EESTI

Feb 18, 2018 09:35




*      *      *
Каб, дружа ты мой, не склалася ўражаньне, што шлындаю тут бязмэтна па вуліцах буржуазнай Эстоніі, аб'ядаюся прысмакамі ды лынды б'ю, калі суайчыньнікі сваёй ударнай руплівай працай набліжаюць 100-годзьдзе БНР, напішу колькі словаў пра свае нялёгкія будні.
На здымку - адзін з будынкаў Эстонскага літаратурнага музэя, дзе я і праходжу стажыроўку.



*      *     *
Эстонскі літаратурны музэй - вялікая навуковая ўстанова, якая ўключае ў сябе навуковыя аддзелы, бібліятэку і архіў. Калі праводзіць паралелі, то ЭЛМ - гэта адпаведнік нашаму акадэмічнаму інстытуту. Слова "літаратурны" хай не ўводзіць у зман, бо літаратура тут разумеецца гранічна шырока, у сукупнасці з уісм фальклорным багацьцем Эстоніі. Якое там фальклорнае багацьце ў маленькай Эстоніі? А я табе скажу...



*      *     *
Пачынаць, безумоўна, трэба з волата эстонскай фалькларыстыкі і нацыянальнага адраджэньня Якаба Хурта (1839-1907). Выхадзец з сялянскай сям'і, Якаб здолеў атрымаць бліскучую адукацыю ва ўніверсітэтах Тарту і Санкт-Пецербугра, і ўвесь свой імпэт і жыцьцёвую энэргію ськіраваў на зьбіраньне і вывучэньне эстонскага фальклёру. Зробленае гэтым чалавекам уражвае надзвычай і паралелі з беларускімі фалькларыстамі мне правесьці цяжка. Якаб Хурт здолеў мабілізаваць для запісаў фальклору звыш 1400 (!) чалавек па ўсёй Эстоніі, якія ў выніку запісалі 262 000 адзінак фольку розных жанраў, што склала 122 000 старонак тэксту (170 тамоў)!!! Акрамя таго, Якаб Хурт стаў адным з арганізатараў Эстонскага сьвята песьні, што адыграла ролю моцнага каталізатара абуджэньня нацыянальнай сьвядомасьці і паўставаньня эстонцаў як нацыі.



*       *      *
У архіве ў дастатковай колькасьці ёсць і фальклор "рускамоўнага" насельніцтва Эстоніі, а таксама Пскоўшчыны, прынамсі вусная творчасьць рускіх старавераў. Сам архіў утульны, працаваць зручна і ненапружна...



*       *       *
Мяне прадметна цікавіць неказкавая проза - легенды, паданьні пра скарбы і храмы, што праваліліся пад зямлю, былічкі пра чартоў ды розных нячысьцікаў... Вось сяджу і капаюся ў даваенных і пасьляваенных картках... А 20-га буду выступаць з дакладам і прэзентацыяй на тэму "Сакральная гідраграфія Паўночнай Беларусі". Пажадай мне, каб... людзі хаця б напалову зразумелі, пра што я ім буду гаварыць :)

Эстонія, фальклёр, падарожнае, навука, сказы

Previous post Next post
Up