Полацк 1150

May 25, 2012 19:18



POLACK INFERNO

Перакананы, што Лукашэнка ня любіць Полацк. Больш таго, першы прэзідэнт Беларусі шчыра ненавідзіць першы горад нашай краіны. Прычына прыхаванай, але відавочнай нянавісьці як раз і ляжыць у канфлікце гэтых двух несувемерных прыметніках “першы”. Дэміургам ці, як мінімум, культурным героем можна быць у занядбаным мястэчку на адкрыцьці газавай веткі, на новым лядовым катку ці сьвінаферме, а ў Полацку німб блякне, становіцца незаўважным і папрост сьмешным, бо на фоне Сьвятой Сафіі толькі сьляпы не заўважыць, што выразаны той німб са старых нумароў “саўбеліі”.       Маючы за сьпінаю пяцьдзясят з хвосьцікам гадоў суцэльных комплексаў, цяжка канкураваць з тысячагадовай гісторыяй Горада, які зьведаў славу і заняпад, герояў і здраднікаў, а шэльмаў выпраўляў прэч, навязаўшы тварам да кабылінага хваста…  
         Рагвалоду, Усяславу, Ефрасіньні ці Францішку намагчыма “тыкаць” у твар і выстаўляць за дзьверы, як бы таго не хацелася. Быць іх пасьлядоўнікам, працягваць слаўныя традыцыі? Тады трэба адмовіцца ад прыметніка “першы”, стаць у чаргу і трымаць раўненьне, што непамысна, ну ніяк не памысна! Шлях выбіраецца прасьцейшы. Прафанацыя і дыскрэдытацыя. Прасьцей кажучы, забыцьцё. Сьвята? Вось вам поўны кошык АМОНу і фрыкаў на вуліцы! Ведайце месца сваё паміж Дажынкамі №… і празьнікам суцэльнай Залежнасьці. Скарына выпраўляецца ў Піцер, а да сьвятых мошчаў Ефрасіньні, згодна новага плану, жадаючыя могуць дацяпаць па здаратаванай Палаце на катамаранах. Можна з півасікам, бо па берагох мяркуецца пабудаваць безьліч кабакоў і харчэўняў.

Не планаваў заставацца ў гэты дзень у Полацку. Але падумаў, што будзе несумленна пакінуць горад у цяжкую хвіліну, калі межы паміж “гэтым” і “тым” сьветам сьціраюцца і на старажытных вуліцах з’яўляюцца інфернальныя персанажы. 
        Скажу адразу, шпацыр па “сьвяточных” вуліцах ў мяне асабіста атрымаўся дужа непрыемны і ў маральным плане пакутлівы. Я не маю на ўвазе народных майстроў, якіх зьвезьлі з усёй вобласьці на цэнтральную полацкую алею, бо як раз адмыслоўцы ткацтва, ганчарства і саломапляценьня давалі хоць троху адпачыць вачам ад вар’яцкай сумясі пап-корну, шашлыкоў на тле сучаснай беларускай сімволікі. Над гарвыканкамам расьцяжка - дасьціпны каментар-зьдзек над тым, што адбываецца навокал: “Белорусскій путь: патріотізм, інтеллект, прогресс”. Перакласьці можна і без слоўніка: пах..ізм, ідыятызм, дэградацыя. Засталося толькі хадзіць па вуліцах і фатаграфаваць доказы.




Гукавы ландшафт урачыстасьці навязьліва даводзіў, што дзейства адбываецца недзе паміж Разаньню і Тулай: “Маліновый звон на заре...”, “барыня, барыня, сударыня-барыня…”, “вдруг, как в сказке, скріпнула дверь…”. Лучанок з галоўнай канцэртнай сцэны разьвіў усходні вектар, прарыпеўшы ідыёцкую песеньку “самурай”, за якую, мне так падаецца, пасьлядоўнікі “Бусідо” пашынкавалі б яго на дробную салату.  
       Персанажны код юбілею адназначна сьведчыў, што інфернальныя сілы прарвалі лінію абароны на ўсіх франтах. Хлусіць ня буду, сустракаліся пазітыўныя персанажы ў густоўных строях, вытрыманых у старажытным ці аўтэнтычным народным стылі. Але іх была адназначная меншасць і складалася ўражаньне, што яны стараюцца быць незаўважнымі і схавацца куды далей ад пакуль яшчэ цьвярозага натоўпу.




Казакі з шаблямі і незразумелымі медалямі на мундзюрах, цёткі-клоны ў ідыёцкіх строях пралетарскага колеру, якія касілі пад народны калектыў, Папандопула з усімі належнымі атрыбутамі і, відавочна, з пэўным запасам актываванага алкаголю ў страўніку, “Верка Сярдзючка” з потнай і няголенай барадой, што скакала пад фанаграму, стваралі адчуваньне неверагоднага сюру, фінальнай рысай якога хацелася ўбачыць вершнікаў Усяслава, што імчаць ад Замкавай гары і высякаюць у пень усю гэтую набрыдзь.







Прыйшоў дадому, супакоіўся. Лета толькі пачынаецца, а ліпа за вакном ужо рыхтуецца выкінуць квецень. Шмат планаў, шмат справаў і хочацца ўсё пасьпець, бо плён стваральнай дзеі - гэта адзіная ахвяра, якую прыймае твой Горад з удзячнасьцю. А фрыкі… Іх рана ці позна ўсё адно змые Дзьвіна веснавым альбо восеньскім разводзьдзем.


юбілей, Полацк

Previous post Next post
Up