Поле 2020

Aug 14, 2020 22:18




Сёньня з калегай наведалі Вушаччыну - любімы багамі, прыгожы і гасьцінны край. Пацягнула ня столькі навуковая прага, колькі жаданьне на пэўны час апынуцца па-за тэлеграм-нэрвам, проста на сваёй зямлі. Бо інтэрнэт і вуліцы горада даюць эмоцыю, а свая зямля - сілу, калі ўсе сустрэчы знакавыя, а выпадковых не бывае.
У Кублічах такім знакам стаўся памятны камень у гонар тутэйшага ўраджэнца Арцёма Вярыгі-Дарэўскага. Паэт, дасьледчык беларускага фальклёру, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863 г. на абшарах Паўночнай Беларусі. І ясная справа, што трэба быць вартым сваіх сумленных і мужных папярэднікаў.



У шчырых размовах зь людзьмі, пачуваешся сваім, калі можаш завершыць бабульчыны ўзгадкі пра лясную зёлку (- "ну во, цьвіціць такімі дробнымі кветачкамі, сірэневымі... - Мусі, верас? - Праўда, верас!"), прадметна абмеркаваць, якім спосабам білі кабана напярэдадні Калядаў тутака і на тваёй бацькаўшчыне, узгадаць крыніцу Сьвятуху, ля якой былі, хоць і ў розныя гады... Адчуваньне свойскасьці дужа важнае для мяне. І ведама ж, не абыйшлося без дыямантаў народнага сьветагляду, калі ажно млееш ад задавальненьня, слухаўшы гісторыі пра зачараваны трактар, які адробілі, абыйшоўшы пасьвянцонай вербачкай і ўтыкнуўшы яе кудысьці ў жалезьзе. Ці пра тое, што трэба частаваць свайго дамавічка перад Вяліканьнем, адламіўшы яму акрайчык сьвяточнай булкі і паклаўшы яе ў падпечак...



І цёплыя родныя фарбы, знаёмыя і любімыя зь дзяцінства. Гэта лясы, пагоркі, азёры і рэчкі, накрытыя безданьню сіняга неба. Гэта цёплае дрэва вясковых хат, ліштвы, аканіцы, кветнікі, і нават тканая "дарожка" на падлозе, так працінае шчымлівымі ўспамінамі пра бабулю Ксеню і яе цяплюсенькія вясёлкавыя палавічкі.



А ўжо стоячы ў закінутай бажніцы і гледзячы цераз праломы на неба, каторы раз пацьвердзіш сабе, што твая Краіна - твой родны Дом, калі любы чужак са зброяй у руках на ягоным парозе, альбо вырадак, які гэты Дом ганіць - ворагі па вызначэньні...
А табе застаецца - любіць, шанаваць, бараніць.

Вушаччына, дом, Беларусь, экспедыцыя ПДУ

Previous post Next post
Up