Цяжка сабе ўявіць восеньскія колеры краіны без высьпелых чырвоных рабінавых гронак. Але вобраз рабіны ў традыцыйнай карціне сьвету беларусаў даволі супярэчлівы. Як і каліна, гэтае дрэва мае выразную жаночую сімволіку і ў фальклёры ягонае паходжаньне зьвязана з гаротным лёсам жанчыны, якая і сталася рабінай. У больш позьняй версіі легенды прысутнічаюць хрысьціянскія матывы: чырвоныя ягады рабіны - гэта крывавыя сьлёзы Евы, выгнанай з раю. У больш шырокай перспектыве рабіна сімвалізавала нешчасьлівую жаноцкую долю, прынамсі ў сямейным жыцьці, што і адлюстравана ў песенным фальклёры.
"А рабіна, рабінушка, кудравае дзераўца,
Ой, люлюшкі-люлюшкі, кудравае дзераўца.
А загінула, стоячы пры моху, пры балоцечку,
Пры моху, пры балоцечку, пры торнай дарожачцы.
А малодка маладая загінула жывучы,
Пры худой худачынаю, за малою дзяцінаю"
Да дрэва было перасьцярожлівае стаўленьне, бо яно лічылася помсьлівым і нават небясьпечным для чалавека. У прыватнасьці, забаранялася сячы ці ламаць рабіну, бо тая магла адпомсьціць чалавеку калецтвам альбо нават сьмерцю. Нельга было садзіць рабіну ў якасьці сялібнага дрэва, бо, як меркавалі, гэта прывяло б да сьмерці кагосьці з сям'і. Беларусы Віцебшчыны меркавалі, што калі вельмі шчодра цьвіце рабіна і мае празьмерна ягад, то збожжа ў гэты год будзе кепскім.
З другога боку, да рабіны зьвярталіся па дапамогу пры зубным болю. Хворы йшоў да дрэва і абяцаў таму ніколі яго ня біць, не ламаць, і не спажываць ягад. Выламывалася невялічкая трэска, клалася на хворы зуб, а пасьля вярталася на тое месца, адкуль была выламлена. З дапамогай рабіны ўсталёўвалі кантакт з прадстаўнікамі тагасьвету, калі існавала патрэба заручыцца іх падтрымкай. На Берасьцейшчыне, калі карова пачынала даваць меней малака, у яе выстрыгалі троху поўсьці і несьлі яе пад рабіну, каб дамавы аднавіў удойнасьць.
Па колеравай аналогіі навальнічная ноч з маланкамі і пярунамі, што звычайна адбывалася дзесьці пасьля Ільлі, мела ў беларусаў назву "Рабінавая ноч". Лічылася, што ў гэты час Ільля палюе на нячысьцікаў сваімі стрэламі. Каб нячысьцік не схаваўся дзе ў сядзібе, сяляне палілі сьвянцоныя зёлкі і выганялі катоў з хаты, бо чорт любіў прымаць выгляд гэтай жывёлы.
Калі ж табе фальклёрныя байкі не цікавыя, то ведай, што па колькасьці вітаміну С рабіна пераўзыходзіць лімоны, а па ўтрыманьні караціну дасьць фору моркве. Астатні вагон карыснасьцяў можаш пагугліць сам, але помні, мой рацыянальны сябра: ня бі, не сячы, не ламі рабіну! На ўсялякі выпадак.