ногі, раскіданыя па кватэры шкарпэткі, праседжваньне перад тэлескрыняй, чытаньне шырпатрэбу, клішавана-банальныя погляды на жыцьцё, што падносіліся ў выглядзе жыцьцёвай мудрасьці ды шмат іншае драбязы - пачыналі набываць гіпертрафаваную форму. Зьмітра выводзіла зь сябе абсалютная прадказальнасьць кожнага бацькавага слова-руху. Зьміцер заўважаў, што ў тым, за што бацька папракаў яго (ад навядзеньня парадку да трыманьня слова), часьцяком сам ён ня ёсьць эталонам. Па зьмітровым гамбургскім рахунку ўсё тое было страшнаю правінаю і грахом. Хлопец завочна называў бацькоўскі лад жыцьця гароднінавым. Гэтую раптоўна адкрытую бацькаву метамарфозу - ад Бога да чалавека - Зьміцер ня мог яму дараваць у падлеткавым узросьце. Ён знаходзіў пацьверджаньне сваёй тэорыі і ў размовах зь іншымі знаёмымі (часьцяком аналагічныя бацькоўска-сыноўнія канфлікты ўзьнікалі ў знаёмых творчых людзей - музыкаў, мастакоў, паэтаў). Адкрыцьцём для яго пазьней сталі лісты Кафкі: ён падпісаўся б тут пад кожным словам.
Бацька Зьмітра загадваў кафедрай на мехмаце й зь дзяцінства рыхтаваў сына да паступленьня ў тэхнічную ВНУ. З бацькоўскімі падвязкамі тое ня склала б вялікіх цяжкасьцей. Але Зьміцер, набраўшыся сьмеласьці, неяк паведаміў, што матэматыка - гэта не яго, і ён хоча паступаць па гуманітарнай сьпецыяльнасьці. Бацька, на зьдзіў, па-філасофску паставіўся да гэтага паведамленьня й любіў казаць у сямейным коле, што ня будзе “ламаць сына праз калена”. Атрымаўшы больш волі, Зьміцер стараўся як мага пазьней вяртацца дахаты. Паступова ён знайшоў, куды зьбегчы - туды, дзе бацька ня меў над ім улады й кантролю. Тое былі ўцёкі ў краіну словаў. Словаў на іншай мове - мове жывапісу…
Акрамя ўсяго (найвастрэй - у падлеткавым узросьце), Зьмітра абцяжарвала тое, што ён скрозь быў усім абавязаны бацьку. Бацька, адразу па дасягненьні 18-годдзя “набыў” (так часам казаў бацька) сыну пасьведчаньне кіроўцы. Зьміцер адхадзіў на падрыхтоўчыя курсы й нават прайшоў “камп’ютар” і “пляцоўку”, але пра самае складанае, “горад”, бацька дамовіўся. Бацька ўладкаваў яго на ваенную кафедру, дзе быў жудасны конкурс, пасьля бацька набыў ім з жонкай кватэру, даў грошай на машыну і наагул увесьчасна падкідваў лавандосу (Зьміцер пра тое ніколі не прасіў, але адмова, найхутчэй, была б успрынятая як абраза).
Па ўсім выглядала, што бяз бацькі Зьміцер - нуль. Атрымлівалася, што самастойна ён нічога ў жыцьці не дасягнуў. Адзіным, што Зьміцер да пэўнага часу мог запісваць на свой рахунак, было паступленьне на бясплатнае месца журфаку. Але аднойчы за чаркай (праз шмат гадоў пасьля сканчэньня ВНУ) бацька абмовіўся пра нейкага знаёмага чыноўніка, які дапамог “паступіць сына”. “Дык я ж сам здаваў іспыты, пісаў тэставаньне!” - выбухнуў Зьміцер. “А ангельскую - думаеш таксама сам здаў на высокі бал пры такім шалёным конкурсе?”
Франаку сябравы прэтэнзіі падаваліся сьмяхотнымі. Ён спрабаваў супакойваць яго, кажучы, што бывае значна горш - і п’юць, і б’юць, а тут чалавек стараецца дзеля яго, усё нясе ў сям’ю. Тут дзякаваць трэба. На тое Зьміцер адказваў, што лепш бы бацька быў алкаголікам, але разумеў яго й ставіўся да яго як да роўнага...
Франак ведаў Зьмітра зь першага курсу. З таго часу сябра моцна паспакайнеў у адносінах да бацькі, юначы пратэст паступова сышоў. Зьміцер стаў амаль культавым мастаком-графітчыкам, як дызайнер інтэр’еру аздобіў не адзін сталічны клуб. Зьміцер пісаў някепскія вершы. З галавой кінуўся ў жыцьцё палітычнае, бывала, выступаў на забароненых мітынгах (раней Зьміцер казаў: “Цяжка жыць у краіне з двума дыктатарамі”, параўноўваючы свайго бацьку і “Бацьку” ўсеагульнага). Аднойчы падчас зусім інтымнага расьпіцьця на двох Зьміцер прызнаўся, што ў глыбіні душы для яго заўжды вельмі важным было татава меркаваньне пра яго творчасьць, якая, ён разумеў гэта, узьнікла як супраціў бацькоўскаму выхаваньню. Што праўда, бацька Зьмітра ня быў вялікім аматарам ні жывапісу, ні мастацкага слова. Хай сабе й сынавага...
І яшчэ Зьміцер казаў, што ўдзячны бацьку ў тым, што ён цяпер дакладна ведае, як ня будзе выхоўваць свайго сына.

