У шэрасці дзён, пад занудным восеньскім дожджыкам няма ні настрою, ні жаданьня ўглядацца ў панылыя тутэйшыя краявіды. Але варта толькі бліснуць сонцу на небе, як вокамгненна аджываюць сакавітыя фарбы восені, калі прыгажосьць можна ўбачыць у звычайных качулках саломы.
А кантрасты, якія стварае сонца разам з дажджавымі хмарамі, проста выносяць мозак сваёй эпахальнай урачыстасьцю.
Зеляніна, золата, блакіт... Ідучы вясковым прасёлкам, ціха мурлыкаеш сабе пад нос падарожную песеньку і млееш ад навакольнай прыгажосьці і цудоўнага настрою...
А на разьвітаньне - пацалунак нябёсаў - вясёлка. У сярэдзіне кастрычніка гэткае дзіва ёсьць сапраўдным падарункам і добрым знакам на дзень наступны.