Поле

Aug 13, 2012 11:35




Тутэйшыя дзяды

Уцягнуць тутэйшых дзядоў у этнаграфічную бяседу заўсёды няпроста. "Бабскія прымхі" пра сурокі, русалак і ведьмаў тутэйшыя дзяды расцэньваюць выключна ськептычна ці зь вялікай доляй іроніі. Мысьленьне тутэйшых дзядоў арганізавана прагматычным чынам і міфалагічных адвольнасьцяў ня любіць. Расказаць пра мясцовыя ўрочышчы, спосаб прыгатаваньня якаснай самагонкі, паляваньне, рыбалку ці свае пчолы - гэта калі ласка, а вось абмяркоўваць учынкі дамавіка - ня іх профіль: "Баба нешта казала...". І недаверлівы сьмяшок у дадатак.
            У сваіх эмоцыях тутэйшыя дзяды стрыманыя, чужакоў успрымаюць з добрай доляю здаровага недаверу і пераводзіць іх у фармат "унучакаў", як гэта робяць іх гаспадыні, не сьпяшаюцца. Гаворка нясьпешная, кожнае слова выверанае, каб чаго лішняга ня выдаць, бо дыктафон у руках экспедыцыянера чамусьці заўсёды павадуе асьцярожныя паралелі з "чорнымі варанкамі" 1937-га. Праўда, калі ўдаецца ўцерціся ў давер, а яшчэ і кульнуць чарку ў нязмушанай хатняй атмасферы, то аказваецца, што чорт, хоць і ёсьць "бабскімі прыдумкамі", але і самаго гаспадара быў добра павадзіў, пакруціў па лесе. А было гэта так... Далей ідзе шыкоўны аповяд з абавязковым каментарам "эта точна было, годзе, можа, у 67-м". 
            Гаварыць з тутэйшымі дзядамі няпроста, але заўсёды прыемна, як вітацца і разьвітвацца зь імі. Поціск старых жылістых рук заўсёды праўдзівы і моцны, бо гаспадарамі былі, ёсьць і будуць. Да самага скону.

дзяды, поле 2012

Previous post Next post
Up