асаблівасці нацыянальнай гасціннасці

Oct 26, 2013 18:22

Пазнаёміліся мы ўлетку на адпачынку з кампаніяй італьянскіх медыкаў, якія, убачыўшы два вольныя крэслы за нашым столікам, вырашылі, што "Болівар снесет пятерых" (а з намі - семярых :). У прынцыпе, мы міла правялі вечар, абмяняліся мэйламі (з ініцыятывы італьянцаў), сфатаграфаваліся, і я паабяцала адаслаць здымкі на пошту Фабіо (буду пісаць праз "о", добра?), што па вяртанні і зрабіла.

Адказу на свой ліст я не атрымала ні праз дзень, ні праз пяць. Праз тыдзень я супакоілася, бо хто іх, тых італьянцаў, ведае. Можа, у іх не прынята адказваць малазнаёмым беларусам на пасланні :). Вунь, чэхі, здавалася б, зразумелая нацыя, але ў іх лічыцца няветлівым не павітацца са сваім спадарожнікам па ліфце, з якім (не з ліфтам - са спадарожнікам) іх яднае шлях да трэцяга паверха.

І ўявіце маё здзіўленне, калі чатыры дні таму мне прыходзіць адказ ад Фабіо, які дзякуе за здымкі і запрашае нас з мужам узімку ў Італію пазнаёміцца з яго сям'ёй (мяне, натуральна, радуе ўяўленне доктара пра нашу краіну, у нас жа кожны другі на закупы выходныя ў Італію зімой ездзіць :). Не, не падумайце, я не збіраюся карыстацца ветлівым запрашэннем доктара і абцяжарваць яго сваёй прысутнасцю, але мне цікава: што насамрэч стаіць за гэтымі словамі? Англамоўныя людзі таксама пытаюцца, як твае справы, але зусім не таму, што хочуць пачуць нешта большае за "айэмфайн".

Возьмем сярэднестатыстычнага беларуса. Сярэднестатыстычны беларус раздае запрашэнні ў госці даволі часта і па розных прычынах. Але нягледзячы на тое, шчыра ён жадае бачыць адрасата ў сваім доме ці імкнецца хутчэй ад яго адчапіцца і скончыць такім чынам размову праз дзяжурную фразу, сярэднестатыстычны беларус РЭАЛЬНА ГАТОВЫ да пагрозы сітуацыі з'яўлення запрошанага ў сябе дома. І сустрэне яго як належыць. Гэта і называецца гасціннасцю. Так і карціць адправіць Фабіо ліст наступнага зместу: "Вылятаем у Неапаль першага снежня, сустракайце" :). І паглядзець, што будзе.

З гэтай нагоды ўспомнілася мне і другая гісторыя, якую распавяла ў мінулым годзе мая сяброўка. Яе пятнаццацігадовая дачка захапілася посткросінгам і праз гэтае сваё хобі завяла перапіску з саракапяцігадовым немцам, таксама зацятым посткросерам :).



Перапісваліся, адразу скажу, пад пільным наглядам мамы. Натуральна, па-англійску. І вось дзіцёнак піша (дакладней, лічыць з яе ўзроўнем англійскай, што піша менавіта гэта :) свайму нямецкаму старэйшаму таварышу, што яна некалькі гадоў ездзіць у нямецкую сям'ю і гэтым летам збіраецца таксама. Немец вытрымлівае паўзу ў два дні і адказвае: "Ведаеш, я тут параіўся з жонкай, яна не супраць, прыязджай" :)). Завеса.

Возьмем ізноў жа сярэднестатыстычнага беларуса. Гэткага сярэднестатыстычнага саракапяцігадовага посткросера-беларуса :). Ці зрабіў бы ён падобную прапанову незнаёмай дзяўчынцы? Думаю, не. Хутчэй за ўсё ён бы мучыўся пытаннямі, ці зможам мы яе пракарміць :) прыстойна гэта, ці не палічаць яе бацькі гэта нахабствам, ці не абвінавацяць яго ў педафіліі, нарэшце, ці яшчэ ў нейкай трасцы. А з боку немца намеры выглядалі цалкам сур'ёзнымі. Гэта ж і называецца гасціннасцю, так?

Па вялікім рахунку, пост не толькі пра гасціннасць, а і пра "ІХ нравы". Знаёмства з італьянцамі, да прыкладу, пачалося з таго, што Фабіо дастаў свой яблычны гаджэт і стаў амаль не прыхавана мяне фатаграфаваць. Я абалдзела ад такіх уяўленняў пра правілы этыкету (пра рэакцыю мужа нават і згадваць не буду :). І дзе, скажыце, славутае еўрапейскае права на прыватнае жыццё? Здарылася б падобнае ў Беларусі і ў менш інтэлігентнай кампаніі, Фабіо мог бы - і заслужана - па сваім прыгожым профілі атрымаць. І калі што, нагадваю: я супраць гвалту ў прынцыпе :).

асаблівасці нацыянальнага характару, непрыдуманыя гісторыі горада N

Previous post Next post
Up