Вы любіце графіці? Я, да прыкладу, гэтага мастацтва не разумею. Занадта "Глубоко. Мрачно. Апокріфічно" :). Мяне не кранаюць стракатыя кітчавыя выявы на пакрэмзаных сценах, дзе часам цяжка разабраць дэталі і ўлавіць агульную задуму.
Дакладней, не краналі. Бо зусім нядаўна ў нашым горадзе з'явіўся ідэальны вулічны малюнак, канцэптуальны вулічны малюнак, лаканічны і густоўны вулічны малюнак. Зрэшты, як і асоба, якой ён прысвечаны.
Лістападаўскае надвор'е другой паловы дня разам з абмежаванымі магчымасцямі майго старэнькага фотаапарата не спрыялі стварэнню якаснай выявы, таму вось вам больш удалае фота, знойдзенае ў сеціве. Праўда, незвычайна?
І разумны інтэлігентны твар Станіслава Данілавіча, і надпіс па-беларуску, і ідэя нарэшце папулярызаваць дзейнасць гэтага таленавітага чалавека выклікаюць у мяне, пардон за пафас, шчырае замілаванне.
Кароткая даведка. Станіслаў Шабунеўскі - гарадскі архітэктар, які амаль за сорак гадоў сваёй працы (з 1898 па 1937) стварыў дзясяткі арыгінальных будынкаў у розных стылях - ад класіцызму да мадэрну. Калі ваша вока турыста зачапілася ў Гомелі за прыгожую архітэктуру стогадовай даўніны, з верагоднасцю 90% (даруйце філолагу пагрэшнасці пры падліках) Шабунеўскі меў да яе дачыненне.
За такія заслугі перад горадам, як было прынята ў тае гады, быў абвешчаны ворагам народа і арыштаваны ў 1934 г.. Спачатку адпраўлены ў Мінск, дзе працягваў займацца праектаваннем пад хатнім арыштам, а ў 1937 - на галоўны саюзны архітэктурны праект - Беламорканал.
А цяпер спытайце шараговага гамяльчаніна, хто такі Шабунеўскі. Народ не помніць сваіх герояў. Лепшае, што ён скажа: дзядзька, намаляваны на доме нумар 44 па вуліцы Кірава. Дарэчы, гэта апошні праект, над якім працаваў Шабунеўскі, перад арыштам. Праект няскончаны, што і паспрабавалі сімвалічна адлюстраваць аўтары сваім малюнкам.
Адна з нешматлікіх фатаграфій, якая нейкім дзівам завахавалася.
І яшчэ. Калі можна закахацца ў мужчыну па яго знешнасці, лічыце, я закаханая :).