Графіку Валерыя Славука ўпадабаў, як толькі ўбачыў ягоныя ілюстрацыі да першага выданьня "Шляхціца Завальні..." Яна Баршчэўскага. Містыка Беларускай Поўначы, таленавіта і па-мастацку сатканая ў літаратурнае палатно спадаром Янам, вобразна аджывала чараўнікамі, нячысьцікамі, карузьлікамі, тутэйшымі мужыкамі і паненкамі, душэўна намаляваных спадаром Валерам. І калі перачытваю Баршчэўскага, углядаюся ў сакавітыя вобразы, створаныя Славуком, увесь час думаю, што экранізацыя "Шляхціца Завальні..." яшчэ наперадзе. Ведаю, што ёсьць "мыла" з Гасьцюхіным у галоўнай ролі, але гэты трэшак глядзець нікому не раю. Мусі аб'явіцца сапраўдны кінамастак, гэта важна. Але найперш, шчыры патрыёт Крыўі, які тонка адчувае суворую прыгажосьць сваёй Бацькаўшчыны і верыць ў яе міфы.