Куды толькі не занясуць навуковыя сьцежкі-дарожкі. Гэтым разам - у Піцер, але маршрут быў пакручасты, што дазволіла мімаходзь палюбавацца начным Віцебскам і натхніцца колішнім аптымізмам князя Альгерда, што тры разы ладзіў канферэнцыю ў блізкім Падмаскоўі))
І яшчэ троху пра Віцебск, дзе, у гістарычным цэнтры места, мяне даганяе зайздрасьць (не падумай благога - зайздрасьць мая бялюткая, як сьцены барочных бажніц). Я гляджу на адноўленыя храмы і не магу выкінуць з галавы заўсёдную хацелку - зруйнаваць дазваньня "дом з вушамі" у Полацку і адбудаваць гарадскую дамінанту - касцёл св. Стэфана, што так гарманічна вянчаў архітэктурны комплекс Езуіцкай акадэміі...
Троху начных пакутаў ад бяссоньня і вось ён - чароўны горад на Неве, што так кантрастна вылучаецца на фоне расійскага культурнага ландшафту. Піцер гэтам разам прывітаў шыкоўным сонечным надвор'ем, і гэта ўспрымалася, як сапраўдны падарунак, бо папярэднія візіты праходзілі ва ўмовах балтыцкага трэшу з моцным ветрам, дажджом ды неверагоднай сьлякотай.
Канферэнцыя адбывалася ў Расійскім этнаграфічным музэі, дзе мяне апанаваў цэлы рой разнастайных рэфлексій і назіраньняў. Як прыхільнік антрапалагічнага падыходу ў гісторыі, пачну з людзей)) Піцерскія пенсіянеркі! Яны ж - гардэробшчыцы, назіральніцы па музэйных залях, вахцёркі, прадаўшчыцы ў кніжных і сувенірных шапіках...
Калі здаеш сваю апранаху ў гардэроб, то постаць і выраз твару пажылой жанчыны аўтаматам пераконвае цябе ў тым, што ты - чарвяк зямны і ласка, якую табе робяць, роўная каралеўскай. Твае "спасибо" ў прынцыпе не бярэцца ў разьлік, і самую дробную рэакцыю з боку "каралеўны" можа выклікаць толькі расчуленае "благодарю". Для паўнаты карцінкі не хапала толькі "беламору" ад фабрыкі Урыцкага, які б дыміў у сухой старэчай руцэ з тонкімі артыстычнымі пальцамі...
Секцыю адвёў, выступіў са сваім дакладам, пасьля чаго чытаў яго на біс пад бурныя апладысменты аўдыторыі што быў прысьвечаны вобразу Ленінграда ў вуснай гісторыі падзьвінскіх беларусаў. Тэма прыкольная, бо нітуе ў сабе, як рэальныя гістарычныя падзеі (эпоха царызму, рэвалюцыя, блакада), так і фальклорна-міфалагічнае ўспрыняцьце далёкага, багатага і прыгожага горада.
Дзядзька быў, Пык звалі. А ведаеш, за што Пык празвалі? Ездзіў ён у Ленінград, купіў папярос. Беламор. І вот прыехаў ён ужэ з Ленінграду, і ходзіць: закурыць папяроску, пык-пык - і бросіць. І празвалі яго Пык
І самая галоўная забава ў вольны ад навукі час - сам горад, вулкамі і праспектамі якога можна хадзіць бясконца, бо стыль Піцера заварожвае сваёй гарманічнасьцю і прыгажосцю, вытрыманай і захаванай нават у савецкі час. Архітэктурныя шэдэўры посьціць ня буду - іх лёгка загугліш сам. А вось як этнолагу было вельмі цікава счытваць у вонкавай рэкляме праявы іроніі і адмысловага гумару піцерцаў. Там, дзе ў нас крама для мажных жанчын будзе названая "King size", у Піцеры ўбачыш - "Великие люди". І ясная справа, што ў горадзе Кацярыны Вялікай любая таўстуня зайдзе ў такую краму з ганарова ўзьнятай галавой. Ці бар "Барслона", дзе ты памылкова думаеш, што гаспадары прапусьцілі літару "е", пакуль не даганяеш, што фішка ў іншым, але ў любым разе, патэнцыйны візіцёр завісае перад такой шыльдай...
Ну пагадзіся, што класна прыдумана, каб лавіць тых, хто злавіў троху засмуты ў справах асабістых, прафесійных ці проста змэнчыўся ад зьменлівага і няпэўнага піцерскага надвор'я))
І зорнасьць Піцера - гэта людзі-зоркі, што зьнітаваныя сваімі лёсамі і творчасьцю з вялікім горадам... Іх пералічыць і блізка не магчыма, але зусім невыпадкова, што менавіта Санкт-Пецербург стаўся адным з ключавых цэнтраў беларускага нацыянальнага Адраджэньня на зломе эпох...
Дзённыя шпацыры паволі перацякалі ў вечаровыя, калі сьветлацені начнога асьвятленьня надавалі гораду здаровай містычнасці і прыцягальнасьці. І хоць Пётр І ніводнага разу не герой майго гістарычнага раману, але тут разумееш, што горад, заснаваны ім, - сапраўдны падарунак не толькі расіянам...
Веснавая піцерская казка скончылася, як толькі мая карэта апынулася на Пскоўшчыне. Але ўсё, што ні робіцца - далепшага, бо ў Пскове візуальна засьведчыў, што зіма - гэта не прыдумкі сіноптыкаў)) І такі да, у Піцер хочацца вяртацца. Прывозячы з сабою сонца, вядома :))