Глыбоччына

May 30, 2019 21:17




Сёньняшняя палявая выправа на ўсход Глыбоччыны не магла быць правальнай па вызначэньні, бо знак, дадзены на пачатку маршруту, меў выключна пазітыўнае прычытаньне. Калючы знак быў зафіксаваны фотаздымкам і беражліва перанесены з дарогі ў бясьпечнае месца))



Так яно і сталася. Дзяды і бабулі шчыравалі ад душы пра ўсякае-рознае: першыя і другія саветы, акупацыя, партызанка, народная медыцына, царква, што ўвалілася ў азяро, валатоўкі, у якіх пахаваны "нейкі паганскі народ". І распавядалі так цікава, што паслухаць падцягваліся ня толькі калегі-этнографы, але і мясцовыя каты))



Не менш каларытнымі былі і старыя вясковыя фота, якімі падзяліліся людзі. Бо за простымі чорна-белымі карткамі - нямотнае і сьляпое для нашай афіцыйнай гістарыяграфіі жыцьцё паваеннай беларускай вёскі. Жыцьцё нашых дзядоў і бацькоў...



Нават лішне казаць, хоць і адзначыць немагчыма, пра тое, што суворая прыгажосьць тутэйшых людзей гарманічна і спрадвечна спалучаецца з суворай прыгажосьцю тутэйшай прыроды. Выдатным па настроі і плённым па выніках атрымаўся дзень. Хай гэткім будзе і лета.

экспедыцыя, поле, Беларускае Падзьвіньне

Previous post Next post
Up