СІНІЯ ВОСЬЛІКІ

Jun 01, 2007 20:37


Восьлікі сінія

                      ў цыркі ня ходзяць,
там толькі конікі, малпы і коці.
Восьлікі сінія снула ўзіраюць
неба і рэчку - і ў іх заміраюць.

Восьлікі сінія сіне маркоцяць
сум і спакой - і няўважна пяшчоцяць.
Восьлікі сінія сьняцца часьцютка,
восьлікі сінія прыйдуць няхутка.

Восьлікі сінія плачуць сінечай,
той, дзе быў кожны старым і малечай.
Восьлікі сінія, сьнёныя казкі...
Ах, восьлік сіні, тутэйшы і наскі!..

Восьлікі сінія - фарбы-прыдумкі,
сьмешныя, сьмелыя мроі-лятункі.
Восьлікі сінія - зь Млечнай Дарожкі
б’юць капыткамі сінія ножкі.

Восьлікі сінія - сінія вушкі,
мысьленні ўпартыя, думкі-няслушкі.
Восьлікі сінія дзіў валашковых -
сінія вочы нябёс выпадковых

2004, сіні - не сіні

Previous post Next post
Up