ДЭПРЭСІЎНЫ ЧАРНАВІК

Oct 28, 2016 02:57

людзі сустракаюцца,
будуюць дамы,
ну а я...
усё цягнікамі хутчэй
сьню і еду
па адной вялікай Еўропе
ў адно вялікае Некуды.
І суразмоўцы мае -
спадарожнікі выпадковыя
альбо рамантыкі -
і нават тыя - часовыя,
як колы...

людзі сустракаюцца,
робяць вялікія справы -
ствараюць тэлеканалы,
тэорыі і дысертацыі,
граюць на скрыпках канцэрты
і граюць ў тэатры
галоўныя ролі,
спяваюць у операх,
гавораць на тузіне моваў
пра землі і наасферы...
ну а я...
усё ўздыхаю
над былымі архівамі,
што не спалілі,
якія скончыць трэба
было
ў юнацтве...
і гуляю ў справу,
і справа са мною гуляе:
то яна ёсьць,
то нямашака,
як у хованкі,
і страшна - тое задавальняе,
што ўсё з табою гуляе...

людзі сустракаюцца,
бяруцца шлюбам,
дзяцей нараджаюць,
ну а я...
хочаце верш прачытаю?
бо я толькі іх і ўмею добра.
а яшчэ - марыць пад коўдрай.
але тое зусім ня лічыцца.
зрэшты, як і вершы, -
бо яны то ёсьць,
то зусім ня пішуцца.

хочаце верш прачытаю?
вось, і я - не хачу.
сэ ля ві.
гэта так страшна няўтульна,
калі табе ўжо не тры
і нават ня пяць -
а гэтак на дваццаць болей -
а ўсё шчэ хочацца ўсіх абдымаць,
як у пяць,
і цалаваць,
як у тры,
і сваволіць,
і быць
неабходным да болю
і
адначасна вольным...

людзі сустракаюцца,
будуюць дамы...

ну а вы?

чарнавік, вершы, 2013

Previous post Next post
Up