Поле

Apr 07, 2019 17:58




Час насьпеў, поле кліча, людзі чакаюць, хоць самі пра гэта і не здагадваюцца. Але, гэта ўжо стала звыклым, калі на разьвітаньне старыя шчыра дзякуюць за цікавасьць да іхняга жыцьця. Нібыта звычайнага, вясковага, але направер - драматычнага, трагедыйнага, дзе боль у кожным другім сказе. Толькі, як гэта не парадаксальна, радасьці,  сьвятла і цёплай чалавечнасьці ў гэтых аповядах таксама даволі.



І крок за крокам, ад вёскі да вёскі, ад хаты да хаты, вось ужо 27 год вымяраю сабой сваю Бацькаўшчыну, чытаю найцікавейшую кнігу ў сьвеце, якая ніколі ня скончыцца, якую ніколі не дачытаць да канца...



А загадак, таямніц і цікавостак на старонках гэтай вечнай кнігі - процьма, і кожны новы палявы сезон прыносіць новыя. Вось, да прыкладу, невялічкі пагорак-кругловінка - нічога незвычайнага. Але ж не, гэта "Французская горка", якую насыпалі шапкамі жаўнеры Вялікай арміі...



А тады Валянціна Іванаўна, знахарка, да якой едуць ажно з Піцера, спакойна дабавіць якаснай беларускай рэчаіснасьці: "Дамавік - ён такі, як кот.  А жывець на гарышчы ля коміна. Як палюбіць хазяіна, дык ён тады ня ўрэдны, харошы. Толькі яму нада малачка ставіць у місачке. Дамавік малачко любіць..."



Крыніцы, ручаіны, рэчкі, рэкі і азёры... Міжволі спынішся на беразе, каб адчуць, як пульсуе адвечнымі рытмамі твая зямля.



І нават калі сонца, хаваецца за хмарную дымку, гэта не парушае гарманічнага ладу, які здабыў, выхадзіў, выгаварыў, угледзіў, адчуў на палявых сьцежках-дарожках. І каралеўскія белыя птахі, як візітоўка Благавешчання...



І хай вясна, перадусім, цешыць душу...

вясна, поле, Падзьвіньне

Previous post Next post
Up