Nov 04, 2017 22:59
Ідучы мярзотным непагодным надвячоркам з далёкага супермаркета і цягнучы цяжаленныя торбы, лепш заўсё строіць творчыя планы - грэюць душу пад халодным ветрам. Збудуцца ці не збудуцца - павырашаем з сівабародым Дзедам, але памарыць прыемна. Гэтым разам думалася пра кнігі. Магчымыя. Ненапісаныя. Не, не, не дзеля ўсялякіх прэмій! Бо я далёка не прыхільнік калялітаратурнага срачу, гэтак любімага ў тутэйшых краях. Так, дзеля душы, каб пісалася з асалодай. У шчыры кайф!
Першай была б навуковая, як і апошняя, зрэшты (цяжка спыніцца ў прыёме пісьма). Пра што? Пра тое, што ўсе любяць. Калі не любяць - паважаюць. Калі не паважаюць - губляюць. Калі не маюць - жадаюць. Болей не скажу - ідэю стырыце :)
Другая кніга, натуральна, будзе мастацкая. Бо, ведаеш, які гемарой растаўляць усе гэтыя спасылкі, афармляць сьпіс літаратуры па правілах ВАКа? Навуку прэч! Палціньнік жа будзе на носе і галава сівая... Толькі "нятленкі"!
Тэма? Мужчына і Жанчыны. Пра гэта чытаюць усе чытачы з рознымі полавымі прыкметамі. Дый сюжэт прыдумляць ня трэба - проста прыкупіць таблетак для памяці, на ўсялякі выпадак. А можа, пісаць такую кнігу ў 70 гадоў? Але ж тады, халера, грошай на таблеткі ня хопіць, і ня толькі для памяці:)
Кніга, без якой мне не абыйсьціся - "Поле". Я тут не пра "рускае поле" і не пра камбайнёраў. Так этнографы і фалькларысты называюць свае экспедыцыі па беларускіх вёсках. Ужо зараз за плячыма 25 гадоў таго "поля", больш за 400 вёсак, якія абыйшоў нагамі, кіламетры пройдзеных дарог не лічыў, як і сотні-сотні людзей, зь якімі пагаварыў. Думаю, будзе яшчэ больш.
Кажаш, вясковая парахня, нікому не патрэбныя байкі? Дык вось, дружа мой, што з Мінску не вылазіш, ні хера ты сваё краіны не ведаеш. А я пра яе табе раскажу. Бо калі вымяраеш краіну нагамі, а не на "Мэрсе", пачынаеш разумець яе як сын, а не залётны фацэт. Да, і не хвалюйся, кніжка нуднай не будзе - дзясяткі вясковых апавядальнікаў куды больш таленавітыя, чым сотні гарадскіх пісак.
Уф, дапёр торбы да сваёй кватэры. Аж узмакрэў ад такой дарогі і няслабых мараў :)
кнігі,
мара,
дзень