Дзісна 2019

Jul 22, 2019 18:51




Вясковымі дарогамі

Дзісна гэтак жа гарманічна перацякае ў навакольныя вёскі, як і навакольныя вёскі ў Дзісну. І размова тут не толькі пра тапаграфію - вёскі Горкі і Восьцевічы ўжо практычна зьліліся з гарадком. Як высьвятлілася, пераважная большасьць дзісьненцаў - выхадцы з вясковай ваколіцы, пра якую распавядалі натхнёна і з асаблівай душэўнасьцю. Ад звыклага вясковага фармату экспедыцыйнай працы, натуральна, не змаглі адмовіцца і мы.



Тэхналогія палявой выведкі была адпрацаваная дасканала: два экспедыцыянеры валацужнага выгляду пільнавалі мясцовую цётухну ля вясковай крамы і з галоднымі інтанацыямі пыталіся ў кабеты патрэбную інфармацыю. Баючыся, каб не адабралі пакунак з фаршам, цёця ахвотна здавала ўсе яўкі і паролі тутэйшых бабуль :))



Але галоўная праблема палягала не ў маўклівасьці бабуль. Збольшага, яны дзяліліся ўспамінамі ахвотна. У першыя дні этнаграфічнай практыкі надзвычай цяжка было раскатурхаць студэнтаў, якія баяліся задаць хоць якое пытаньне. Таму, так вось яно і выглядала: падыйдуць студэнты да бабулі, прысядуць і маўчаць, а тая гаворыць сама з сабою, дзівосным чынам адказваючы на ўсе пытаньні анкеты)))
Гэта потым ужо студэнты ўвайшлі ў смак, і ад бабуль прыходзілася адганяць, каб не запыталі да сьмерці...



А я дык і не замарочваўся. Толькі пачне бабуля гаварыць, а я ёй ласкава-ласкава: "Давайце, бабушка, памаўчым пра былое!" Пасядзім так гадзінку-другую, пакуль студэнты па суседніх хатах шастаюць, а тады душэўна разьвітаемся, радасныя ад гэткай ненавязьлівай камунікацыі.



Калі сур'ёзна, то душэўнае сьвятло і сардэчнасьць нашых дзядоў і бабуль не перастае зьдзіўляць і дагэтуль. Людзі, што перажылі жах акупацыі, пасьляваенны голад і калектывізацыю, ажно зьзяюць сваёй шчырай дабрынёю і чалавечнасьцю, а яшчэ нязломнасьцю духа, якую ня здолелі зьнішчыць ні немцы з паліцаямі, ні лясныя "абдзіралы" з паваеннымі саветамі.



"Цяжка было, гаравалі, не дай Бог! Але ж весялей жылі, дружныя былі, не так, як цяперака..." - кажа Альфрэда Міхайлаўна, і я ёй веру.



Калі казаць пра геаграфію нашых досьледаў, то яна ахапіла дзісьненскі кавалак былой "польскай" мяжы з вёскамі абапал яе. Заходні бок памежжа пазнавальны па стане захаванасьці храмаў. Хай сабе аднатыпныя "мураўёўкі", але для тутэйшага люду яны ёсьць сапраўдным сакральным цэнтрам свайго сьвету, дзе ня толькі хрысьцілі дзяцей і вянчаліся, але сьвянцілі булкі ды яйкі на Вялікдзень, купальскія зёлкі на Івана, а ў часе засухі ахвяравалі абыдзённыя рушнікі...



Іншыя вясковыя сьвятыні сталіся пазабытымі. калі пра цудадзейную Янаву крыніцу ля Чарневічаў тутэйшы люд ведае добра і ўчашчае туды на штогадовы фэст, то пра культавую крыніцу ва ўрочышчы "Крыжок", што на беразе возера Язна, мы даведаліся практычна выпадкова. Да самога месца зашкодзілі дабрацца дажджы, але гэта тая нагода, якая дазволіць сюды абавязкова вярнуцца.



Перапраўляліся і за мяжу, на "савецкі" бок, дзе аповяды старых пра вайну ды бальшавіцкія парадкі былі яшчэ страшнейшымі. Так, у вёсцы Замошша, у 1930-х НКУС арыштавала, як польскіх шпіёнаў, трох родных братоў толькі за тое, што іх сястра зайшла замуж за "паляка", то бок жыла за Дзьвіною. Высьвятлілася і прычына "нямотнасьці" савецкіх калгасьнікаў. Асабліва гаваркім, што перагукваліся са сваякамі цераз раку, таксама шылі шпіёнскія артыкулы...



І хай бракавала нам катастрафічна сонечных дзён, і ліпень быў неласкавы сваім надвор'ем, але дзясяткі вясковых людзей, што гасьцінна нас прымалі, не падзяляючы на "рускіх" і "палякаў", "усходнікаў" і "заходнікаў", апрача мноства неверагодна цікавых гутарак, давалі пэўнае і трывалае адчуваньне, што мы ў свой час і на сваёй зямлі.
Як каласы. Што будуць вечна пад сярпом тваім...

поле, Дзісна, вёска, экспедыцыя ПДУ

Previous post Next post
Up