Франак вырашыў узяць гісторыю ўзаемаадносінаў Зьмітра й яго бацькі ў якасьці мадэлі для свайго аповеду. Натуральна, крыху ўзмацніць канфлікт, дадаць ступені супраціву, але магістральны момант - Зьмітрову “тэорыю” пакінуць. Пасьнедаўшы, Франак вырашыў, што для таго, каб аповед пачаў абрастаць “мясам”, трэба ўвайсьці ў моўную стыхію сучасных музыкаў. З мэтай паднабрацца адпаведнае лексікі ён завітаў на форум гітарыстаў. Трохі пачытаўшы пра сутарагі вялікага пальцу, ігру слэпам, прымочкі, комбікі ды іншы “дэвайс”, ён зразумеў, што наўрад ці знойдзе тут шмат карыснага. З форуму Франак (плаўна й незаўважна) пераскочыў на фрэндстужку, даведаўся, каго й дзе днямі затрымалі, хто й кім быў пакрыўджаны (начальнікамі, бацькамі, каханымі...), пачытаў канцэптульныя думкі пра сьветабудову, падзяліўся сваімі й ледзь пасьпеў на заняткі. Было чатыры пары. Ён у пятнаццаты раз прамовіў адзін і той жа тэкст, задаў студэнтам адныя й тыя ж пытаньні ды атрымаў чаканыя шаблонныя адказы...
Увесь час яго не адпускала задума аповеду. Ён пачаў ужо сумнявацца ў слушнасьці абранае кампазіцыі. Што дадуць гэтыя экскурсы ў глыбокае дзяцінства? Банальшчына. Падобныя фрэйдыскія хады ўжо даўна ўсім набілі аскоміну. Можа, варта закруціць сюжэт? Няхай чытач адразу будзе ведаць пра суіцыд. Няхай малады сьледчы будзе раскручваць усю справу, і ў выніку высьветліцца, што Галоўны Герой наклаў на сябе рукі не праз бацьку, а праз... скажам, здраду каханай. З абразаньня валасоў герой толькі горка пасьмяяўся й вырашыў “падставіць” бацьку (хай цяпер пакутуе ўсё жыцьцё, абдумваючы выхаваўчыя хібіны).
Пасьля параў Франаку раптоўна-нечакана патэлефанаваў Зьміцер, зь якім яны ўжо сто гадоў ня чуліся. Франак успрыняў гэта як знак і прыклаў усе намаганьні, каб выцягнуць сябра на піва.
Былі першыя дні кастрычніка, але восень яшчэ не прыйшла: сьмерцю прыроды востра не патыхала. Яны сядзелі ў скверы з напаўапалым лісьцем. Раптам Франак сказаў: “Ведаеш, а вы з бацькам дужа падобныя”. “Чым гэта?” - пацікавіўся Зьміцер. “Ды ўсім. Антрапалагічна. Звычкамі, рухамі. Хістаецеся аднолькава, калі сядзіце - бы ківачы… І галасы ў вас аднолькавыя. Ты ня думаў, што ненавідзіш у бацьку праз тое, што падсьвядома ня любіш сябе?” “Ну, ведаеш”. “Пачакай злавацца. Тут жа ўсё ўзаемазавязана. Так, вонкава вы цалкам розныя. Ты - інтэлектуал, ён - прол... Зь дзяцінства ён смактаў зь цябе сокі, прымушаў да паслухмянасьці, усё так. Праз гэта ты пачаў наўмысна рухацца ў супрацьлеглы бок. Ты жыў у пастаяннай напрузе, спробе давесьці сваю вартасьць (ці не яму перадусім?). Ды ў цябе ж празь верш эдыпаў комплекс. Праз гэты супраціў ты згубіў сябе, згубіў сваю мэту. Па сутнасьці вы - аднолькавыя. Розны толькі вектар!” - Франак разумеў, што нагаварыў лішняга, але ня мог спыніцца. Зьміцер пакрыўдзіўся, пачаў абвяргаць, пасьля пагаджацца, пасьля Франак пачаў выбачацца, яны ўзялі яшчэ па пляшцы...
Позна ўвечары Францішак пераглядаў свае накіды. Ну добра, апіша ён стасункі Зьмітра з бацькам. Але як супаставіць іх з тым клятым суіцыдальным выпадкам? Да ўсяго, сам Зьміцер, які прачытае й пазнае ў аповедзе сябе й сваю тэорыю - ці будзе яму даспадобы такі плагіят? Ды і наагул. Што і каму ён хоча давесьці сваім аповедам? Калі па шчырасьці, нашто ён піша? Ці не для таго, каб перадусім задаволіць уласную пыху, паказаўшы абазнанасьць у жыцьці? Каб чытач, - ну, хай сабе сябар ці сяброўка, прачытаўшы, па-новаму зірнулі на яго: “Вось ты які! Магёш-магёш, чувак...”
Ды й хто ён, зрэшты, такі, каб раскручваць матывы самагубцы? “Ці маеш ты на тое маральнае права?” - раптам нягучна вымавіў ён услых.
А ў Зьмітра гэта так, найперш ад дураты. Ён, вядома, не апраўдвае бацьку-дэспата, але й таго трэба зразумець. Самога ніхто ў дзяцінстве ня песьціў. Бясстрэсавае выхаваньне ў саўку не вызнавалася. Лакцямі праціскаўся праз жыцьцё. А тут адзіны сын: вось ён быў гліна, аж раптам пачаў выпендрывацца. Нешта там сабе накручваць. Кафку чытаць. І ні слова ўзячнасьці. Скуль бацьку ведаць пра ўсе тыя сентыментальныя загоны?..
Франак адклаў асадку. Было зразумела, што гэты аповед ужо не напішацца. Магчыма, - і да лепшага.

аповед

Previous post Next post
Up