Зімнік - гэта зімовая дарога па лёдзе ракі ці азяра. Для Паўночнай Беларусі гэтыя сезонныя транспартныя артэрыі былі і ёсьць надзвычай важныя, бо істотным чынам скарачаюць і спрашчаюць наземны шлях. Адным з першых рамантычна напісаў пра лядовую дарогу Ян Баршчэўскі. Менавіта па застылай Нешчардзе, праз непагадзь і завею трапляюць у сядзібу Завальні падарожныя людзі, каб усю ноч за гасьцінным сталом цешыць гаспадара дзівоснымі аповядамі і надзвычайнымі прыгодамі.
У міфічныя і залатыя часы майго дзяцінства, калі сьнег быў бялейшы, а мароз мацнейшы, чым цяперака, на застылых азёрах рыбакі болей ездзілі на машынах, чым тупалі пешкі. Дый дзе ты находзішся, калі тое азяро 5 ці 8 кіламетраў уздоўжкі? Праўда, і ў тыя часы былі людзі, што панічна баяліся соўкацца па рачным ці азёрным лёдзе, хай ён і быў амаль метровай таўшчыні. Памятаю, як мы са школьным сябрам карысталіся з гэтае боязі свайго аднакашніка і пераводзілі яго цераз Дзьвіну за пачак даражэзных (1,5 рублі!) цыгарэт "Bond". Натуральна, што, ідучы па белым бетоне, мы ўсяляк уздымалі кошт сваёй паслугі, наперабой пераказваючы жудасныя гісторыі пра зімовых тапельцаў, што пайшлі пад лёд, а ўсплылі толькі пад Рыгай.
Сёньня ж сапраўднасьць зімы ў межах горада вымяраецца фактам таго, ці зьвязаны дзьвінскім зімнікам Цэнтр з Задзьвіньнем. Зімнік ёсьць. Блішчыць на сонцы, як срэбраная жыла, адшліхтаваная мноствам ног. Значыць, і зіма сёлета - сапраўдная.