Мядовы Спас ці Макавей, сьвята шанаванае і смачнае, бо мак і мёд ня толькі асьвячалі ў храме, але і выпякалі зь імі розных прысмак. Пчаляры аглядалі пчолаў, частавалі мёдам сябрыну, а дзеўкі ў гэты дзень варажылі ці зьвязецца выскачыць замуж у агляднай (гадавой перспектыве).
У сучасным Полацку Мядовы Спас - гэта, найперш, кірмаш пчаляроў, на якім месьцічы могуць набыць чароўнага бурштынавага нектару на любы густ.
Пчаляры з Полаччыны, Вушаччыны, Мёршчыны, Дрысеншчыны... Мёд у сотах, зацукравелы - гэта ўжо першай гонкі, найсьвяжэйшы, усіх магчымых адценьняў бурштыну і з водарам, што зносіць дах напамінам пра чароўнае разнаквецьце Паўночнай Беларусі.
Гандаль ідзе бойка, у прадаўцах і купцах нястачы няма. Кошт стандартны - 7 рублёў за паўлітровы слоік. Але заўважыў, што закупаюцца мёдам, найперш, людзі сталага і пажылога веку, якія ведаюць перавагу мёду над цукрам, а вось пакаленьне чупа-чупса вялікай цікаўнасьці да эліксіра жыцьця не выяўляе...
Вядома, сьлінькі да бяспамяцтва распускаць ня трэба і, калі бачыш "грачышны мёд" з Вушаччыны - проста пасьміхніся ды шыбуй далей. Увогуле, чым меней вонкавай рэклямы каля слоікаў з мёдам, тым болей шанцаў набыць 100% натуральны прадукт.
Я ж, хоць і закупаюся ў знаёмага пчаляра (за год спажываю каля 4 кг), не стрымаўся і набыў слоічак ляснога мёду ў каларытнага дзядзькі з Расоншчыны - самага ляснога раёну Беларусі, дзе нарвацца на рапсавы ці грачышны мёд немагчыма, дый тамтэйшыя людзі - суворыя і праўдзівыя - бадзяжыць мёд звычкі не маюць.