Мае выбары

Sep 23, 2012 18:50

Народ проста ачумеў ад выбараў і посьціць, посьціць, посьціць усякае калятэматычнае. Што ж, не хачу падацца маргіналам і раскажу пра свой удзел у выбарах.
На сёньняшнюю раніцу ў нашай сям'і было два рэальных кандыдата - галубец і перац фаршыраваны. Калі шчыра, то праграма абодвух адрозьнівалася слаба: стрыжнёвая лінія - мясны фарш, рэалізацыя абяцанак - спажыўная форма з агародніны, а таксама агульная сьмятанная платформа. Такім чынам, выбар было зрабіць даволі няпроста.
Як і заўсёды, быў абраны старшынёю ЦВК (Лідка нярвова варыць боршч на сваёй кухні). Яўка выбарцаў была 105 адсоткавай (5% - кот). 100 адсоткаў выбарцаў прагаласавала за перац фаршыраваны. Кот (пятая калона!) ад удзелу ўхіліўся, запатрабаваўшы альтэрнатыўных кандыдатаў: азёрную рыбу, пячонку ці, на худы край, сьвежую ліверку. Пікета праводзіць яму не дазволілі і загналі пад канапу.
На сёньняшні момант усе зробленым выбарам цалкам задаволеныя. Парушэньняў ня выяўлена. Айчынных і замежных назіральнікаў, натуральна, на выбары не пусьцілі. Кот пад канапай жаласна каўкае, даючы інтэрвію карэспандэнту Еўраньюс.

кухня, выбары

Previous post Next post
Up