"Цэнтральная" кнігарня

Jul 28, 2010 18:04

Разьлюбіў я "Цэнтральную" кнігарню, што на галоўным сталічным праспекце. І справа ня ў тым, што кнігарня нагадвае нейкі папсовы кірмашок, дзе асноўную масу прадаваных тавараў складае рознакаляровы лубок. Так яно цяпер паўсюль. Раздражняе сам фармат выбару і пакупкі кнігі, навязаны крамай. З часоў старэйшага школьніцтва працэс набыцьця кнігі быў для мяне момантам адказным і, я б сказаў, інтымным, калі ў чарадзейства лёгкага храбусьценьня новых старонак і тонкага паху друкарскай фарбы пасьвячоны толькі ты, і ніхто больш. У "Цэнтральнай" кнігарні такое ўжо немагчыма. Як толькі заходзіш у маленькі і цесны катух з беларускімі кнігамі, побач адразу з'яўляецца маладзіца ў фірмовай крамнай апранасе. Яна не пасьміхаецца ветліва, яна не гаворыць да цябе штосьці накшталт "ведаеце, апошняя кніга Н. мяне папрост уразіла" ці "па ўсім відаць (прыязная ўсьмешка), вас цікавяць навінкі беларускай фалькларыстыкі..." Нічога падобнага! Маладая, але непрыгожая дзеўка моўчкі сапіць у цябе за сьпінай, глядзіць з-пад ілба так, як быццам ты зьбіраешся схаваць пад кашулю фотаальбом з беларусімі краявідамі ці запхаць у майткі чарговую кнігу Вані Крука. Яна тупае, тупае, тупае побач з табой, маўчыць, а яшчэ непрыгожая і з брыдкімі плямамі поту пад пахамі. Якія тут, нафіг, кнігі?! 
Сыходжу з "Цэнтральнай" кнігарні, каб купіць патрэбную кнігу ў іншай краме...

Менск

Previous post Next post
Up