* * *
Сумую па зіме,
па лёдзе, сьнезе і завеі,
сумую па крыві, што дымам топіць бель,
па першых акунях з-пад лёду,
па яблыках чырвоных на шчаках,
па снах глыбокіх, бы сумёты,
дзе ёсьць усё, але зьнікае страх.
На поўначы зіма - старая песьня,
не прасьпяваеш - не павернеш кола,
і хай дзівосна так наўкола,
гуляе сонца ў сьветлацень нардычны,
але чакаеш ты стаічна,
як Бог стары пасьцеле палатно
і кужалем бялюткім урачыста
накрые нашую зямлю...