Быў калісьці ў мяне пост пра беларускую традыцыйную культуры. Дакладней, пра яе разнастайнасьць у плане выяўленьня і скрайнюю выбарачнасьць сёньняшніх аматараў народнай спадчыны. Пра тое, што сучасны чалавек забірае вышыванкі, купалкі, вясьнянкі ды іншыя прыемныя і прыгожыя рэчы, а пра астатнія рэаліі традыцыйнага жыцьця-быцьця і ведаць ня хоча. Напісаў быў, што нашыя любімыя бабулькі ня толькі цудоўна піялі каляндарныя песьні і ткалі прыгажэнныя ручнікі, але, паміж іншым, кацят у мяху тапілі ці прыкопвалі за хлявом. Лішніх. О, як зараўлі аматары мімішных коцікаў! Але ж вядзецца не пра сьляпыя паўторы, а пра тое, што ментальнасьць і сьветапогляд панасіць не дасі. Можна сто разоў правільна вышыць кашулю і бездакорна сьпяваць аўтэнтычны фальклёр, але ад гэтага чалавекам Традыцыі ты ніколі ня станеш. Мы пільнуем стыль і гэта вельмі важна ў дні сёньняшнім, безаблічным і абыякавым. Але скапіяваць лад жыцьця ўжо ніколі ня зможам. Дый ня трэба. Супольны выезд на камфортным аўтобусе да купальскага вогнішча тут не ўлічваецца. Мы знаходзім новыя сэнсы і функцыі ў рарытэтах нашай спадчыны. І гэта добра, бо пажаданьне "каб жыта капой" ад калядоўшчыкаў у гарадской кватэры губляе свой просты сэнс і жыве толькі праз ўсялякія інтэрпрэтацыі.
Як не парадаксальна, але трывушчасьць і жыцьцяздольнасьць любой традыцыі - гэта яе здольнасьць да разьвіцьця і зьменаў. Рабіць з Традыцыі мёртвае, нерухомае божышча - проста абсурдна. Бо ні адзін з прыхільнікаў такога падыходу не адкажа на простае пытаньне: дзе эталон? Бронзавы век, VII ці ХІХ стагодзьдзе? Ну, і лішне казаць, што людзі VII стагодзьдзя спалілі б нафіг усіх сёньняшніх прыхільнікаў традыцыі за неадпаведны лад жыцьця і за здраду жывым коням на карысьць жалезных.
Напісанае вышэй можна лічыць своеасаблівай затраўкай дыскусіі, якая плануецца ў рамках тэматычнай сэкцыі на Міжнародным Кангрэсе дасьледчыкаў Беларусі ў верасьні 2017. Ськідай кітайскі пухавік са сваёй вышыванкі і далучайся!
І невялічкая палявая разынка ў фінале. Лічы, тэст на традыцыйнасьць. Пачытай, прыкінь, што б ты рабіў.
“Дык я ж сама, што во была зрабіла. Чысты чэцвер, а ў мяне лягушка ў хаце. Адкуль яна бралася? Хата закрытая, у хаце ўся прыбрала… Я злавіла гэту лягушку, і ні знаю, што з её зрабіць. Алі я ўжо чула, што лягушкі - гэта гэткія ўжо во, ператвараюцца ў лягушку і врадзяць. Паставіла на ганак, нагой прыціснула і дзяржу. Узяла спічкі каб запаліць, а яна так глядзіць, вочы вытараўшы. Запалю - у адно вока спічку, тады - у другое. Кажу: “Мая ты лягушачка, прасці, калі ты добрая ды проста да мяне папала, а калі не, дык нехай гэта будзіць таму, хто гэта рабіў”. І апяць так поркала ў вочы.
Гэтак раніцай я іду на работу, забеглася я чаго да Зосі, а яна стаіць і вочы ў яе апухшы. Ай, во не магу на свет глядзець! - яна мне. Дык да доктара, - гавару, - едзь. А яна: можа пройдзець, - гаворыць.
А я ні гавару, што я во гэтак зрабіла, не прызнаюся. Послі работы я яе зноў сустрэла, а яна: во, не магу глядзець, на свет! Гэтак во вочы каб балелі. Завязаўшы яна была хустку аж на вочы. Як ей там палепшыла, алі ж я чуствавала сябе вінаватай. Алі ж чаго гэта лягушка прыхадзіла? Відна, направіла яна яе была”
Докшыцкі р-н