Oct 16, 2008 22:27
Італьянскі штопар
Убачыць кастрычніцкім вечарам італьянца ў гарэлачным аддзеле сеньненскай крамы - усё адно, як угледзіць малпу замест коткі ў вясковай хаце. Пажылы, лысаваты італьянец выбіраў праз маладзенькую, школьнага веку, перакладчыцу “сухач” і “шамапань” беларускага разьліву. Іншага віна не было, а да гарэлкі чужаземец, па ўсім відаць, быў ня схільны. Шчыра кажучы, мілосныя пераглядкі парачкі выклікалі ў мяне ня дужа прыемныя эмоцыі, бо педафільскі варыянт міжполавых дачыненьняў выклікае ў мяне ўстойлівае непрыняцьце. “Быць можа, ён гасьцюе ў беларускай сям’і?” - паспрабаваў я разьвеяць уласныя падазрэньні, але нейкі непрыемны асадак усё ж застаўся. Італьянец у задуменьні круціў у руках рознакаляровыя пляшкі, бо каментары тутэйшых вытворцаў “марачных він”, зьмешчаныя на бляскучых налепках, былі для яго роўныя старажытным рунам. Дзяўчынке ж было “нармальна”, што да любой бутэлькі. На жэставы запыт замежніка адносна штопару, ветлівая і ўсьмешлівая крамшчыца расьпеўна адказала: “Штопараў у нас нет. Адкрыць могуць у кафітэрыі. А патом вы пробачкай назад закроіце”. Дробная замінка мяне насьмешыла, а яшчэ болей павесяліла далейшая рамантычная перспектыва італьянца. Я агледзіў выбраныя парачкай пляшкі і вырашыў, што хвалявацца за цноты тутэйшай дзяўчынкі ня мае ніякага сэнсу. Што б ні было напісана на пляшках тутэйшых “марачных вінаў”, для італьянскага страўніка, сьпешчанага “К’янці Пічыні” ці “Барбарэска Сперонэ”, сэнсавая нагрузка факусавалася ў простым слоўцы “Drystun” з трохдзённай, як мінімум, вытрымкай.
Сянно,
віно,
чужынец