Улады Сянно вырашылі не пускаць справу на самацёк і добраўпарадкавалі дзьве крыніцы ў межах места -- "Пясчанку" і "Каплічку". Горы камяню, пліткі, бетону і жалеза. Можна падыйсьці, не замараўшы чаравікаў, лоўка набраць хоць каністру вады, падставіўшы ёмістасць пад сталёвую трубу. Толькі вось набіраць вады там чамусьці ня хочацца, нібыта і сакральную моц крынічнай вады закаталі кудысьці пад асфальт. Няма адчуваньня сьвятасьці, хоць забі. Здаецца, і папы ходзяць ды высьвянчаюць на Вадохрышча, а вось няма тае сьвятое чысьціні і сілы, па якую прыходзілі людзі яшчэ сто год таму. Тхне халодная вада мёртвым жалезам.
Гнятлівае ўражаньне падмацавала пажылая жанчына, якая, расказаўшы пра тое, як даўней хадзілі да тых крынічак людзі, як кідалі ў ваду капеечкі, коратка падсумавала ініцыятыву ўладаў: "Засралі, засралі крыніцы. Вада ўжо цяпер ня тая".