Беларуская піца

Sep 10, 2020 12:46

Восень - творчая пара не толькі ў сферы паэзіі ці навукі. Сёньня захацелася выявіць крэатыў у галіне айчыннай гастранаміі. Натхняльнікам і спонсарам працэсу выступіў шчодры грыбны сезон. Такім чынам, гатуем беларускую піцу ці бульбянікі на новы лад.



Пакуль варыцца бульба, дробна шынкуем грыбы і цыбулю, а затым пасіруем на патэльні, не забыўшыся пасаліць. Перац ды іншыя сьпецыі дадаваць не раю, бо яны нішчаць тонкі грыбны водар. Я браў баравічкі, падасінавікі, масьляткі, а вось ліскі - па мінімуму, бо гэтыя грыбы вымагаюць большай тэрмічнай апрацоўкі.



Старанна таўчэм бульбу, чакаем пакуль крыху састыне і дабаўляем яйка. Перамешваем да аднароднай масы, падсыпаўшы троху мукі, пакуль не атрымаецца аднароднае бульбяное цеста. Далей, паводле традыцыі, трэба фармаваць піражкі з грыбным начыньнем, якія абсмажваюцца на патэльні з абодвух бакоў. Але я вырашыў спалучыць фармат піцы са зьместам бульбянікаў.



У форму для запяканьня, папярэдне абмазаўшы сьценкі сьметанковым маслам (можна і алеем, але тады ня будзе смачнай румянай скарынкі), зьмяшчаем бульбяную масу і шчодра аздабляем яе грыбочкамі. Далей - у духоўку, але без тэрмальнага фанатызму. Хвілін 25-30 дастаткова.



Ну вось і ўсё - беларуская піца гатовая! Не забудзься пра халодную сьмятану - і атрымаеш незабыўныя смакавыя ўражаньні
беларускай восені :))

восень, кухня, грыбы

Previous post Next post
Up