* * *
Як любы нармальны еўрапейскі горад, Тарту атабарыўся на берагох ракі. Раку зваць Emajogi, што з эстонскай азначае "Маці-рака". Ну, калі параўноўваць з Дзьвіной, дык будзе недзе разы ў тры меншай, але ж і Эстонія не Беларусь - краіна маленькая, таму не чапляйся. Рака мае некалькі назваў, бо хто толькі не тусіў на гэтых берагах. Рускія перайначылі эстонскую назву на свой капыл - Амоўжа, латышы абазвалі Мэтра, а немцы - Embach.
* * *
Але ж ты ведаеш, калі я бачу лёд, то хлебам не кармі - мне трэба на яго выпаўзьці. Задумана - зроблена, пад жаласьлівыя крыкі мінакоў, паліцэйскія сьвісткі і сірэны хуткай дапамогі абыякавая погляды падлеткаў, што расьпівалі віскар проста з рыльца, запіваючы колай, я спакойна перасёк рэчку. Лёд быў жалезабетонны, але...
* * *
Але троху далей я пераканаўся, што трываласьць тутэйшага лёду - справа ўмоўная. Праваліцца пад лёд у цэнтры Тарту - гэта быў ба незабыўны прыкол, - падумалася мне.
* * *
Што да тлустых і лянотных качак і селязьнёў, што вымагалі жраку на беражку, то ніякага замілаваньня я ня меў - адно раздражненьне і недаўменьне: навошта я купляю мяса на кірмашы, калі яно тут у вольным доступе?
* * *
Але меў я ад эстонскіх знаёмых зусім іншую наводку. А як убачыў, братка ты мой, сэрца шалёна закалацілася, камяк горла прыціснуў, сьляза настальгічная і гарачая пакацілася па няголенай шчацэ! Зімовая рыбалка! І чалавек, які займаецца сапраўднай мужчынскай справай, а не перакладае паперкі ў фальклорным архівве! Ты толькі зацані, колькі шчасьця на твары!
* * *
Паразумеліся зь дзядзькам лёгка і нязмушана, бо рыбакі ж, а не нейкая там інцелягенцыя, што на траіх чатыры партыі створыць і тут жа свару завядзець. Рыбу мясцовыя ловяць не на рэчцы, але на канале Аннэ, што побач зь ёй. Бярэцца, у асноўным, ладная гусьцяра, зрэдку - плотка ды невялікі акунь. Але ці многа трэба для шчасьця, калі дадому ўсяго 5 хвілін ісьці?
Ты ўжо выбачай, мой дружа, што сёньня без архітэктуры і помнікаў, але ёсьць рэчы важнейшыя за мёртвую цэглу ці бронзу.