Тугаплаўкі народ

Aug 26, 2020 19:49

Беларусы - самы тугаплаўкі народ Еўропы. Што гэта значыць? Ёсьць розныя опцыі. З аднаго боку, дзіка кансерватыўныя. Гэтыя дранікі, соўканьні па лесе ў пошуку грыбоў, як быццам есьці няма чаго, асабліва, калі ў лес закаціў на машынцы за 50 тысяч еўра. Непадымныя, неактыўныя, ніякія... Гэта не я так, гэта іншыя вярзуць.
З другога боку, якая б не была агрэсіўная тэмпература з Усходу ці Захаду, мы не расплавіліся і не зьліліся. Нас мардавалі, катавалі, вынішчалі, забівалі, а мы, як жыта, прарасталі, каб гукнуць: О, Беларусь, мая шыпшына... І хера лысага нас пераможаш. Спакойныя, ураўнаважаныя, працавітыя і надзвычай прывязаныя да сваё зямлі. Калісьці самавызначэньне "тутэйшыя" лічылася праявай ніякаватасьці нацыянальнага жыцьця.  Хрэнушкі! Быць "тут", у свой час і на сваё зямля - вышэйшая мера прысутнасьці і адказнасьці. Я заўсёды лічыў і перакананы зараз, што беларусы - нацыя няспраўджаных хутаранаў, дзеля якіх важным стае род і зямля. Што можа паяднаць хутаранаў? Тое ж самае - род і зямля. Мы ўсе, тут прысутныя, ужо даўна сталіся родзічамі ад тых часоў, калі насыпалі першыя курганы. А паміж суродзічамі хлусьня - апошняя справа. Мы ўсе разумеем, што нашая зямля на падворку - малы прысыпак ад нашай агульнай зямлі, якую мы шануем рупліваю працаю.
Мы тугаплаўкія і цяжкія на пад'ём, але... Калі сукі і карнікі ломяцца ў храмы, каб дастаць нявінных, то без лішняга пафасу мы прыгадаем нямецкія лічбы за апошнюю вайну, калі тут палягло 40 тысяч фашыстаў. Ёсьць адчуваньне, што тугаплаўкія людзі хутка ператворацца ў лаву, і наўрацьце садыстаў у чорным будзе судзіць суд...

краіна, беларусы

Previous post Next post
Up