Міхал Амнепадыстаў

Jan 24, 2018 16:34




Заўчасна пайшоў ад нас выдатны і тонкі, паводле свайго беларускага сьветаадчуваньня, Майстра.
Але з намі, як назломная вера ў калядны цуд, застаюцца словы і вобразы Мастака.

Чаканне Калядаў

Мы чакалі Калядаў з маленства
І ніяк не маглі дачакацца
Тату трэба было на работу
Маці трэба было на працу

А Гагарын ляцеў на ракеце
Па-над нашым дваром ды садам
Мы глядзелі усьлед са зьдзіўленьнем
І міжволі чакалі Калядаў

Мы ўвосень падпальвалі лісьце
Мы ўзімку хварэлі на глянды
І прыклаўшы далоні да вуснаў
У цямрэчы чакалі Калядаў

Мы пісалі ў школе дыктоўкі
Нас вадзілі глядзець на парады
Прафсаюз выдаваў карамэлькі
Мы бралі і чакалі Калядаў

Нам даводзілі, хто мы і што мы
Нас вучылі выконваць загады
Нам казалі, ды мы ня чулі
Мы ўпотай чакалі Калядаў

Мы рабілі высновы хутка
Мы павольна сьпявалі баляды
Мы на злосьць валасы расьцілі
І ўпарта чакалі Калядаў

Што з таго, што ўсё гэта зьнікла
Быццам бурбалкі ад ліманаду
Засталіся сям'я ды дзеткі
Засталося чаканьне Калядаў

Засталіся сябры ды праца
А адзін, дык «вабшчэ» ў Канадзе
Мы на сьвяты дашлем паштоўку
Будзем разам чакаць Калядаў

Позна ў вечары посуд памыем
І пакінем, каб сохнуў на тацы
Мы чакаем Калядаў з маленства
І ня можам ніяк дачакацца

Previous post Next post
Up