Пост напісаны пад уплывам рэакцыі студэнтаў на сённяшнія заняткі па Багушэвічу.
Магчыма, гэта прагучыць катэгарычна, але мне здаецца, што беларусы зацыклены на пытанні татальнага заняпаду сваёй мовы. Чуткі пра яе заўчасную смерць актыўна распаўсюджваліся і дзесяць, і сто, і дзвесце гадоў таму. Неяк доўга яна канае, не знаходзіце?
Не, я не маю ілюзій адносна гарманічнага існавання беларускай мовы ў Беларусі. Але выхоўваць новыя пакаленні толькі ў межах тэзісаў, якія мы гаротныя і перманентна прыгнечаныя (не паверыце, але менавіта з такім наборам ведаў прыходзяць у вну ўчарашнія школьнікі), як мінімум, непрадуктыўна з гледзішча фарміравання ў неакрэплых мазгах патрыятычнага пачатку. Ну, якое нармальнае дзіця захоча атаясамліваць сябе з нацыяй вечных лузераў - вобразам, які дагэтуль ствараецца школьнай адукацыяй? Вось вам і адна з прычын "нацыянальнай суіцыдальнасці" (с).
І калі пачынаеш у межах свайго перыяду расказваць пра тое, што ледзьве не кожная мова ў пэўны час апыналася ў неспрыяльных умовах: пра чэшскую, якую цяжка было разгледзець за нямецкай, ці нарвежскую, што ў тую эпоху ледзьве на падзяліла лёс латыні, чытаеш шчырае здзіўленне на тварах. А калі ўжо ў якасці кантрольнага стрэлу прыводзіш праблемы вытанчанай, па мерках рускага дваранства, французскай, што напаткалі яе ў 16 ст., то адчуваеш сябе новым калумбам, які адкрыў Амерыку, а заадно і Афрыку з Аўстраліяй. Красамоўная ў гэтым сэнсе цытата з трактата Жаашэна Дзю Бэле "Абарона і ўслаўленне французскай мовы", дзе аўтар абураўся сваімі суайчыннікамі, якія "з такой стаічнай упартасцю пагарджаюць і адкідаюць, не міргнуўшы вокам, усё напісанае па-французску, якія лічаць, што наша мужыцкая мова няздольная да прыгожага пісьменства й інтэлектуальных трактатаў".
Тое ж і сёння. Мы плачам, мы енчым, мы стогнем, мы дагэтуль нясём на плячах сваю крыўду, з белай зайздрасцю паглядаючы то ў бок паўночных, то ў бок паўднёвых суседзяў (ах, якія яны малойцы!). Паглядзіце шырэй, хаця б на захад. У Чарнагорыі, да прыкладу, і пасёння актуальнае пытанне "чарнагорская мова - міф ці рэальнасць". А гэтая мова ўжо сем гадоў як адзіная дзяржаўная ў краіне, нягледзячы на тое, што толькі трэць насельніцтва прызнае яе роднай.
Не, я не збіраюся праводзіць тут гісторыка-культурныя паралелі з Беларуссю, гэта будзе, па меншай меры, некарэктна. Я проста расказваю пра чужыя праблемы. Пачалося ўсё з моўнай рэформы 1863 года Вука Караджыча, які сфармуляваў асноўныя каноны і нормы сербахарвацкай (харваты кажуць "харватасербскай") мовы, якая, можна сказаць, ціхамірна праіснавала амаль паўтара стагоддзя. Але пасля векапомных падзей 90-х гг. 20 ст. на Балканах высветлілася, што дзяржаўная мова Югаславіі была не такой ужо аднастайнай.
Чарнагорскія моўныя актывісты пасля атрымання незалежнасці, помнячы, што першым доказам існавання народа з'яўляецца яго мова, сталі актыўна адстойваць самастойнасць чарнагорскай і літаральна за некалькі гадоў дабіліся немалых поспехаў. Праўда, пераважная частка насельніцтва досыць індыферентна назірала за тытанічнымі намаганнямі актывістаў, па-ранейшаму лічачы сваёй роднай сербскую. І хоць я абяцала ўстрымацца ад параўнанняў, але як тут не ўзгадаць беларусаў. Я асабіста размаўляла з чатырма чарнагорцамі наконт іх моўнай праблемы, і ўсе чатыры, пазяхаючы, абыякава паведамілі пра прыналежнасць да сербскай культуры. Дзеля справядлівасці скажу, што ўсе гэтыя людзі працавалі ў сферы турыстычнага сервісу.
Калі зусім коратка, прыхільнікі незалежнасці чарнагорскай мовы апелююць да розніцы ў фаналагічнай і марфалагічнай сістэме, аддаюць перавагу лацініцы (гаевіцы) насуперак сербскай кірыліцы (вуковіцы), падкрэсліваюць лексічныя адрозненні з сербскай. Іх апаненты ўказваюць, што такіх лексічных адрозненняў усяго шэсць :), і ўсе яны з'яўляюцца дыялектызмамі, а розніцу ў вымаўленні вытлумачваюць па аналогіі з англійскай брытанскай і англійскай амерыканскай, аўстрыйскай нямецкай і германскай нямецкай. Прыхільнікі настойваюць, што вялікі чарнагорскі паэт Пётр Пятровіч Негаш напісаў свой "Горны вянец" па-чарнагорску, апаненты кажуць, што і Гогаль таксама пісаў свае творы, актыўна ўжываючы словы на маларускім дыялекце :).
Урэшце не засталася ўбаку ад гэтых спрэчак праваслаўная царква (Чарнагорыя - вельмі рэлігійная краіна), настойваючы на вяртанні кірылічнага шрыфту, якому да 20 стагоддзя не было альтэрнатывы ў чарнагорскай мове (то бок чарнагорская мова ўсё ж такі была? :). Ну, і самае смешнае, што, не ведаючы, як выкруціцца з такога становішча ў галіне адукацыі, было прынята рашэнне ў школах вывучаць не сербскую і не чарнагорскую, а "родную" мову без назвы. Красамоўная для гэтай сітуацыі мясцовая назва дысцыпліны - "мацерны язык" :).
Вернемся да сённяшніх беларускіх рэалій. Мне здаецца, што сваёй адвечнай песняй-галашэннем на заўчасных хаўтурах нашай мовы мы гадуем недабеларусаў. Мне здаецца, што сваёй агрэсіяй і крыкам з нагоды абароны сваіх моўных правоў (о! колькі такіх выпадкаў я чытаю на сайтах навін) мы правакуем падазронасць і агрэсію ў адказ з боку рускамоўнай часткі насельніцтва. Не пытайце што рабіць, каб зрушыць сітуацыю, я не ведаю.
Можа, проста гаварыць, пісаць, рабіць, любіць.