Беларуская ягада

Jul 04, 2017 20:46




Беларуская ягада - жанчына, якая зьбірае беларускія ягады...

У аўтобусе назьбіралася чалавек пяць, але дзьве асобы прыкметныя - бабці-прамысловікі. У гумовіках, штармоўках, з пляцакамі і вядзерцамі. Такіх не перашыбеш, такім дарогу не пяройдзеш. Пакуль палітыкі таўкуць гаўно ў ступе, яны дастаюць практычную карысьць з любові народа да сваёй роднай зямлі.
Балбаталі без супынку, бо сяброўкі, а паралельна яшчэ і канкурэнткі. Але я такую балбатню паслухаць люблю. Праз 20 хвілін дарогі я ўжо ведаў, як урадзілі суніцы ў ваколіцах вёскі Т., якія прагонозы на ліскі, брусьніцы, журавіны, і чаму сёлета ня трэба чакаць чарніцаў.
Шафёр, іхны даўні знаёмца, бо трымае гэты маршрут за сабой, улінуў алею на агонь: Маўляў, усіх, хто прадае ягады ці грыбы на кірмашы, чакае каразн ад падатковай. Далей на ўвесь салон загучалі эўфемізмы з густой мацернай прысыпкай: "Ён", "лысы", "чорт" і бля-бля-бля. Зрэшты, бабці былі настроены ваяўніча. "Хера ім з маслам, я прадавала і прадаваць буду!" Тут скажу, што цалкам на баку нашых жанчынак, бо ведаю, што такое - назьбіраць хаця б літр сьпелых суніцаў.
Дзьве цёткі, чыноўніцы мясцовага разьліву, што ехалі да сельсавету, перад тым як выйсці, нешта мяўкнулі, што "закон адзін на ўсіх", ці нешта такое, чаго беларусы страшэнна ня любяць. Жвавейшая бабця зрэагавала ісгненна: "А вы, дзевачкі, гаварыце так, патаму шта завідуеце. Самі задніцы адгадавалі, што і да лесу дайсьці ня можаце!". Цёткі выскачылі з аўтобусу, нібы зьлітыя кіпнем. А я дык атрымаў порцыю шыкоўнага настрою. 

лес, ягады, падарожнае, Полаччына

Previous post Next post
Up